Кветка маку на тканіне.

У вышыўцы галоўнае, каб душа расхінулася.

У вышыўцы галоўнае, каб душа расхінулася.

Зайшоўшы ў хату да Аляксандры Праташчык з вёскі Старыя Дарогі, адразу адчула прыемны пах ад напаленай печкі, хоць на дварэ і стаяла лета. Праўда, дажджлівае і халоднае. А тут было вельмі ўтульна і цёпла. Не толькі ад печкі, але і ад рукатворнай прыгажосці, якой былі абвешаны ўсе куточкі. Вышываныя ручнікі, дываны, сурвэткі...

Раней як было? Вышывалі ў кожнай хаце. Ужо ў гадоў 9—10 дзяўчынка па-майстэрску валодала іголкай і ніткай.
— Мама вышывала, ткала, і я глядзела на яе, — расказвае 68-гадовая Аляксандра Аляксееўна.
Вышывалі дома, вышывалі і на вячорках, асабліва ўзімку, чаргуючы шытво і прадзіва з танцамі, спевамі ды жартамі. Арнаментам упрыгожвалі і вопратку, і бытавыя рэчы. Не вышываць проста не маглі. Тканіны, арнаментаваныя вышыўкай, былі абавязковым атрыбутам сямейных і каляндарных свят.
Вядома, найбольшай папулярнасцю вышыўка карысталася ў другой палове XIX — пачатку XX стагоддзя. Аднак узнікла яна нашмат раней. Кажуць, вышывалі яшчэ да нашай эры — на скуры жывёл ніткамі лёну, канопляў, бавоўны, шоўку, воўны, а яшчэ натуральнымі валасамі і жыламі жывёл.
Канечне, сёння карыстаюцца менш вычварнымі матэрыяламі.
— Цяпер у крамах такі выбар нітак! — радуецца бабуля Аляксандра. — Ды ўсе такія яркія, прыгожыя, што нават настрой большы вышываць. А раней былі мулінэ — бледныя ды недаўгавечныя. Памыеш, яны і паліняюць. Былі і шарсцяныя — раскідалі кофты, дзіцячыя штонікі, хусткі спецыяльна куплялі. А цяпер, гляньце, у мяне цэлая пушка нітак і розных колераў.
— Ды і ўзоры раней былі прасцейшыя, — кажа Аляксандра Аляксееўна. — А сёння гэта такія яркія птушкі, дзіўныя фігуры і, вядома, пышныя кветкі — макі, ружы, півоні!..
— Узоры перамалёўвалі са шпалер, — расказвае майстрыха. — Адна ў адной падглядалі. Але абавязкова ўносілі штосьці сваё. Што тычыцца сімвалаў, дык у вышыўцы яны не так моцна праяўляліся, як, напрыклад, у ткацтве. Галоўнае, каб  душа расхінулася... Тады і прыгажосць атрымаецца.
Бабуля Аляксандра вышывае амаль штодня. Не толькі для сябе. Але і для выстаў. Часам папросіць хто, дык яна за радасць вышые каму ручнічок ці сурвэтку.
— Сумна быць адной. Асабліва зімой. Сяду пад акном і вышываю, пакуль сонца не спадзе, — расказвае майстрыха. — Ручнік дык і за тыдзень магу вышыць. Дарэчы, вышываныя ручнікі сёння сталі вельмі папулярнымі. У нашай мясцовасці без іх ні адно вяселле не абыходзіцца. Ручнік патрэбен і пад каравай, і пад ногі маладым, і сватам на грудзі.
Ды і без вяселля сёння вышыўка карыстаецца вялікай папулярнасцю. Ручной вышыўкай можна ўпрыгожыць адзенне, аксесуары, надаць рэчам індывідуальнае аблічча. Вышытыя карціны, пано, сурвэткі, падушачкі, мяшочкі, ручнікі і нават віншавальныя паштоўкі — усё гэта можа ўпрыгожыць інтэр’ер вашага дома, стаць выдатным падарункам для сяброў і блізкіх ці нават стаць спосабам дадатковага заробку.

Нагадаем, дарэчы, што афіцыйна стаць сёння рамеснікам можна без вялікіх складанасцей. Рамеснікі нават падаткам не абкладаюцца. Так што сачыце за рубрыкай “З бабулінага куфра”, спрабуйце свае сілы ў традыцыйных беларускіх промыслах, тварыце на здароўе ды радуйце пакупнікоў сваімі шэдэўрамі. А сёння мы дэманструем майстар-клас па вышыўцы гладдзю ад бабулі Аляксандры Праташчык. Хто лепш навучыць гэтаму рамяству, як не чалавек, які вышывае з дзяцінства?!

1 Каб вышыць узор, патрэбны тканіна, пяльцы, аловак, іголка і  ніткі, лепш яркія. Трэба пастарацца, каб колеры спалучаліся адзін з адным.

 

2 Тканіну нацягваем на пяльцы. Неабходна сачыць, каб яна не спаўзала і была добра замацавана. Малюем алоўкам узор. Хтосьці пераносіць узор з паперы, хтосьці малюе адразу на тканіне. Які ўзор выбраць — майстар вырашае сам.

 

3 Калі малюнак гатовы, пачынаем вышываць. Звычайна з сярэдзіны кветкі, але не з самага цэнтра. Калі вы плануеце зрабіць кветку ці лісточак з адценнямі, то пакіньце месца для ніткі іншага колеру. Ніякіх вузялкоў не робім. Канец ніткі схаваем пад узорам.

 

4 Вышываем васьмёрачкай. Такім чынам, каб ніткі шчыльна прылягалі адна да другой. Атрымліваецца гладзь.

 

5 Калі мы скончылі з ніткай аднаго колеру, прасоўваем яе канец пад узор, які ў нас атрымаўся. Лішняе абразаем.

 

6 Бярэм нітку іншага колеру — крыху святлейшага ці цямнейшага. І тым жа самым спосабам запаўняем пустую прастору.

 

7 Паўтараем тое ж самае з іншымі дэталямі нашага малюнка.

 

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter