У Магілёве беспрацоўная жанчына з дзецьмі прынцыпова не плаціць за арэнднае жыллё

Квіток у невядомасць

Паўгода таму магіляўчанка Галіна Паўленка, на думку многіх, хто стаіць у чарзе на жыллё, быццам латарэйны білет выцягнула: адной з першых у горадзе атрымала арэндную кватэру ў доме па вуліцы Куцепава. Прэтэндэнтаў было шмат, але перавагу аддалі ёй, маці з двума дзецьмі-школьнікамі. Толькі вось, як высветлілася літаральна праз некалькі месяцаў, плаціць за жыллё гаспадыня і не збіралася. Калі за камунальныя паслугі хай сабе з перабоямі, з напамінкамі, яшчэ неяк разлічвалася, то непасрэдна за арэнду грошы не пералічыла ні разу. Не хоча, як з яе ж слоў вынікае, мільён рублёў на вецер пускаць. І ўвогуле, даводзіць трыццацігадовая магіляўчанка, дзяржава павінна клапаціцца аб сваёй будучыні, а таму маці з дзецьмі не мае права выкінуць на вуліцу. 


Пытанне ў адказ на пытанне, зацягнутыя паўзы, павышаныя ноткі — мая размова з Галінай ніяк не клеіцца. Але свой статус беспрацоўнай яна, тым не менш, абгрунтоўвае вельмі нават дакладна: спалучаць працу ў магазіне і абавязкі маці ёй, маўляў, надта цяжка, вось і звольнілася. На што жыве? На аліменты. Толькі іх на плату за камунальныя паслугі і арэнду не хапіла: асноўны доўг амаль 6 мільёнаў рублёў, пеня — яшчэ больш. Ёй, дарэчы, прапаноўваюць розныя варыянты разлікаў, стараюцца працэс гэты расцягнуць па часе, але дарэмна — пазіцыя ў жанчыны прынцыповая.

Старшы памочнік пракурора Магілёва Алена Шумейка тлумачыць мне, што неплацельшчыца Паўленка далёка не адна такая ў горадзе. Вось зараз пракуратура разглядае іскавую заяву суда да сям’і Дваранковых. Яны таксама за арэндную кватэру плаціць аніяк не хочуць. Цікава, што з траіх дарослых, якія ў ёй зарэгістраваны, працуе толькі зяць 53-гадовай наймальніцы Надзеі Іванаўны. Магчыма, таксама жывуць былым і ўпэўнены, што непаўналетні ўнук гаспадыні стане гарантам іх бяспекі? Маўляў, квіток у невядомасць па гэтай прычыне ім ніхто не зможа выпісаць. Толькі зусім не лішнім ім будзе ведаць, што ў адпаведнасці з Жыллёвым кодэксам правілы разлікаў за арэнднае жыллё маюць сваю асаблівасць: дзяржава можа разарваць з наймальнікам дагавор ужо праз два месяцы неплацяжоў.

Папраўкі ў кодэкс далі і карт-бланш на высяленне былых членаў сем’яў, якія ў кватэры не пражываюць, але на плошчы гэтай зарэгістраваны. І ў судах зараз, як растлумачыла мне намеснік старшыні суда Кастрычніцкага раёна Магілёва Таццяна Давыдка, штодня літаральна разглядаюцца справы, калі жонкі высяляюць былых мужоў, свякрухі і цешчы — нявестак і зяцёў. 

Немалы галаўны боль суддзяў, пракурораў — так званыя дармаеды. Прычым некаторыя, калі меркаваць па мэблі ў кватэрах і дарагім адзенні, хаця і лічацца беспрацоўнымі, нейкія даходы маюць. Аднак чамусьці на камунальныя разлікі выдаткоўваць іх не спяшаюцца. Тым часам закон і да такіх грамадзян стаў больш строгім. Свае метры назаўсёды можа страціць нават той, хто жыве ў інтэрнаце. Да слова, зараз вырашаецца лёс бацькоў Свядомскіх і іх дзяцей. Гаспадыня Марына Аляксандраўна пакой, а потым і блок у інтэрнаце атрымала ад аднаго з мясцовых прадпрыемстваў, аднак тры гады таму яе звольнілі па скарачэнні штатаў. Новае месца работы яна ці не знайшла, ці шукаць не хацела, і за карыстанне жыллём плаціць перастала. Доўг ужо вырас да 4 мільёнаў рублёў, але і шанц выправіць гэтую памылку пакуль застаецца. У іншым выпадку сям’я, у якой падрастаюць двое дзяцей, рызыкуе аказацца на вуліцы. Калі суд прыме рашэнне аб іх высяленні — а такая небяспека вельмі рэальная! — усім чацвярым будзе выпісаны квіток у невядомасць. І альтэрнатыўных «квадратаў» ніхто не прапануе. Жорстка? Магчыма. Аднак яшчэ нашы продкі казалі: умеў узяць, умей і аддаць. Тым больш што формула разлікаў не такая ўжо і складаная: трэба зарабіць і расплаціцца за атрыманыя паслугі. 

Святлана МАРКАВА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter