Куток Венесуэлы ў Мінску

Плошча Бангалор, Чанчуньскі і Сэндайскі скверы, вуліца Мельнікайтэ, бульвар Тараса Шаўчэнкі … Спіс можна працягваць і далей, але ці трэба? Нават гэтыя нешматлікія прыклады выяўляюць тую павагу, з якой ў Мінску ставяцца да гарадоў-пабрацімаў, нацыянальных герояў і дзеячаў культуры іншых краін. Нядаўна часцінку сваёй гісторыі ў сталіцы пакінула і Венесуэла — адзін з маляўнічых сквераў цяпер носіць імя Сімона Балівара
Прыхільнікі беларуска-венесуэльскага сяброўстсва  віталі адкрыццё мемарыяльнай дошкі С. БаліваруПлошча Бангалор, Чанчуньскі і Сэндайскі скверы, вуліца Мельнікайтэ, бульвар Тараса Шаўчэнкі … Спіс можна працягваць і далей, але ці трэба? Нават гэтыя нешматлікія прыклады выяўляюць тую павагу, з якой ў Мінску ставяцца да гарадоў-пабрацімаў, нацыянальных герояў і дзеячаў культуры іншых краін. Нядаўна часцінку сваёй гісторыі ў сталіцы пакінула і Венесуэла — адзін з маляўнічых сквераў цяпер носіць імя Сімона Балівара.

Ён — барацьбіт за незалежнасць Венесуэлы і іншых іспанскіх калоній у Паўднёвай Амерыцы. Яго асоба — знакавая для ўсяго кантынента. У гонар Балівара названая цэлая краіна — Балівія, акрамя таго, грашовая адзінка і самая высокая гара ў Венесуэле, венесуэльскі маладзёжны аркестр… Тысячы кіламетраў не сталі перашкодай, каб ушанаваць памяць героя і ў Беларусі. Пакуль у мінскім скверы ёсць толькі памятная дошка, але з цягам часу тут з’явіцца і помнік паўднёваамерыканскаму герою-вызваліцелю. Хутчэй за ўсё гэта будзе бюст, выкананы беларускімі скульптарамі.

Па словах Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Беларусі Амерыка Дыяса Нуньеса, цяпер у яго суайчыннікаў у беларускай сталіцы ёсць месца, дзе яны могуць адзначаць сваё нацыянальнае свята, ладзіць канцэрты, увогуле, праводзіць самыя розныя мерапрыемствы. У сваю чаргу мінчане ці госці сталіцы, завітаўшыя сюды, змогуць бліжэй пазнаёміцца з далёкай для іх краінай. Несумненна, палітычнае ўзаемапаразуменне і эканамічнае партнёрства — моцны падмурак для сяброўства. Але сапраўды зблізіць людзей здольная менавіта культура. На шчасце, прадставіць здабыткі венесуэльскай культуры ў Мінску цяпер ёсць дзе. Першым сквер імя Сімона Балівара “апрабаваў” танцавальна-музычны ансамбль “Фальклор Качэнсэ”, які прыехаў у Беларусь з гастролямі. Такіх незвычайных песень тут дагэтуль не чулі, такіх касцюмаў і танцаў — яшчэ не бачылі.
Новым крокам краін насустрач стане ўстанаўленне пабрацімскіх сувязяў паміж Мінскам і Каракасам. Пагадненне ўжо рыхтуецца да падпісання. А ў хуткім часе яно павінна рэалізавацца ў разнастайных сумесных праектах.

Адкрыццё памятнай дошкі Балівару ў Мінску было прымеркавана да Дня Незалежнасці Венесуэлы. Дарэчы, гэта свята амаль супадае з беларускім — розніца ўсяго ў два дні. Азіраючыся ў мінулае, бачыш: лёсы Венесуэлы і Беларусі блізкія як і гэтыя даты. Народы абедзвюх краін паклалі нямала сіл, каб адстаяць права на самастойнасць. “Мы захапляемся свабодалюбствам беларускіх людзей, — заўважыў падчас урачыстасцяў венесуэльскі пасол. — І вобраз Сімона Балівара, які сімвалізуе нацыянальную незалежнасць, не павінен быць чужым для беларусаў”.

Свае імёны-сімвалы ёсць у кожнай краіны. У Беларусі, напрыклад, гэта Францыск Скарына і Ефрасіння Полацкая, чые імёны непарыўна звязаныя з асветніцтвам. Цікава, ці маглі б у Каракасе з’явіцца скверы, названыя ў іх гонар? Амерыка Дыяс Нуньес упэўніў: трэба толькі ўнесці прапанову. А адлегласць, як ужо высветлілася, не перашкода.

Вольга Карней
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter