У краіне ўжо зарэгістравана больш за два дзясяткі ўкусаў кляшчоў

Куслівы сезон

Спрыяльны час для жыццядзейнасці небяспечных паразітаў прыйшоў разам с першымі прамянямі цёплага вясновага сонца. Па медыцынскую дапамогу ў сувязі з укусамі кляшчоў жыхары розных куткоў краіны пачалі звяртацца ўжо ў другой палове сакавіка. На сённяшні дзень ад кляшчоў пацярпелі 23 чалавекі. Дарэчы, у дзевяць разоў менш, чым за аналагічны перыяд папярэдняга года. Аднак медыкі папярэджваюць: на гэтым паразіты не супакояцца.

Сезон кляшчоў пачаўся ў другой палове сакавіка.
Фота БЕЛТА

Пра пачатак сезона актыўнасці кляшчоў паведаміў Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя краіны. Спецыялісты цэнтра адзначаюць, што кляшчы пачынаюць праяўляць актыўнасць пры тэмпературы навакольнага асяроддзя вышэй за 5 градусаў. Зразумела, чым вышэй тэмпература паветра, тым інтэнсіўней актыўнасць крыважэрных паразітаў. А рэзкі красавіцкі скачок тэмпературы толькі паскорыў іх абуджэнне.

Каб наведванне дачных участкаў і выгул хатніх гадаванцаў заставаліся бяспечнымі, Міністэрства аховы здароўя рэкамендуе гаспадарам выконваць меры засцярогі і абароны, каб прадухіліць рызыкі заражэння «клешчавымі» інфекцыямі. Дарэчы, у краіне перыядычна рэгіструюцца хвароба Лайма і клешчавы энцэфаліт.

— Пры працяглым знаходжанні ў месцах магчымага нападу кляшчоў мы раім выкарыстоўваць спецыяльныя хімічныя сродкі для скуры і адзення, якія палохаюць паразітаў. Таксама ў такіх выпадках лепш апранацца ў шчыльнае адзенне светлых адценняў, каб усе ўчасткі цела былі максімальна закрыты, — найбольш важныя рэкамендацыі пералічвае прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Юлія Барадун. — Варта таксама раз у гадзіну аглядаць сваю вопратку.

Што рабіць, калі вылазка з сябрамі на шашлыкі ці прагулка з хатнім улюбёнцам усё ж такі скончылася «пацалункам» павукападобнага паразіта? Галоўнае, неадкладна зрэагаваць, апрацаваць месца ўкусу спіртавым антысептыкам і звярнуцца ў бліжэйшую медустанову. Калі такой магчымасці няма, то варта сабраць волю ў кулак і выдаліць паразіта самастойна. А для гэтага моцную нітку завязаць на вузел як мага бліжэй да хабатка кляшча і выдаліць яго плаўнымі кругавымі рухамі. Таксама можна скарыстацца тонкім пінцэтам. Важна дастаць кляшча цалкам, разам з хабатком, не раздушыўшы яго.

Нават калі вы выдалілі кляшча самастойна, усё роўна неабходна звярнуцца да ўчастковага тэрапеўта ці інфекцыяніста. Урачы ўстановяць медыцынскае назіранне і пры неабходнасці назначаць прафілактычнае лячэнне.

— Дарэчы, максімальны эфект хіміяпрафілактыкі дасягаецца толькі ў выпадках, калі прыём антыбіётыкаў пачынаецца ў першыя 72 гадзіны пасля ўкусу кляшча, — папярэджвае Юлія Барадун.

Варта нагадаць, што пры жаданні пацыента можна правесці лабараторнае даследаванне выдаленага паразіта. Такі аналіз праводзіцца на платных умовах. Даследаванне з’яўляецца бясплатным толькі для пацыентаў, у якіх ёсць медыцынскія супрацьпаказанні да прыёму лекаў, што выкарыстоўваюцца для прафілактыкі «клешчавых» інфекцый. Таксама дапытлівым грамадзянам нядрэнна памятаць, што інкубацыйны перыяд пры такіх інфекцыях можа цягнуцца ад двух дзён да цэлага месяца. Вось такія простыя правілы дапамогуць пазбегнуць непрадбачаных сустрэч з ненажэрным праціўнікам.

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter