Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Прадстаўнікі дэлегацыі з Беларусі, якія наведалі расійскі горад у Заураллі, сустрэліся там і з актывістамі мясцовай беларускай суполкі

Курганскія масты для дарог Бацькаўшчыны

Пра сустрэчы ў Кургане ў рэдакцыю паведаміла Людміла Урванцава, старшыня Нацыянальна-культурнага цэнтра беларусаў Зауралля “Батькавщина”. Даслала фотаздымкі, тэксты з курганскіх СМІ. З іх вынікае, што гасцям паказалі, у прыватнасці, “Курганстальмост” — адно з вядучых прадпрыемстваў Зауралля. Дарэчы, там ужо да адпраўкі ў Мінск рыхтуюцца 6 чыгуначных пралётных канструкцый. Як паведамляе сайт урада Курганскай вобласці, гэта першы заказ, які паступіў на завод з Беларусі. Дэлегацыя наведала і шэраг іншых прамысловых прадпрыемстваў вобласці.

Беларуская дэлегацыя ў Кургане

У складзе дэлегацыі былі Міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандр Церахаў, кіраўнік аддзялення Пасольства Беларусі ў Расіі ў Екацярынбурзе Васіль Кунскі, спецыялісты міністэрстваў і кіраўнікі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў. Візіт, мяркуецца, паспрыяе пашырэнню супрацоўніцтва Зауралля з Беларуссю. Гэтай тэме было прысвечана й пасяджэнне рабочай групы, у якім прынялі ўдзел члены Урада Курганскай вобласці. Адкрываючы сустрэчу, намеснік губернатара — дырэктар Дэпартамента эканамічнага развіцця Сяргей Чабыкін адзначыў, што летась вельмі прадстаўнічая дэлегацыя вобласці была ў Мінску. І ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў эканамічнай і культурнай сферах ужо дае свой плён. Па выніках пасяджэння падпісаны пратакол аб развіцці супрацоўніцтва паміж Урадам Курганскай вобласці ды Урадам Беларусі.

Заслугоўвае павагі, што ў насычанай праграме візіту госці з Мінска знайшлі час, каб сустрэцца з супляменнікамі, актывістамі суполкі “Батькавщина” — тое адбылося 25 кастрычніка ў “Беларускай хаце”, што па курганскай вуліцы Куйбышава, 49. З праграмы сустрэчы, дасланай Людмілай Урванцавай, вынікае: доўжылася яна каля дзвюх гадзін. Акрамя самой Людмілы, гасцей сустракалі, запрашалі за святочны стол актывіст суполкі Сяргей Андрэевіч Вяроўкін ды іншыя, старшыня Асамблеі народаў Зауралля Уладзімір Дзмітрыевіч Уфімцаў. Людміла Урванцава расказвала гасцям, як узнікла суполка, пра справы актывістаў. Дэманстраваліся слайды, відэафільм. Кіраўніца “Батькавщины” звярнула ўвагу, што курганскія беларусы актыўна працуюць з дзецьмі — у школах, бібліятэках, а таксама ў маладзёжных аўдыторыях. Ёсць мерапрыемствы, скіраваныя да ветэранаў. Цяпер з ініцыятывы ды з дапамогай беларусаў у бібліятэках Курганскай вобласці ствараюцца “куткі беларускай культуры”. А ў месцах кампактнага пражывання беларусаў — а гэта Шадрынск і Катайск, сёлы Нова-Ільінскае і Нова-Георгіеўскае Петухоўскага раёна — ствараюцца беларускія падворкі. Да таго ж сябры “Батькавщины” актыўна ўдзельнічаюць у розных культурна-масавых мерапрыемствах горада й вобласці, ездзяць і выступаюць у розных гарадах рэгіёна — бывалі ў Казані, Томску, Цюмені, Екацерынбурзе, Шадрынску. Бывала-спявала Людміла Урванцава са сваімі сябрамі нават у Мінску. Цяпер адзін з галоўных клопатаў суполкі — стварэнне “Беларускага падворка” ў сяле Нова-Ільінскае: для таго выдзелены ўжо асобны дом. Там жа ідзе будаўніцтва царквы Святога Ільі-прарока.

Падрабязнасцяў пра ход сустрэчы Людміла Урванцава не паведаміла. Спадзяемся, аднак, што як для гасцей, так і актывістаў “Батькавщины” была яна карыснаю. І што пры развіцці супрацоўніцтва паміж Урадам Курганскай вобласці ды Урадам Беларусі будзе выкарыстаны й немалы патэнцыял беларускай дыяспары.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 43 (3547), чацвер, 16 лістапада, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter