Кураняты ўсіх колераў вясёлкі

Студэнты сельгасакадэміі атрымалі рознакаляровых куранят

Студэнты БДСГА правялі незвычайны эксперымент. Чырвоныя і сінія, зялёныя і колеру ружы — маленькія кураняты, якія з’явіліся на свет у час навуковага вопыту студэнтаў-чацвёртакурснікаў зоаінжынернага факультэта Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, радуюць і здзіўляюць нязвыклымі фарбамі. Да гэтага цуду будучыя заатэхнікі і выкладчык кафедры свінагадоўлі і дробнай жывёлагадоўлі, кандыдат сельскагаспадарчых навук Мікалай Кудравец ішлі цэлы год.

— Выканаць эксперымент па «афарбоўцы» куранят прапанавалі самі студэнты. Першы крок быў зроблены яшчэ ў 2013 годзе. Але, на жаль, прапорцыі фарбы выбралі не так, як трэба, таму і вынік аказаўся не вельмі яркім, — кажа Мікалай Кудравец.

На гэты раз памылкі ўлічылі, і чарговы прыступак у справе вывучэння развіцця эмбрыёнаў аказаўся больш удалым. З дапамогай медыцынскага шпрыца ўвялі пад шкарлупіну самы звычайны харчовы фарбавальнік, які развялі ў дыстыляванай вадзе. А праз колькі дзён атрымалі чаканы вынік — пятнаццаць рознакаляровых куранят! Пасля таго як яны крыху падрастуць, зоймуць сваё месца ў гаспадарцы супрацоўніцы акадэміі Галіны Мясніковай, якая дала яйкі дзеля навуковага вопыту. Праўда, афарбоўка хутка знікне — яна пратрымаецца толькі 14 дзён, пакуль з кураняці не сыдзе пух.

Каляровы эфект Мікалай Кудравец называе пабочным — на якасцях ці здароўі куранят ён ніяк не адаб’ецца. Затое цікавасць да самога працэсу інкубацыі ў прыватнасці і заатэхнікі ўвогуле ў студэнтаў вырасла. Напрыканцы мая гэты вопыт у акадэміі плануюць паўтарыць, на гэты раз паспрабуюць яшчэ і змешваць фарбы. А ў будучым годзе правесці яго ўжо на яйках качкі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter