Купляем беларускае

Прайшлі, дзякуй богу, тыя часы, калі мы з вамі змяталі з магазінных паліц любую рэч з “лэйбай” “made in...”. Сцямілі, што пад прывабнай, блішчастай абгорткай схавана такое, што разумны чалавек, якому яшчэ пажыць хочацца, не возьме нават у галодны год за пуд сена. Прапусціўшы праз свядомасць, і праз страўнікі таксама, мутную плынь агрэсіўнай рэкламы, дапетрылі, што звыклая з дзяцінства шакаладка “Алёнка” смачней за розныя “райскія” асалоды. Тэлевізар сусветна вядомай маркі, але “шэрай” зборкі, побач і не стаяў з тымі, што выпускаюць нашы прадпрыемствы, а ад “кумпячкоў Буша”, хоць старэйшага, хоць сабе малодшага, прыстойныя беларускія каты адварочваюць свае вусатыя пысы. І гэта зусім не “квасной”, як можа падацца, патрыятызм. Проста я добра ведаю, як працуюць нашы ветэрынарныя, санітарныя і іншыя службы, які наладжаны кантроль за сыравінай на “уваходзе” і канчатковым прадуктам, няхай гэта будзе каўбаса, малако, які-небудзь напой, на “выхадзе” у айчыннай харчовай прамысловасці. Я больш чым упэўнены, што ні кавалка мяса ад звар’яцеўшай дзесьці на Захадзе каровы не пападзе ні на дзяржаўны мясакамбінат, ні ў прыватны невялікі цэх, а на маркіроўцы вырабленага ў нас прадукта будзе мінімум “Е”. Карацей кажучы, мы з вамі купляем беларускае. З кожным годам усё больш. І возь лічбы ў доказ гэтай тэзы. У мінулым годзе доля айчыннай прадукцыі ў таваразвароце харчовай сеткі склала 86,6 працэнта. І яшчэ. У параўнанні з 2002 годам імпарт ялавічыны ў краіну скараціўся на 33 працэнты, каўбасных вырабаў на 46, макаронных -- на 52 працэнты і гэтак далей. Што тычыцца астатняга, то ў агульным аб’ёме імпарту харчовых тавараў 84 працэнты займаюць тавары так званага “крытычнага” імпарту – тыя, што мы альбо ўвогуле не вырабляем, альбо вырабляем недастаткова. З гэтага вынікае, што ўсе тыя хутаркі, домікі ў вёсцы і іншыя замежныя прысмакі, якія, як можа падацца на першы погляд, дамінуюць на паліцах нашых крам, займаюць толькі 13,6 працэнта ад агульнай колькасці харчавання. Зрэшты, такі, так бы мовіць, падман зроку растлумачыць як раз лёгка – прывабная, з густам і па навуцы зробленая тара, упакоўка кідаецца ў вочы. І няхай не ўсё золата, што блішчыць, але ж і ў пакупніка павінен быць выбар: хоча ён, да прыкладу, ікры кабачковай заморскай – смачна есці! Хаця гэта зусім не азначае, што айчынны вытворца можа свайго айчыннага пакупніка трымаць за, прабачце, дурня і прапаноўваць яму несучасна ўпакаваны, расфасаваны, разліты тавар – між іншым, нямала знойдзецца спажыўцоў, якія купяць лепш зручны тэтрапакет з сокам хімічнага паходжання, чым наш натуральны, але ў трохлітровым слоіку. Нядрэнна, на першы погляд, купляем мы і прамысловыя тавары айчыннай вытворчасці. Іх удзельная вага -- 75,5 працэнта ў агульным аб’ёме продажу нехарчовых тавараў. Толькі тут вось якая высвятляецца акалічнасць: да 90 працэнтаў, напрыклад, верхняга адзення, выпускаецца з імпартнай тканіны. Чым, спытаемся, займаюцца ў такім выпадку, два тонкасуконныя камбінаты і адзін тэкстыльны? Выпускаюць тканіны, якія... нікуды не вартыя па эстэтычных характарыстыках, колеравай гаме, дызайну, кошце. Заўважце, замежным аналагам яны саступаюць не па якасці, а па характарыстыках, дасягненне якіх не патрабуе значных капітальных укладанняў. Тое самае можна, напэўна, сказаць і пра скураныя і з натуральнага меху вырабы – калі мы да гэтае пары купляем турэцкія курткі і дублёнкі, то ад таго, што нашы дызайнеры і розныя там мадэльеры спяць у шапку. Цяжка ў гэта паверыць, але ў адной афіцыйнай паперы я вычытаў, што нашы вытворцы тавараў народнага спажывання прытрымліваюццца палітыкі двайных, так бы мовіць, стандартаў – на экспарт усё робіцца па-людску і з лепшых матэрыялаў, а на ўнутраны рынак – на табе, божа, што нам нягожа. Яно, канешне, для агульнага развіцця нядрэнна ведаць, што хібы гэтыя спрэс абумоўлены так званым чалавечым фактарам (гэта калі ў некага рукі не з таго месца растуць), а не, скажам, архаічнымі вытворчымі адносінамі – неразумным адміністратыўным уціскам, не той формай уласнасці і гэтак далей, але калі ў мяне васемнаццаць разоў за час гарантыйнага тэрміну псуецца гадзіннік некалі на ўвесь Саюз вядомай фірмы, то выбачайце. Зрэшты, калі права выбару ёсць у спажыўца, то, мусіць, свой выбар – ісці да немінучага банкрутства, не вымагаючы пры гэтым у дзяржавы сродкаў на ратаванне тапельца, ці выпускаць запатрабаваную прадукцыю – ёсць і ў прадпрыемства. Дзіўна, але апошнім часам лаўлю сябе на тым, што мне падабаецца беларуская... рэклама. Пра каўбасы, зробленыя з мяса, пра таго прафесарскага выгляду майстра, што крэслы робіць, пра разумнага Саўку, што нам малочныя прысмакі прапануе. А тут яшчэ нашы ў тэніс выйгралі...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter