Актывісты беларускіх суполак Іркуцкай вобласці рыхтуюцца да Фэсту беларусаў свету на Байкале

Купальская пара

Сілуэт з Купальскай ночы
Яшчэ 12 чэрвеня ў рэдакцыі з’явіўся прэс-рэліз з Іркуцка ад Алега Рудакова: ён абвяшчаў, што Маладзёжны клуб “Крывічы” правядзе Купалле ў ноч з 20 на 21 чэрвеня. Так яно і сталася. Прычым выязджалі з Іркуцка “купальшчыкі” ў вёску беларускіх перасяленцаў Ахіны, у Эхірыт-Булагацкі раён. Але чаму такая дата, ці не надта рана? Ды не: Купальская пара якраз і пачалася з трэцяй дэкады чэрвеня. Як вядома, раней Купалле ў беларусаў святкавалі не столькі па календары — бо яны цягам доўгай гісторыі былі розныя, а “па Сонцы”. Гэта значыць: у пару самага высокага ў годзе Сонца, самых доўгіх дзён і кароткіх начэй. І менавіта перад тым, як Сонца пачынае слабець, ніжэй падымацца над небасхілам, нашы продкі — у адпаведнасці са славянскай, ці язычніцкай традыцыяй — і святкавалі Купалле. Цяпер, аднак, у розных мясцовасцях Беларусі Купалле святкуюць з прывязкай да хрысціянскага свята: дня святога Яна ці Іаана, да раства Іаана Хрысціцеля. Дарэчы, у многіх рэгіёнах Расіі яно ўвогуле называецца: “Иван Купала”, ёсць яшчэ паняцці “Иванова ночь” ды “Иванов день”. Пра тое, у прыватнасці, расказвалі нам супляменнікі ў Цюменьскай вобласці Сібіры. Аднак, пагадзіцеся, у самім вызначэнні “православный русский языческий праздник” ёсць нейкая глыбокая супярэчнасць…

Упэўнены: пра тое, як святкуюць Купалле беларусы ў замежжы — нам яшчэ напішуць пазаштатныя аўтары. Мы ж давайце бліжэй прыгледзімся да іншага цікавага досведу іркуцкіх беларусаў.

У Прыбайкаллі падрастае новая Купалінка
У Прыбайкаллі падрастае новая Купалінка

Май: працуй, танцуй ды спявай!

Актыўнасці супляменнікаў з Прыбайкалля — толькі пазайздрос­ціць! У прыватнасці, ужо з месяц таму на чарговым з’ездзе Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі” кіраўніца Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага Алена Сіпакова запрашала актывістаў беларускага руху на Фэст беларусаў свету на Байкале. Пры спецыяльна зробленых банэрах. Лагічна: да пачатку жніўня (фэст будзе 3-9 чысла) можна спланаваць далёкую, але цікавую  і пазнавальную паездку.

Падумайце толькі, паважаныя чытачы: у вас цяпер ёсць унікальная магчымасць быць чаканым госцем на Байкале! Як маеце сілы, час, грошы — то збірайцеся ў дарогу: калі яшчэ такое будзе! 

У выступленні на з’ездзе ФНКА — часткова друкавалася ў нашай газеце — Алег Рудакоў апавядаў, колькі ўсяго цікавага робіцца ў рэгіёне беларусамі. Згадаем некаторыя справы траўня. Суполка “Беларусы Чарамхова” правяла вечарыну, прысвечаную беларускім змагарам з Арміі Андэрса, якія былі сасланы пасля Вялікай Айчыннай вайны ў Іркуцкую вобласць. Актывісты ІТБК прынялі актыўны ўдзел 9 траўня ў акцыі “Бессмяротны полк”, а 16 траўня — прадставілі беларускую культуру ў Музеі “Усадьба Сукачёва” пад час акцыі “Ноч у музеі”. Пра тое, што клуб “Крывічы” ўдзельнічаў у прэзентацыі кнігі беларускага гісторыка “Лоеўскі плацдарм” — пісала газета. А 8 траўня “Крывічы” правялі гістарычную вечарыну, прысвечаную 170-м угодкам Яна Чэрскага: супляменніка, паўстанца-“каліноўца”, які ў сібірскай ссылцы стаў знакамітым навукоўцам.

Гаварыў Алег і пра творчую сустрэчу 12 траўня з моладдзю Іркуцка ў Абласной юнацкай бібліятэцы —цікавы досвед! Сабралася больш за 50 чалавек. А як праходзіла сустрэча? У рэдакцыю дасланы тэкст, з якога вынікае: была цэлая праграма. Спачатку — “інтэрактыўны трэнінг: знаёмства”. Потым — чыталі беларускую народную казку “З крадзенага не пасыцееш”. Прычым па ролях і з пытаннямі для аўдыторыі: хто што зразумеў? Ну а хто з лёту, як кажуць, пранікаў у мову і жыццёвую мудрасць беларусаў, нашу адметную ментальнасць — тых заахвочвалі прызамі. Далей ішоў песенны блок: ансамбль “Крывічы” спяваў чатыры беларускія аўтэнтычныя песні, ды не пацешкі нейкія, а бытавую, ваярскую, абрадавую і рэкруцкую. Расказалі беларусы пра паўстанне 1863 года, пра ўдзел у ім Яна Чэрскага. І яшчэ не ўсё: прайшоў майстар-клас па беларускіх народных танцах. А на заканчэнне — чаяванне, і “за кубкам гарбаты можна было атрымаць адказы на любыя пытанні, якія тычацца беларускай тэматыкі”.

13-15 траўня “Крывічы” прадстаўлялі майстэрню “Беларуская Хата” на абласной выставе “Свет сям’і” ў СібЭкспаЦэнтры. “Вось такую працу мы вядзём у нашым рэгіёне, — закончыў выступ у Маскве Алег Рудакоў. — Безумоўна, іркуцянам падаецца: беларуская дыяспара ў Прыбайкаллі — самая вялікая, актыўная і таленавітая. А так яно ж і ёсць! Апроч усяго заўважу: у ІТБК і ў Маладзёжным клубе “Крывічы” ў актыве ёсць маладзёны, беларусы па крыві, якія нарадзіліся ў Сібіры ў 3-4 пакаленні пасля таго, як іх продкі рассталіся з Беларуссю. І ўявіце сабе: яны выдатна вывучылі беларускую мову! Яны з задавальненнем размаўляюць між сабою на мове свайго Народу. У абедзвюх суполках ёсць курсы па яе вывучэнні, якія карыстаюцца попытам”.

Фарбы Купальскай ночы ў Прыбайкаллі
Фарбы Купальскай ночы ў Прыбайкаллі

Беларуская душа проста просіць кірмаша!

З вялікім розгаласам прайшло ў Іркуцку 30 траўня “Міжнароднае Беларускае Сьвята “Кірмаш” — так назвалі новы праект супляменнікі. Такога маштабу беларускае свята ў Іркуцку праходзіла ўпершыню: ажно на сем гадзін прадстаўленне! Гэта быў, піша Алег Рудакоў, “своеасаблівы вынік развіцця беларускай дыяспары ў Іркуцкай вобласці за 19 гадоў”. Сабраліся беларускія гурты амаль з усёй вобласці: ад Тайшэцкага раёна з вёскі Чарчэт да горада Слюдзянка, які — на самым паўднёвым узбярэжжы Байкала. “Цвіком праграмы” стаў музыка з Мінска Юры Несцярэнка, кіраўнік груп White Night Blues i Niestary Band — ён спяваў пад электрагітару. І яшчэ 14 беларускіх гуртоў і выканаўцаў з Іркуцка і вобласці паказалі свае творчыя праграмы. Атрымаўся цэлы марафон міні-праграм. А ладзілі ўсё Моладзевы клуб “Крывічы” і дырэкцыя парку “Дружба народаў”. 

Кірмаш уключаў і майстар-класы па беларускіх традыцыйных рамёствах ад 8 майстроў, якія працуюць у розных напрамках: саломапляценне, выцінанка, бісерапляценне, лентаграфія, абярэгавая лялька, вырабы з гліны і бяросты. А дзяцей прывабіў цэлы блок беларускіх народных гульняў, вельмі рухомых і арыгінальных. Прычым кожны актыўны ўдзельнік атрымліваў прыз: білет на каруселі. Прадаваліся — бо кірмаш жа!!! — беларускія тавары з лёну (ручнікі, сурвэткі, абрусы, прасціны, пакрывалы), кнігі, сувеніры з саломкі ды многае іншае — з нацыянальным каларытам. У кафэ парку, дзе гудзеў кірмаш, у меню пераважала беларуская кухня, вялікім попытам карысталіся дранікі.

Вельмі жыццяздольная ідэя: сумяшчаць культурна-забаўляльную праграму з гандлем! Даўно абкатаная на кірмашах у мястэчках Беларусі. Здорава, што ў Іркуцку творча, па-сучаснаму яе выкарысталі. 

Алена Сіпакова запрашае беларусаў на Байкал
Алена Сіпакова запрашае беларусаў на Байкал

Праз танцы — да сэрца, да Беларусі 

Яркая падзея Кірмашу — Школа беларускіх сярэднявечных і народных танцаў. Развучвалі 15 розных танцаў! Вучылі усіх жадаючых, незалежна ад узросту. Дарэчы: ад пачатку года клуб “Крывічы” сумесна з гістарычна-мемарыяльным аддзелам Іркуцкага абласнога мастацкага музея “Усадьба Сукачёва” арганізаваў Студыю, дзе і навучаюць такім танцам. Заняткі праходзяць раз на месяц, танцмайстрамі — Алег Рудакоў і Воля Галанава.

“На нашых занятках вы зможаце навучыцца танцаваць зусім не складаныя, але вельмі дынамічныя і прыгожыя беларускія народныя танцы, якія былі папулярныя ў нашага народа ад ХІІІ да ХХ стагоддзя, — такую абвестку даслаў і нам Алег Рудакоў. — Сярод іх такія, як Лявоніха, Полька, Кракавяк, Падэспань, Матлёт, Лысы ды многія іншыя. Прычым некаторыя з іх — у розных варыянтах”. Цікава, што пэўныя танцы ў Іркуцку танцуюць (і развучваюць!) у варыянтах, запісаных пад час этнаэкспедыцый па сібірскіх беларускіх вёсках! Гэта, несумненна, узбагачае ўсю беларускую культуру. Напрыклад, паведамляе Алег Рудакоў, вельмі цікавы танец “Марыненскі кракавяк” запісаны ў сяле Марынінск Заларынскага раёна Іркуцкай вобласці. А на заняткі ў Студыю ён запрашае не толькі хлопцаў ды дзяўчат, але і дзяцей з пяці гадоў, а таксама рухавых ды энергічных бабуляў і дзядуляў. І хоць заняткі платныя, ды сума сімвалічная: 50 рублёў з аднаго чалавека, незалежна ад узросту. 

Чым цікавыя падобныя праекты? Безумоўна, і тым, што з Алегам ды Воляй іркуцяне вучацца “слухаць” музыку, рухацца ў сумесным рытме, асвойваюць новыя рухі, “трэніруючы дыханне і мышцы”. Безумоўна, танцоры весела бавяць час, атрымліваюць станоўчы зарад энергіі. Аднак не менш важна, што ў такой “нефармальнай” абстаноўцы разам з беларускімі танцамі, музычнымі рытмамі і беларускі дух вельмі добра засвойваецца тымі, хто жадае быць бліжэй да нашай багатай культуры. Бо шлях да сэрца можа ісці і праз танцы! Вядома нямала прыкладаў, калі, скажам, захапленне лацінаамерыканскімі ці індыйскімі танцамі прыводзіць аматараў у шэрагі вялікіх сяброў Індыі, краін Лацінскай Амерыкі.

Магчыма, гэтак жа для некага ў Іркуцку праз беларускія танцы пачынаецца шлях да Беларусі.

Іван Ждановіч

Фота Іван Ждановіч
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter