Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Беларускае свята ў Даўгаўпілсе паяднала розныя культуры і народы

Купалле кліча ў карагод

Святы ў гонар летняга сонцастаяння ёсць у многіх народаў — то і святкаваць іх варта разам! Такую ідэю даўгаўпілскага Цэнтра беларускай культуры падтрымалі розныя нацыянальна-культурныя цэнтры і таварыствы Даўгаўпілса, Рэзэкнэ. Купалле ў нас было — інтэрнацыянальным і магічна яркім, сонечным, з крапінамі дожджыка.

Удзельнікі “Беларускага Купалля” на святочнай сцэне ў парку Даўгаўпілса

Сотні ўдзельнікаў і гледачоў, што прыйшлі на “Беларускае Купалле”, сабраў 7 ліпеня парк Дубровіна. Кожны год свята ў нас абнаўляецца: канцэрт у зале, музычна-тэатралізаваная дзея на лужку ля фантана, канцэрт на вялікай сцэне ў парку... На гэты раз у дадатак былі яшчэ квэст, інфасегмент. Чатыры гадзіны ў парку гучалі песні на розных мовах, былі танцы-карагоды, шумелі творчыя майстэрні. Некаторыя купальцы шукалі папараць-кветку, якая затаілася ў зарасніку. Каб адшукаць кветку-цуд, трэба было прайсці станцыі квэста (гульні-пошуку). На першай станцыі (С-1) была інфапалатка нашага ЦБК, там кожны ахвочы вырабляў паштоўку з выцінанкай, атрымліваў наклейку ўдзельніка квэста і адну літару. На С-2 ля стала “Чай-гарбатка” танцоры гурта “Лянок” частавалі шукальнікаў смачнай травяной гарбатай з мёдам: трэба ж падмацавацца! Па смаку і малюнках вызначалі, з якіх раслін завараны напой. Хто адгадаў — атрымліваў другую літару. На С-3, каля “Дрэва жаданняў”, следапыта чакалі спевакі гурта “Купалінка”. Яны дапамагалі яму напісаць сваё патаемнае жаданне і даверыць яго старому дубу, а таксама выдавалі трэцюю літару. На С-4, каля “Незвычайнай літары”, спявачкі гурта “Пралескі” загадвалі загадкі, здагадлівым давалі й літару, адзіную з лацінскага алфавіту, якая трапіла ў беларускую кірыліцу. З сабраных літар трэба было скласці слова “ліпа” (liepa) і адшукаць такое дрэва ў парку. Там і схавалася “Кветка шчасця”: там акцёры тэатральнай студыі “Паўлінка” выдавалі ўдалым следапытам кветку з пажаданнямі шчасця і частавалі беларускай цукеркай.

Па алеях шпацыравалі людзі ў прыгожых вянках з кветак і траў: самі звівалі ў майстэрні “Купальскі вянок”, з падказкамі спевакоў харавой капэлы “Спадчына”. Тым часам на вялікай сцэне ішоў канцэрт, якія вялі дзве дзяўчыны: латышка Ліга і беларуска Яніна. Абедзве ў Купальскую ноч спявалі песні, звівалі вянкі, каб затым пусціць па рацэ, паваражыць на сваё шчасце-долю. Яны ж на беларускай і латышскай мовах знаёмілі гледачоў з традыцыямі Купалля, народнымі прыметамі, павер’ямі. Да ўсіх купальцаў з вітаннем-віншаваннем звярнулася віцэ-мэр Даўгаўпілскай гарадской думы Лівія Янкоўская.

Канцэрт пачынаў узорны фальклорна-харэаграфічны гурт “Руны” — прыехаў са старажытнага Полацка, прычым спецыяльна для свята развучылі артысты дзве латышскія народныя песні. Беларускі канцэртны блок змяніўся на мультыкультурны, у якім выступілі гурты нацыянальна-культурных цэнтраў і таварыстваў Даўгаўпілса: руская “Славянка” (Цэнтр рускай культуры) і “Лазоревый цветок” (Рэзэкнэ), украінская “Мрія”, яўрэйская “Авіва”, польская “Харфа” , літоўская “Раса” (якая адмыслова да свята вывучыла песню на беларускай мове), нямецкі “Ларэляй”. І зноў загучалі беларускія песні ў выкананні ансамбляў “Спадчына”, “Купалінка” і “Пралескі”, саліста Паўла Прозара, закруціўся ў танцах “Лянок”. Моцнага здароўя, дабрабыту ў сем’ях і дамах, шчасця пажадала ўсім купальцам у фінале кіраўніца ЦБК Жанна Раманоўская — і ўсе разам спявалі знакамітую нашу песню “Касіў Ясь канюшыну”.

Усе чатыры гадзіны ў парку працавалі творчыя майстэрні розных суполак, дзе можна было атрымаць карысную інфармацыю, навучыцца нешта майстраваць. Напрыклад, супрацоўнікі ЦБК вучылі рабіць выцінанку, актывісты суполкі “Уздым” — ляльку-абярэг, а полацкія рамеснікі — саламяныя сувеніры і льняных Хатнічкаў.

Свята-квэст “Беларускае Купалле” ладзіў даўгаўпілскі ЦБК пры падтрымцы Мінкультуры, гарадскога Упраўлення культуры, Цэнтра латышскай культуры, грамадскіх арганізацый “Patvērums “Drošā māja”, “Sadarbības platforma” “Informācijas centrs imigrantiem”. Выказваем удзячнасць усім, хто спрыяў нам у працы, аказаў інфападтрымку свята.

Жанна Раманоўская, г. Даўгаўпілс

Голас Радзімы № 27 (3531), чацвер, 20 ліпеня, 2017 у PDF

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter