Купалаўцы — пакаленню NEXT

Стаць больш культурнымі сучасным юнакам і дзяўчатам дапаможа Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы.Гэта задача і стала галоўнай у праграме, распрацаванай Міністэрствам адукацыі Беларусі і купалаўцамі. Яна павінна паспрыяць фарміраванню культуры ў студэнцкім асяроддзі. Першая сустрэча ў рамках акцыі адбылася ў час спектакля "Вечар", які быў паказаны для студэнтаў Беларускага дзяржаўнага універсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Міністр адукацыі Беларусі Аляксандр Радзькоў на першай творчай сустрэчы адзначыў, што тэатральнае мастацтва неабходна даносіць да сённяшніх студэнтаў, кола інтарэсаў якіх па большасці замыкаецца на Інтэрнеце. "Я лічу вельмі важным набліжэнне студэнтаў да літаратурнага слова, — сказаў міністр. — Тэатр — гэта выхаванне культурай, ён павінен адказваць на пытанні сучаснага грамадства".
Дзякуючы праграме "Купалаўцы — вучэбным установам краіны" навучэнцы каледжаў, вучылішчаў, студэнты змогуць першымі знаёміцца з прэм`ернымі спектаклямі, удзельнічаць у майстар-класах, творчых сустрэчах, бываць на лекцыях па акцёрскім майстэрстве і сцэнічнай мове. Для іх будуць дэманстравацца фільмы з удзелам вядучых майстроў беларускага тэатра.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter