Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Верш грузінскага паэта Татаоза Рухелі “Чалавек!” пераклалі на беларускую мову

Купала на жыццё натхніў

Верш грузінскага паэта Татаоза Рухелі “Чалавек!”, у якім згадваецца Янка Купала, пераклала на беларускую мову старшыня суполкі “Беларускія сябры” ў Тбілісі Вольга Градзінар

Я. Колас і Я. Купала ў Грузіі
Сусвет, кажуць, з радасцю выконвае нашыя шчырыя просьбы. У адным з рэпартажаў пра Янку Купалу, які выйшаў на беларуска-грузінскім інтэрнэт-партале mamuli.by, мы звярнуліся з просьбай да чытачоў: “Магчыма, у каго ў архівах захаваліся фатаграфіі або дакументы, звязаныя з “грузінскімі матывамі” ў творчасці Песняра. Мы будзем вельмі ўдзячныя за любую інфармацыю!”. Пасля таго геаграфія міжнароднага праекта “Янка Купала ў дыялогу культур” пашырылася выставай “Грузія, дружная з сонцам краіна!”. Экспанавалася яна ў двух выдатных кутках Грузіі: курортным мястэчку Цхалтуба і ў горадзе Багдаці.

Ініцыятары і арганізатары праекта ў Грузіі шчыра палюбілі беларускага паэта. Нядзіўна, што Тамты Вардасанідзе, супрацоўніца Дэпартамента па курортах і турызме муніцыпалітэта горада Цхалтуба, звярнула ўвагу на размешчаны ў інтэрнэце верш грузінскага паэта Татаоза Рухелі, у якім згадваецца Янка Купала. Невялікае даследаванне й прывяло да рэальнага чалавека. Так мы пазнаёміліся з Гіяй Путкарадзэ.

Татаоз Рухелі (Гія Путкарадзэ) нарадзіўся ў 1960 годзе ў Заходняй Грузіі, у сяле Рухі недалёка ад Зугдзідзі (адтуль і псеўданім Рухелі). У 1977-м закончыў школу, а ў 1980-м паступіў у Данскі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт у Растове-на-Доне, дзе і жыве цяпер з сям’ёй. У 1976 годзе пачаў пісаць вершы, у якіх адлюстраваны яго любоў да роднай Грузіі, любоў да Бога і людзей.

Верш “Чалавек!”, пра які тут ідзе гаворка, напісаны ў 1988-м: аўтару было 28. Каб зразумець, пра што верш, і ў якім ключы ў ім згадваецца беларускі Пясняр, я звярнулася да Мзіі Акобія, добрага сябра Купалаўскага музея ў Мінску, з просьбай зрабіць падрадковы пераклад. Атрымаўшы яго, з захапленнем прачытала своеасаблівы асабісты маніфест маладога паэта, у якім ён кажа пра выдатных людзей, творцаў, стваральнікаў — сярод іх і наш Янка Купала. Вось уражанні Мзіі: “Я была ўзрушаная. Прычым аўтар згадвае Янку Купалу ў кантэксце таго, што менавіта ён прыводзіць яго ў пачуццё, ажыўляе, адухаўляе. Ацэнка паэту нададзена тут найвышэйшая”.

А мне вельмі захацелася, каб гэты верш загучаў па-беларуску. І ён загучаў — у выдатным перакладзе Вольгі Градзінар (пераклад глядзіце на сайце Капалаўскага музея). Там ёсць такі радок: “Купала зноў на жыццё натхніў”... Думаю, заканамерна, што верш, напісаны ў 1988 годзе, знайшоўся ў юбілейны год Янкі Купалы. І вядома, гэта — падарунак Песняру. Бо яшчэ ў 1905 годзе, на самым пачатку творчасці, у вершы “Чаго б я хацеў...” Янка Купала напісаў: “Дык жа знайце, чаго б я хацеў,/ Аб чым думачкі толькі мае:/ Каб мой люд маю песню запеў/ І пазнаў, аб чым песня пяе!”. Хочацца верыць, што верш “Чалавек!” Татаоза Рухелі надасць імпульс да ажыццяўлення мары Песняра. Таму што Сусвет рана ці позна адказвае на нашыя шчырыя просьбы.

Эліна Свірыдовіч, супрацоўніца Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы

Голас Радзімы № 34 (3538), чацвер, 7 верасня, 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter