Кумаўство

Чаму сваяцкiя адносiны нярэдка бяруць верх над вытворчымi, дзелавымi?

Чаму сваяцкiя адносiны нярэдка бяруць верх над вытворчымi, дзелавымi?

— Ты нi на якiм прадпрыемстве не ўтрымаўся, куды цяпер пойдзеш працаваць?

— Да кума на завод, ён там у высокiх начальнiках.

— Сядзеш яму на карак, людзi будуць папiкаць...

— Не ведаеш кума, ён такую каманду збiў са сваякоў, усе баяцца чапляцца...

Вось такую размову цi то таварышукоў, цi проста знаёмых давялося чуць у грамадскiм транспарце. Тэма актуальная. Кум, сват, брат: пайшло-паехала... Толькi ў якi бок? Зразумелая справа – адхапiць больш, лепшы кавалак урваць. Ты – мне, я – табе. Свой заганны круг. Ад якога пакутуе калектыў, грамадскiя iнтарэсы.

Памятаю, у нашым горадзе дырэктар аднаго з пасрэднiцкiх прадпрыемстваў раптам стаў дэпутатам гарадскога, абласнога Савета, а потым i вышэйшага заканадаўчага органа краiны. Усе здзiўлялiся: хто яго «штурхае»? Аказалася, адна высокая асоба па сваяцкай лiнii ў вобласцi. Як той пайшоў «унiз», дык i гэты, не стала яго чуваць... «Дарма займаў чыёсьцi месца, — мiжволi думаецца, — каб быў больш варты чалавек, пэўна, i справы лепш бы вырашалiся».

Якраз на гэту заганную з’яву сваяцкiх сувязей на нiжэйшым i больш высокiм узроўнi звярнуў увагу кiраўнiк нашай дзяржавы Аляксандр Лукашэнка, выступаючы нядаўна перад аўдыторыяй ў Акадэмii кiравання пры Прэзiдэнце Рэспублiкi Беларусь. «Ад яе трэба тэрмiнова пазбаўляцца, — сказаў Аляксандр Рыгоравiч, — i чым раней, тым лепш для грамадства, усiх нас».

Яна, можна сказаць, перажытак мiнулага, тых вытворчых адносiн, калi можна было схавацца за спiну калектыву, таварышаў па працы. Цяпер, калi вытворчасць робiцца ўсё больш празрыстай, прыватнiк прыходзiць да яе кiравання, гэта рабiць усё больш складана, амаль немагчыма. Мяркую хаця б па вытворчай фiрме «БАРРО». На гэтым прадпрыемстве працуе брат дырэктара. Дык да яго патрабаваннi большыя, чым да каго-небудзь: «Ты, як родзiч, павiнен падаваць прыклад ва ўсiм»! Работнiкi выдатна ставяцца да такiх узаемаадносiн братоў i iмкнуцца падцягвацца да самага высокага ўзроўню.

Кумаўство, сватаўство, iншыя прыватныя сувязi – наколькi гэта добра, настолькi i дрэнна – гэта вам не жарты. У Бабруйску памятаюць выпадак, калi пасварылiся двое сватоў-кiраўнiкоў былой футравай фабрыкi, пачалi выкрываць адзiн аднаго... Скончылася тым, што абодва селi за краты, толькi з той рознiцай: адзiн на большы тэрмiн, другi — на меншы, падмачылi рэпутацыю прадпрыемства.

Цi вось яшчэ факт, пра якi расказваў жыхар пасёлка Туголiца на прыёме ў членаў прэзiдэнцкай мiжведамаснай камiсii, што працавала нейкi час у нашым горадзе. Тры гады таму не па сваёй вiне ён трапiў у аўтамабiльную аварыю. Аднак дарожна-транспартнае здарэнне павесiлi на яго. Тут пастараўся кум вiноўнiка ДТЗ – работнiк ДАI, якi перавярнуў усё з ног на галаву... Давялося праз суд адстайваць справядлiвасць (праўда, страхоўку за панесены ўрон чалавек да гэтага часу не змог атрымаць, бо яе выдалi iншаму). Аднак у гэтай гiсторыi трагiчны канец: той вадзiцель, якi быў вiноўнiкам аварыi, але мiнуў пакарання, стаў прычынай яшчэ адной аўтакатастрофы, на ўсё жыццё застаўся iнвалiдам. Вось якую мядзведжую паслугу аказаў кум, якiм зараз займаюцца следчыя органы...

Хаця, з iншага боку, колькi прыкладаў можна прывесцi, калi на адным прадпрыемстве, у адной арганiзацыi працуюць i кумы, i сваты, i браты i нiчым гэтага не выдаюць. Як усе. Залежыць, мабыць, ад характару, выхаванасцi, таго разумення, што дома – гэта адно, на працы – зусiм iншае, сумленна выконвай свае абавязкi!

А той, хто гэта не да канца ўсвядомiў i хоча выкарыстоўваць сваяцкiя сувязi ў асабiстых мэтах, гуляе з агнём: рана цi позна яго замашкi будуць выкрыты. Людзi такога не пацерпяць. Не той час!

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter