Кулікі не плачуць — яны спяваюць! У гэтым пераканаліся ўдзельнікі і госці незвычайнага фестывалю.

Ці ведалі вы, што знакаміты на ўсю Беларусь горад Тураў — бадай, самы “птушыны” горад нашай краіны? Ці маглі вы ўявіць, што ў гэтым старажытным горадзе ёсць свая Чырвоная плошча? А яна сапраўды ёсць! І менавіта на гэтым пляцы ў першы майскі дзень разгарнуў свае цёплыя крылы птушыны фестываль, а дакладней, фестываль кулікоў, наладжаны Жыткавіцкім райвыканкамам, Тураўскім гарадскім Саветам дэпутатаў разам з грамадскай арганізацыяй “Ахова птушак Бацькаўшчыны”. У гэты дзень да паслуг тураўчан былі і майстар-класы,  і конкурсы, і гульні, і выставы, і танцы-скокі, і тэатральная пастаноўка, і нават самы сапраўдны кірмаш. Пры гэтым усё пералічанае было прысвечана птушкам, ды не абы-якім, а галоўным героям тураўскага наваколля і самога фэсту — кулікам.
Моцна “задумаліся” на птушыную тэму тураўскія артысты. Гэта трэба было чуць, як кранальна і міла прагучалі ў выкананні фальклорных калектываў беларускія народныя песні пра птушак! Вось ці задумваліся вы калі-небудзь над тым, што беларускія кулікі — моднікі такія, што ого-го?! А юныя тураўчане прыдумалі  цэлае шоу пад назвай “Кулічыная мода”. Прафесійныя мадэлі Цэнтра маладзёжнай моды БДУ сталі да яго раскошным дадаткам, і настолькі раскошным, што нават пажылыя палешукі ў “глядзельнай зале” без шкадавання пляскалі ў свае спрацаваныя далоні...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter