Куды спяшаюцца аленікі

Зіма пачалася неяк раптоўна. Прырода не паспела падрыхтавацца да яе як след. Ды і людзі таксама яшчэ не чакалі халадоў.У разгары было бабіна лета. З дрэў звісалі павуцінкі. Усюды снавалі павучкі, жучкі і ўсялякая іншая дробязь. Звяры паважна гулялі па лесе, не спяшаючыся ўдыхалі асалоду ад цёплых дзянькоў ды розных прысмакаў, якімі частавала іх гаспадыня Восень.

Трэба сказаць, што Восень сапраўды была добрай гаспадыняй. У яе былі такія пачастункі! Не адарвацца. Усім падабаліся: і людзям, і звярам, і птушкам.
А як яна сачыла за прыгажосцю ў сваіх уладаннях! Такое хараство рэдка дзе знойдзеш. Усё распісвала ўручную: кожную галінку, кожны лісточак. Мастачка, ды і толькі. Ды яшчэ паспявала кожны год праводзіць конкурс карункаў сярод павучкоў. Якіх прыгожых тонкіх работ яны толькі не дасылалі на гэты конкурс! І за ўсім гэтым Восень паспявала сачыць, з усім спраўлялася. Амаль усю работу выконвала сама. Быў у яе, праўда, памочнік Лістападзік. Ён акуратна збіраў лісточкі, калі прыходзіла пара перадаваць эстафету Зіме. Але перад гэтай важнай справай заўсёды ладзіўся баль. Восень ніколі не шкадавала для гэтага свята залатых убораў, усялякіх упрыгожанняў, яркіх фарбаў і добрага настрою. Лістападзік таксама любіў пакружыцца ў вальсе з гарэзлівымі лісточкамі. Гэта было сапраўднае свята. Гэта быў прыгожы баль. Так было заўсёды: з года ў год.
Але раптам гэты парадак парушыўся. І ўсё з-за свавольства цёткі Мяцеліцы. Яе даўно ўжо ніхто не баяўся. Вось яна і пакрыўдзілася, вырашыла паказаць, на што здольная.
У разгар падрыхтоўкі да асенняга балю Мяцеліца ўварвалася ў асенні лес і закружыла ўсіх у сваім халодным танцы. Усе лісточкі, як ні стараліся трымацца за свае галінкі, усё ж такі адарваліся ад іх і вымушаны былі ляцець туды, куды гнала іх Мяцеліца. А гнала яна іх далей ад асенняга лесу, далей ад свята.
Трэба адзначыць, што Мяцеліца была памочніцай у Зімы. Наогул у Зімы было шмат памочнікаў. Прызнаны мастак і архітэктар Мароз маляваў на вокнах дзівосныя ўзоры, узводзіў на рэках ледзяныя масты. Снегапад меў звычку заўсёды падаць. І калі гэты няўклюдны пухнаты весялун у чарговы раз падаў, з яго кішэняў разляталіся ва ўсе бакі ўсялякія прыгожанькія дробязі, якія людзі называюць сняжынкамі. Дзед Мароз рыхтаваў да навагодняга свята мноства самых розных падарункаў і салодкіх пачастункаў. І так завіхаліся ўсе памочнікі Зімы. У Мяцеліцы таксама былі свае абавязкі. Але чамусьці ў гэтым годзе яна вырашыла пасваволіць. Аднак гэта не так ужо і проста зрабіць у царстве Прыроды.
Штосьці няладнае заўважыў галоўны Вецер. Вельмі ж разгуляліся яго паўночныя Ветрыкі. Не пара ім яшчэ так далёка лётаць. Вось ён і вырашыў разабрацца, у чым справа. Ад жоўтых лісточкаў Вецер даведаўся, чаго нарабіла Мяцеліца. Ён дагнаў іх, і яны паляцелі яшчэ хутчэй, бо ператварыліся ў хуткіх аленяў. Стары Вецер усё можа. Ён шмат гадоў жыве на свеце і бачыў не такія дзівосы. Дык вось Вецер адправіў аленяў, якія яшчэ нядаўна былі лісточкамі, да Дзеда Мароза. Той як-ніяк, а галоўны памочнік у Зімы.
І Дзед Мароз, зразумела, змог выправіць становішча. Ён адправіў разам з аленікамі тысячы яркіх прыгожых падарункаў, каб людзі не сумавалі, што баль не адбыўся, перадаў дрэвам і кустам самае моднае і цёпленькае ўбранне (пуховыя накідкі, расшытыя бліскучымі зорачкамі). Ну і, вядома, упэўніў, што свята абавязкова адбудзецца. Казаў, што сам абавязкова прыедзе. А лісточкаў папрасіў, каб яны пабылі аленікамі. Лісточкі згадзіліся. Мяцеліца больш не сваволіла. Яна засаромелася. І нават папрасіла ў Восені прабачэння. А лісточкам так спадабалася быць аленікамі, што яны вырашылі кожную зіму дапамагаць Дзеду Марозу развозіць падарункі і катаць на санках дзяцей.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter