Ксёндз Кірыл Бардонаў: жыццё без цвікоў

У нядзелю перад Вялікаднем католікі і праваслаўныя адзначаюць Пальмовую, або Вербную, нядзелю. Натоўп з пальмавымі галінкамі ў руках вітаў Хрыста, які на асле ўязджаў у Іерусалім. Паколькі пальмы ў нас не растуць, на ўспамін пра гэтую падзею вернікі прыносяць у святыні ўпрыгожаныя галінкі вярбы.


Літургія Касцёла (Царквы) не проста запрашае нас успомніць пра падзеі, якія адбыліся прыкладна дзве тысячы гадоў таму. Бог існуе па-за часам, таму гэтыя падзеі ізноў паўтараюцца падчас кожнай Вербнай нядзелі, Вялікадня, Раства і гэтак далей.

Для некаторых у кожным свяце важна толькі нешта знешняе, тое, да чаго можна дакрануцца. Для такой прымітыўнай пабожнасці асновай Вербнай нядзелі з’яўляецца асвячэнне вербных галінак. Аднак можна і без вярбы адзначыць гэта свята, як робяць у некаторых краінах.

Хрыстос не сказаў: “Шчаслівыя, хто асвячае вербныя галінкі”. Яго словы гучаць зусім па-іншаму: “Шчаслівыя засмучаныя, галодныя і прагнучыя справядлівасці, чыстыя сэрцам, каго пераследуюць за справядлівасць...” Менавіта ў гэтым праяўляецца драма Вербнай нядзелі — натоўп гатовы вітаць Хрыста, радавацца, бо ўсе радуюцца. Аднак ніхто з гэтага натоўпу не гатовы абараніць Месію тады, калі яго асуджаюць на смерць.

Нам проста верыць тады, калі верыць лёгка, калі мы можам віншаваць адзін аднаго са святамі, запрашаць на шлюб сяброў, выбіраць хросных бацькоў для дзіцяці і гэтак далей. Вельмі складана верыць тады, калі трэба ісці насуперак настроям натоўпу, тэндэнцыям, якія распаўсюджаны ў грамадстве.

А калі Збаўца аказваецца патрабуючым, ад яго адварочваецца натоўп.

Адна з галоўных спакусаў чалавека — спакуса адчуваць недахоп любові. Шукаючы гэтай любові, мы выкарыстоўваем іншых, падманваем, маніпулюем, не паважаем іх пачуцці. Той, хто выкарыстоўвае іншых, сам будзе выкарыстаны, ён трапіць на дарогу разнастайных залежнасцей. Галоўныя хрысціянскія ўчынкі — малітва, пост і дапамога тым, хто мае ў гэтым патрэбу. У гэтым і праяўляецца сапраўдная любоў. Аднак той, хто моліцца, посціць і дапамагае для таго, каб адчуваць сябе лепшым за іншых, робіць гэта без ніякіх пазітыўных эфектаў для сваёй душы.

Кантэкстам Вербнай нядзелі з’яўляецца смерць Хрыста на крыжы, якая мела месца праз некалькі дзён пасля ўезду ў Іерусалім. “Гэта не цвікі Цябе прыбівалі, а мой грэх...” — спяваецца ў адной з рэлігійных песень. Хай бы такіх цвікоў у нашым жыцці было як мага менш.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter