Крыжовы шлях

Апошнiя яго метры можна адолець толькi на трактары

Апошнiя яго метры можна адолець толькi на трактары

Пенсiянерка з вёскi Малы Поўсвiж Лепельскага раёна 73-гадовая Галiна Куньчэўская даслала ў газету лiст, у якiм узняла хоць i мясцовую, але сацыяльна вострую праблему. Яна з сумам разважае, што некалi iх вёска, а таксама навакольныя Валатоўкi, Вобалачча, Рэутполле i шэраг iншых былi вялiкiмi i мнагалюднымi. Цяпер жа засталiся тут амаль адны адзiнокiя i састарэлыя пенсiянеры. Ды i тыя адзiн за адным перабiраюцца да вечнага прытулку. Там ужо больш насельнiкаў, чым жывых у навакольных вёсках. А вось дабрацца да могiлак, асаблiва пасля непагадзi, вельмi цяжка. Часам толькi на трактары можна праехаць. I калi ў такую пару з’яўляецца чарговы нябожчык, сотнi метраў даводзiцца несцi труну на руках. Добра, калi з горада прыедуць маладыя ды дужыя родзiчы, а так самiм i сiл няма даставiць памерлага да апошняга прытулку…

Карацей кажучы, праблема ў тым, каб нейкiм чынам палепшыць мясцовыя ўнутрыгаспадарчыя дарогi. Пра яе значнасць i магчымыя шляхi вырашэння мне давялося размаўляць з двума кiраўнiкамi сельскiх Саветаў. З прычыны таго, што на гэтых могiлках хаваюць родных жыхары i iншых вёсак Валосавiцкага i Лепельскага сельсаветаў.

Старшыня Валосавiцкага сельсавета Тамара Хацкевiч у размове з карэспандэнтам «Р» згадзiлася, што праблема сапраўды iснуе. Большасць вёсак састарэлi.
Наваколле пазарастала хмызняком i травой. I пад’езд да могiлак не заўсёды зручны. Але хто возьмецца пракладваць добры шлях праз так званыя неперспектыўныя вёскi?

— Раю вам пагутарыць з Адамам Васiльевiчам, маiм суседам па мясцовай уладзе, — прапанавала яна. – Магчыма, у яго будуць слушныя прапановы i меркаваннi.

Кiраўнiк Лепельскага сельсавета Адам Ташлiковiч рэальных шляхоў вырашэння праблемы на мясцовым узроўнi ў блiжэйшы час не бачыць.

Па вялiкiм рахунку, унутрыгаспадарчыя дарогi ў глыбiнцы занядбаныя. Цяпер усе сiлы i сродкi кiнуты на добраўпарадкаванне аграгарадкоў. Але ж, думаецца, старшынi двух сельскiх Саветаў павiнны аб’яднаць свае намаганнi. Калi ўжо не асфальт, дык хаця б прыстойную падсыпку дарожнага палатна зрабiць. Бо хаця вакол пагоста вёскi патроху знiкаюць, многiя былыя iх жыхары, з тых, хто з’ехаў у горад, часцяком самi даюць запавет пахаваць iх на малой радзiме...

Каментарый па тэме

— Так гiстарычна склалася, што вёска Рэутполле сама практычна знiкла з твару зямлi. Жыхароў тут ужо няма. Застаецца падрыхтаваць адпаведную дакументацыю, каб выкраслiць азначаны населены пункт з геаграфiчнай карты раёна, — кажа намеснiк старшынi Лепельскага райвыканкама Мiкалай НIКIЦIН. — А вось могiлкi, дзе знайшлi свой апошнi прытулак нябожчыкi не аднаго пакалення, былi, ёсць i будуць. Але нязручнасць у тым, што да вёскi Рэутполле праезд адносна добры, а вось да могiлак прыкладна з кiламетр па зарослым хмызам i травой наваколлi на сучас-най тэхнiцы не праехаць. На сённяшнi дзень раённыя ўлады не маюць магчымасцi пракладваць дарогу да старых могiлак з вёскi, дзе нiхто не жыве. Але ёсць добрая дарога праз вёску Замошша, што на мяжы з суседнiм Чашнiцкiм раёнам. Адтуль можна праехаць да могiлак ля вёскi Рэутполле ў любое надвор’е i любую пару года.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter