Крыжакі не пройдуць! У Навагрудку будуць уладарыць рыцары, дамы і кодэкс гонару.

Да 600-годдзя Грунвальдскай бітвы (а адзначым мы гэту дату 15 ліпеня) у Наваградку аднесліся паважна і падрыхтаваліся сур’ёзна.
Сёлетні фестываль, што пройдзе ў выхадныя дні,  прысвечаны юбілею гістарычнай бітвы ля Грунвальда, калі польска-літоўскае войска разбіла крыжакоў тэўтонскага ордэна. Месца святкавання было абрана невыпадкова. Чакаецца, што свята збярэ каля 40 тысяч гасцей з розных краін свету.
Праграма шоу будзе разнастайнай: беларускі этап адкрытага Кубка Еўропы па гістарычнаму фехтаванню, нацыянальная кухня, музычныя і тэатральныя пастаноўкі, файер-шоу. Што пахвальна, канцэрты захаваюць сярэднявечны каларыт — ніякай папсы. Пачнецца фестываль з тэатралізаванага шэсця з удзелам князя Вітаўта і караля Ягайлы са сваімі світамі. На Замкавай гары будзе арганізавана рысталішча — адбудуцца паказальныя выступленні клубаў гістарычнай рэканструкцыі і музыкаў. 27 ліпеня цэнтральным і ўжо традыцыйным для фестывалю перфомансам стане шматлюдная інсцэніроўка “Штурм крыжакамі Навагрудскага замка”.
Большасць мерапрыемстваў фестывалю будуць платнымі. Мажліва, узнікнуць праблемы з жыллём. Аматары аўтэнтычных святаў ужо замовілі сабе нумары ў гатэлях або знялі кватэры. Непераборлівай публіцы, напрыклад студэнтам, кіраўніцтва горада выдзеліла цэлае поле ў прыгарадзе Навагрудка, дзе можна будзе паставіць палатку і прыгатаваць ежу ў сапраўдных паходных умовах.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter