Крынічкі святая вада. Урачыстасць асвячэння адноўленай католікамі 600-гадовай крыніцы адбылася ў Валожынскім раёне

Урачыстасць асвячэння адноўленай 600-гадовай старажытнай крынічкі адбылася
3 кастрычніка ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёна. На святочнае мерапрыемства прыехаў Архіепіскап Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Як расказаў карэспандэнту настаяцель касцёла святых Сымона і Алены Уладзіслаў Завальнюк, праект па аднаўленню крынічкі мае вялікі духоўны сэнс — яна нясе сваю чыстую ваду людзям усіх веравызнанняў, быццам ачышчаючы душы і аб’ядноўваючы іх разам.
Вішнева, знакамітае яшчэ з даўніх часоў культурным і духоўным развіццём, сёння ўпершыню за апошнія дзесяцігоддзі стала месцам правядзення такіх маштабных урачыстасцей. У вёску з’ехалася шмат гасцей, прадстаўнікоў мясцовых органаў улады, каталіцкіх і праваслаўных служыцеляў. З самай раніцы да касцёла пацягнуліся мясцовыя жыхары — як католікі, так і праваслаўныя. Гэта было агульнае для людзей усіх веравызнанняў свята. Дарэчы, вельмі сімвалічна, што ў вёсцы каталіцкі і праваслаўны храмы размешчаны па-суседству. А чыстая крынічка, якая б’е ў лагчынцы, стала свайго роду яшчэ адным сімвалам яднання ўсіх канфесій і цэркваў.
Вядома, што да гэтай старажытнай крыніцы яшчэ ў ХIV стагоддзі заязджалі напіцца чысцейшай вады літоўскія князі. Некаторы час крынічка была закінутай, але дзякуючы намаганням і пад кіраўніцтвам ксяндза-магістра Уладзіслава Завальнюка ўсё гэта лета і пачатак восені праводзілася карпатлівая праца па аднаўленню і ачышчэнню старажытнай беларускай святыні. Дапамагаў у правядзенні работ ксёндз касцёла Найсвяцейнай Дзевы Марыі ў Вішневе Уладзіслаў Шышла.
Уладзіслаў Завальнюк расказаў, што мяркуецца яшчэ больш узвялічыць гэта святое месца, узвесці купал над крынічкай, які з чатырох бакоў будуць абрамляць абразы. Сімвалічна, што два абразы будуць каталіцкія, а два па просьбе праваслаўных веруючых — праваслаўныя.
Побач з крынічкай, што цячэ ў бок старажытнага касцёла, разбіты вішнёвы сад — 250 са-
джанцаў пасаджана на месцы старога саду. Паводле легенды, менавіта тут у канцы XІV стагоддзя мужчыну, які маліўся сярод вішнёвых дрэў, з’явілася Божая Маці з просьбай аб заснаванні на гэтым месцы святога касцёла, які будзе стаяць да сканчэння свету. Пазней недалёка з-пад зямлі пачала біць чыстая крынічка.
На месцы з’яўлення Божай Маці ў 1424 годзе мясцовыя жыхары ўзвялі першы драўляны касцёл, які пазней перабудавалі ў каменны. Касцёл на працягу шасці стагоддзяў абміналі ўсе войны, пажары, ліхалецці. Ён і сёння велічна паўстае перад прыхаджанамі
ва ўсёй сваёй старажытнай пры-гажосці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter