«Крылатага натхнення дзіўны край»

Прэс-тур пісьменнікаў і журналістаў наведаў Гродзеншчыну

Чарговай кропкай на карце Беларусі, якую наведалі сябры ГА «СПБ», стала Гродзеншчына

Радок з верша нашай сучасніцы паэтэсы Алы Клемянок у загаловак вынесены не выпадкова. На працягу двух дзён горад над Нёманам, увесь у пышнай квецені каштанаў і бэзу, шчыра прапаноўваў таленавітым і імянітым творцам сучаснай беларускай літаратуры, тым, для каго роднае слова стала сэнсам жыцця, пазнаёміцца са сваёй гісторыяй, сакрэтамі, аўрай, жыхарамі, дзяліўся з гасцямі магчымасцю адшукаць тое самае натхненне, а таксама новыя тэмы, герояў, сюжэты і новых чытачоў.

Дзень першы

Знаёмства з рэгіёнам пачалося для гасцей з сустрэчы са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Сямёнам Шапірам, які адказаў на пытанні, што цікавяць творчых лю-дзей. Тэмы ўзнімаліся самыя розныя: нашых пісьменнікаў і паэтаў хвалюе ўсё тое, чым жыве краіна, пра што думаюць людзі. Сямён Шапіра расказаў аб завяршэнні будаўніцтва Нёманскай ГЭС, ходзе і перспектывах ўзвядзення першай беларускай АЭС у Астраўцы, аб эканамічных аспектах развіцця энергетыкі ў рэгіёне. Яшчэ адной тэмай стала захаванне гістарычнай спадчыны, якой, як ніякі іншы рэгіён, багатая гро-дзенская зямля. Кіраўнік абласной улады запэўніў, што пытанні кансервацыі, рэканструкцыі, рэстаўрацыі гістарычных помнікаў вырашаюцца пазітыўна. Адкрыты ўнікальны замкавы комплекс у Міры, аднаўляецца Лідскі замак, у наступным годзе пачнуцца маштабныя работы ў старажытным Старым замку ў Гродне. Дзякуючы намаганням улады знайшлі новых гаспадароў паўтара дзясятка старадаўніх будынкаў у гістарычным цэнтры горада над Нёманам.

Зацікавіла гасцей і становішча спраў у аграрным комплексе Гродзеншчыны, прагучала пытанне аб тым, ці ёсць у гаспадарках кіраўнікі, якія змогуць годна трымаць высокую планку, узнятую масцітымі гродзенскімі старшынямі, трое з якіх былі ўдастоены звання Героя Беларусі.

— Фёдар Сянько, чыё імя ўжо стала легендай на Гарадзеншчыне, узначаліў калгас «Прагрэс» у 23 гады, — нагадаў Сямён Шапіра. — І мы сёння таксама робім стаўку на маладых. Яны апраўдваюць давер. Такімі вядомымі гаспадаркамі, як «Гудзевічы» ў Мастоўскім, «Хоцькаўцы» ў Ваўкавыскім раёне і многімі іншымі, сёння кіруюць маладыя людзі. І справа ў іх ладзіцца. З іншага боку, узрост не перашкода для працы на кіруючай пасадзе для дасведчаных, энергічных людзей. Такіх прыкладаў таксама нямала. У выніку па валавой вытворчасці мяса Гродзеншчына сёння займае другое месца ў Беларусі, саступаючы толькі Міншчыне, плошча якой значна больш; па надоях малака — трэцяе, услед за Мінскай і Брэсцкай абласцямі. У мінулым годзе мы пабудавалі 50 сучасных малочна-таварных ферм, у гэтым узводзім яшчэ 59. У 2013 годзе ў кожнай гаспадарцы рэгіёна будзе свой буйны комплекс, які будзе адказваць усім неабходным патрабаванням. Пры гэтым на Гро-дзеншчыне будаўніцтва ферм самае эканамічнае ў краіне. Мы выбралі аптымальны праект і рэалізуем яго паўсюдна.

Кіраўніцтва рэгіёна знаходзіць магчымасці вырашаць не толькі эканамічныя пытанні, але і падтрымліваць культуру, творчыя саюзы. Кіраўнік абласной арганізацыі Саюза пісьменнікаў Беларусі Людміла Кебіч выказала па-дзяку Сямёну Шапіру менавіта за гэта. Улада падтрымала ініцыятыву ўстановы абласнога пісьменніцкага конкурсу, дзякуючы дапамозе аблвыканкама выходзіць у свет альманах твораў гро-дзенскіх аўтараў, які Людміла Кебіч уручыла старшыні абласнога выканаўчага камітэта.

Значны арганізатарскі ўклад абласной улады ў развіццё нацыянальнай літаратуры адзначыў і прэзідыум Саюза пісьменнікаў. Сямёну Шапіру быў уручаны медаль «За вялікі ўклад у літаратуру».

Дзень другі

Пісьменнікаў і журналістаў чакалі таксама цікавыя і насычаныя сустрэчы з калегамі, прадстаўнікамі мясцовых органаў улады, студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў і навучэнцамі школ, гімназій і каледжу, ваеннаслужачымі Гродзенскай памежнай групы, працаўнікамі сельскагаспадарчых аб’ектаў. Вяліся канструктыўныя дыскусіі аб месцы сучаснай літаратуры і захаванні яе прэстыжу, аўтарытэце аўтараў, шляхах захавання самабытнай беларускай культуры, гучала шмат успамінаў, жартаў, жыццёвых гісторый. Новыя паэтычныя, празаічныя творы, экспромты ўдзельнікі вандроўкі па Прынёманні маглі прэзентаваць на творчых вечарынах. Багаты падарунак ад Саюза пісьменнікаў атрымала бібліятэка Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — цэлую скрыню выдатных твораў сучаснікаў беларускай літаратуры, якія абавязкова знойдуць практычнае прымяненне ў студэнтаў і выкладчыкаў.

«Святам для душы», «знакавай падзеяй для пісьменніцтва Беларусі, якая адбываецца раз у дзесяцігоддзі» назвалі гродзенцы сёлетнія сустрэчы з літаратарамі. Ды і госці не засталіся ў баку ад узаемных прызнанняў:

— Добра, што Саюз пісьменнікаў Беларусі аднавіў традыцыю творчых паездак па рэгіё-нах краіны, — лічыць празаік, рэдактар аддзела прозы часопіса «Маладосць» Анатоль Казлоў. — Мы праехалі ўжо па Мінскай і Магілёўскай абласцях. Для чалавека, які піша, дае новыя ўражанні, гэта вялікая дапамога. У Гародні пах гісторыі адчуваеш паўсюль, кожны будынак дыхае ёй. З гэтым неабходна знаёміцца. Гародня — адзін з тых гарадоў, куды хочацца ўвесь час прыязджаць. Трэба прайсціся па старажытных вуліцах, каб зразумець, што чалавек усё ж такі асоба, якая патрабуе адзіноты. У адзіноце ўсё нараджаецца. Гародня — мая любоў. Гэта адзіны куточак Беларусі, які пашкадавала гісторыя. І мне здаецца, адсюль выходзяць людзі вельмі моцныя, сапраўдныя асобы.

Не па чутках знаёмы з Гродзеншчынай і Васіль Шырко, паэт, публіцыст, галоўны рэдактар часопіса «Белая вежа». Ён аўтар трох кніг пра працаўнікоў лепшых сельскагаспадарчых аб’ектаў рэгіёна. Адна з іх — «Звездная россыпь» прысвечана СВК «Прагрэс-Верцялішкі», які на сваёй зямлі сустракаў літаратараў, яго вядомаму кіраўніку — Герою Беларусі Васілю Равяку і ўсім, хто знаходзіцца на перадавой у гэтай квітнеючай гаспадарцы.

— Сапраўды пісьменнік не можа знахо-дзіцца ў адным месцы, — упэўнена і старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення ГА «СПБ» Людміла Кебіч. — Трэба атрымліваць натхненне, знаходзіць герояў. Пісьменнік павінен ведаць сваю Радзіму, павінен бачыць яе. Гродзенская зямля абавязкова пакіне след у сэрцах нашых пісьменнікаў.

Ва ўнісон Людміле Антонаўне прагучалі і словы паэта, публіцыста, першага сакратара Саюза пісьменнікаў Беларусі, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Генадзя Пашкова:

— Тое, што можа пакінуць след у душы, не дазволіць застацца абыякавым. Мы атрымалі моцны імпульс, які выльецца ў натхненне і, як следства, у добрую літаратуру.

На здымку: гэтак удзельнiкаў тура сустракалi ў СВК «Прагрэс-Верцялiшкi».

Фота: БЕЛТА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter