Крушэнне надзей

Чарговае крушэнне лодкі з мігрантамі адбылося каля берагоў Егіпта
Чарговае крушэнне лодкі з мігрантамі адбылося каля берагоў Егіпта. Крушэнне надзей многіх бежанцаў на лепшую долю, якія так і не спраўдзіліся. Загінула больш за 200 чалавек з Паўночнай Афрыкі, што накіроўваліся ў Італію па так званым Міжземнаморскім маршруце, які стаў асноўным марскім шляхам у Еўропу пасля закрыцця балканскага калідора, — праз Турцыю ў Грэцыю. Нагадаю, што за апошнія два гады на Міжземнамор’і патанула шэсць тысяч чалавек, а з пачатку 2016-га да жаданых еўраберагоў даплыло больш за трыста тысяч уцекачоў. 

Іх колькасць не змяншаецца.  

ЕС мае намер заключыць здзелкі з Егіптам і Тунісам па аналогіі   пагаднення па бежанцах з Турцыяй. Лідар Германіі Ангела Меркель упэўнена: еўрапейцы павінны альбо дазволіць мігрантам вольна прыязджаць у Стары Свет, альбо трэба выкараніць прычыны, з-за якіх яны сюды бягуць (павялічыць фінансавую дапамогу іх дзяржавам). Хутчэй за ўсё, другая прапанова канцлера не будзе ажыццёўлена, паколькі заканчэння ваенных дзеянняў у Сірыі і Іраку пакуль не бачна,  нягледзячы на шматлікія намаганні. Эканомікі ў франтавым рэгіёне фактычна няма. Людзі — на мяжы гуманітарнай катастрофы. Да таго ж трэба ўлічваць і вайну ў Лівіі, якая накручвае новы віток. Кіраўнік лівійскай арміі накіраваў Уладзіміру Пуціну пасланне з просьбай да Расіі распачаць і ў гэтай краіне ваенную аперацыю супраць ісламістаў.    

Аднак не ўсё гладка і ў ЕС. Нават кандыдат у прэзідэнты ЗША Дональд Трамп папярэджвае, што масавая іміграцыя можа згубіць Еўрасаюз і зрабіць кантынент непазнавальным. А пакуль з-за мігрантаў Вялікабрытанія пабудуе на мяжы з Францыяй чатырохметровы бетонны мур працягласцю 1,6 км — не першую антыміграцыйную сцяну. Адначасова Франсуа Аланд загадаў знішчыць лагер бежанцаў у партовым Кале. 

Сёння, абараняючы нацыянальную ідэнтычнасць і звыклы лад жыцця, многія еўрапейскія краіны мяняюць заканадаўства, адмаўляюцца ад  мультыкультурнасці. Забараняюць паранджу, буркіні, іншую атрыбутыку большасці прыезджых. Ці проста іх дэпартуюць. Уздымае галаву і побытавая ксенафобія, назіраецца рост папулярнасці ультраправых партый, укараненне ідэй еўраскептыкаў. Еўрапейцы рэзка асуджаюць паводзіны афрыканцаў і арабаў, якім адкрылі “заходні рай”. Праўда, і самі бежанцы часам “паказваюць зубы” гэтай сістэме каштоўнасцей...

Не абмінула міграцыйная тэма і нашу краіну, дзе большасць тых, хто папрасіў у нас прытулак, — украінцы. Іх 160 тысяч. Мы вымушаны былі зрабіць усё магчымае, каб гэтыя людзі, пакінуўшы краіну-суседку, не засталіся без увагі беларускай дзяржавы.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter