Пристоличный агрогородок Крупица: от мировых музыкантов до родительского дома

Крупіца: ад сусветных музыкаў да бацькоўскага дому


З часоў Вялікага Княства Літоўскага ў розных кутках зямлі беларускай уладарылі магнаты Радзівілы. На пачатку ХVІІІ стагоддзя ва ўладанне заможнага роду ад шляхціцаў Халецкіх перайшлі паселішчы, размешчаныя паабапал ракі Пціч. Сярод іх была і Крупіца. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе вёска адышла да Мінскай губерні Расійскай імперыі. У цэнтры яе паўстала праваслаўная царква. Адкрылася народнае вучылішча. Дзейнічалі кузня, хлебазапасны магазін. На рацэ працаваў драўляны вадзяны млын. Па некалькі разоў на год ладзіліся кірмашы.

Не мінулі Крупіцу бурныя падзеі пачатку мінулага стагоддзя. У Першую сусветную вайну паселішча папераменна захоплівалі кайзераўскія войскі і белапалякі. Пасля ўсталявання савецкай улады сяляне арганізаваліся ў калгас «Новы быт». На пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя ў ім з’явіліся першы трактар «Фардзон-Пуцілавец» і грузавая палутарка. Гаспадарка мела сваю конеферму. На спаборніцтвы вершнікаў наведваўся ў Крупіцу легендарны палкаводзец Сямён Будзённы. Паглядзець на парад сельгасмашын прыязджаў кіраўнік беларускага ўрада Аляксандр Чарвякоў. 

З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў навакольных лясах пачалі арганізоўвацца партызанскія атрады. Актыўна дзейнічала камсамольскае і партыйнае падполле. Мемарыяльнай стэлай-пано ўшанавана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 

У пасляваенныя гады калгас «Новы быт» упэўнена развіваўся, удзельнічаў у ВДНГ. Крупіцу наведвалі палітычныя дзеячы — Мікіта Хрушчоў, Андрэй Грамыка, Пётр Машэраў, Кірыл Мазураў, замежныя госці. 

Сельгаспрадпрыемства рэфармавана ў ААТ «Рапс». Цэнтральная сядзіба — вёска Крупіца ў 2006 годзе атрымала статус аграгарадка. Славіцца гаспадарка руплівымі працаўнікамі і цудоўным аматарскім калектывам «Крупіцкія музыкі».


ПРЫСТАЛІЧНЫ аграгара­док Крупіца перасякае шлях да вядомага музейнага комплексу старадаўніх народных рамёстваў і тэхналогій «Дудуткі». Круглы год едуць сюды турысты. Чарговая вандроўка паклікала і мяне ў прывабны куточак Міншчыны.

Побач з аўтобусным прыпынкам адразу кінуўся ў вочы праваслаўны храм з пяццю залацістымі купаламі. Стромкія дрэвы ў скверы каля святыні ахутаў халодны асенні туман. Цішыня панавала ў прылягаючых жылых кварталах, забудаваных сучаснымі катэджамі. Галоўную вуліцу ўпрыгожваюць двухпавярховыя шматкватэрныя дамы. Велічна ўзвышаецца мемарыяльная стэла-пано з выбітымі прозвішчамі землякоў, загінуўшых у Вялікую Айчынную вайну. Вартавымі застылі перад Цэнтрам культуры імя Уладзіміра Грома высокія елкі. Адсюль пачалося знаёмства з аграгарадком.

Выступаюць «Крупіцкія музыкі».

З адкрытых дзвярэй актавай залы даносілася чароўная мелодыя. «Крупіцкія музыкі» рыхтаваліся да чарговага выступлення. У фае сустрэў дырэктара ўстановы Ірыну Дзернакоўскую. Месяц таму з Ірынай Зігмундаўнай пазнаёміўся ў суседняй вёсцы Пярэсека на імпрэзе, прысвечанай ушанаванню беларускага фатографа мінулага стагоддзя Яна Булгака. Яна разам з майстрам па габелене Настассяй Шпак пад мелодыі «Крупіцкіх музыкаў» прадстаўляла самаробныя работы.

На выступленнях вядомага калектыву неаднойчы даводзілася бываць. Доўгія гады ўзначальваў яго заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат прэміі 1966 года ў галіне мастацтва Уладзімір Гром. Музыкі заўжды выступаюць разам з народным ансамблем танца. Харэаграфіяй кіруе заслужаны работнік культуры Георгій Чорны. Самадзейны калектыў пастаянна адзначаецца на розных фестывалях, конкурсах. Артысты прадстаўлялі Беларусь на першай Сусветнай фалькларыядзе ў галандскім горадзе Брунсум. Ім апладзіравалі гледачы Бельгіі, Галандыі, Германіі, Італіі, Літвы, Польшчы, Францыі, Чэхіі, Эстоніі, Японіі, Кітая.

Майстар габеленаў Настасся ШПАК і дырэктар Цэнтра культуры имя У. Грома Ірына ДЗЕРНАКОЎСКАЯ. 

Як не стала Уладзіміра Грома, калектыў павяла выпускніца Беларускай дзяржакадэміі музыкі па класе акардэона Наталля Лісіца. Яна цудоўна валодае многімі музычнымі інструментамі, выдатна дырыжыруе і займаецца аранжыроўкай. Пастаянна насычае рэпертуар багатым беларускім фальклорам.

З савецкіх часоў у Крупіцы дзейнічае дзіцячая школа мастацтваў. Кіруе ёю член Саюза майстроў народнай творчасці Зоя Гром. Сорак хлопчыкаў і дзяўчынак займаюцца тут традыцыйнай керамікай. Абучае школьнікаў майстэрству лепкі сын Зоі Макараўны — Дзяніс Гром. Засвоіў ён выраб забытага музычнага інструмента акарыны. Вядомы расійскі прадзюсар Канстанцін Меладзэ заказваў іх у крупіцкага майстра. 

Дзяніс ГРОМ з маці Зояй Макараўнай у майстэрні дзіцячай школы мастацтваў. 

Пасля заканчэння Беларускага дзяржуніверсітэта культуры і мастацтваў Дзяніс Гром вярнуўся дамоў, займеў сям’ю. Жонка На­дзея Аляксандраўна выкладае родную мову і літаратуру ў сярэдняй школе. Яна актывістка Саюза майстроў народнай творчасці. У Громаў трое дзяцей. Старэйшая Алена віртуозна іграе на скрыпцы. Дзевяцігадовы Уладзімір засвойвае піяніна, а малодшая Паўлінка пераймае ад бацькоў майстэрства керамічнай лепкі. Такія ж апантаныя творчыя сем’і ў крупіцкіх культработнікаў Алены Баравік і Мікалая Андрука.

Спецыялісты Цэнтра культуры імя У. Грома Алена БАРАВІК з дачкою Марыяй і Мікалай АНДРУК.

Прыемна ўразіла бібліятэка аграгарадка. Размешчана яна на другім паверсе Цэнтра культуры. Абслугоўваюць чытачоў Людміла Пальчык і Людміла Літаровіч. Светлая чытальная зала аздоблена стэндамі, карцінамі, экспанатамі вясковага побыту. У цэнтры экспазіцыі — партрэты слынных землякоў: пісьменніка Івана Грамовіча, дзеяча культуры Уладзіміра Грома, гісторыка Уладзіміра Крука, паэта, аўтара абноўленага гімна Беларусі Уладзіміра Карызны, доктара тэхнічных навук Віктара Грыба, вучонага-медыка Фёдара Пастэрнацкага.

АСОБНЫ стэнд прысвечаны гераічнай барацьбе мясцовых жыхароў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За мужнасць і гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны 10 землякоў адзначаны ордэнам Славы.

Пра падпольную дзейнасць крупіцкіх народных мсціўцаў расказаў у сваёй кнізе «Бессмяротнасць Мінска» пісьменнік Іван Новікаў. Калгасны бухгалтар Аляксандр Лагацкі з першых дзён акупацыі наладзіў сувязь са сталічнымі падпольшчыкамі. Праводзілі агульныя дыверсіі супраць варожых салдат і афіцэраў. У выніку адной з такіх аперацый народныя мсціўцы знішчылі тры дзясяткі нямецкіх афіцэраў. Урадавымі ўзнагародамі была адзначана баявая дзейнасць падпольшчыкаў. Аляксандр Лагацкі атрымаў ордэн Чырвонай Зоркі.

У архівах бібліятэкі захаваліся ўнікальныя ўспаміны франтавікоў і партызан. Занатаваны расповед пра адважную зямлячку Веру Ламака. Перад вайной яна з бацькамі пераехала ў Гомель, дзе наведвала аэраклуб. У 1937 годзе ўдзельнічала ў паветраным парадзе ў Маскве. А на наступны год разам з лётчыцамі Палінай Асіпенка і Марынай Расковай на гідрасамалёце МП-1 здзейсніла бесперасадачны пералёт ад Чорнага да Белага мора. Без пасадкі лётчыцы былі ў паветры звыш 10 гадзін. У час вайны штурман знішчальнай дывізіі Вера Ламака нават пасля ранення кіравала эскадрылляй лёгкіх бамбардзіроўшчыкаў. Перамогу яна сустрэла ў павержаным Берліне. Васьмю баявымі ўзнагародамі адзначана мужная зямлячка.

УШАНАВАНЫ на стэндах бібліятэкі героі палёў і ферм гаспадаркі, рэфармаванай у ААТ «Рапс». Узначальвае калектыў выпускнік Беларускага дзяржагратэхуніверсітэта Міхаіл Ламака. У гэтыя апошнія дні восені адзначаецца 90-годдзе сельгаспрадпрыемства. Па вытворчых паказчыках яно ў ліку лепшых на Міншчыне. Спецыялізуецца на вытворчасці малака, збожжа і насення рапсу. 

З кожнага з 2000 гектараў хлебнай нівы атрымана па 54 цэнтнеры зерня. Валавы збор перавысіў 10 000 тон збожжа. У аграгарадку Крупіца і вёсцы Анопаль дзейнічаюць цэхі па перапрацоўцы насення рапсу. Пад гэту культуру штогод адводзіцца звыш 800 гектараў. 

На палях гаспадаркі працуе пераважна энерганасычаная тэхніка. Большасць машын і агрэгатаў пасля завяршэння палявых работ пастаўлена на захоўванне. Побач з ангарамі для тэхнікі ўзвышаюцца металічныя вежы са збожжам. 

Вартаўнік Браніслаў БУГЛАК.

На прахадной машынна-трактарнага парка мяне сустрэў вартаўнік Браніслаў Буглак. Амаль паўвека ён адпрацаваў шафёрам. Да выхаду на пенсію качагарыла ў крупіцкай кацельні жонка Леакадзія Антонаўна. Трымалі дзвюх кароў, свіней. Браніслаў Іосіфавіч трапна прыкмеціў, што цяпер нават на Каляды нідзе не піскне парсюк. Некалькі кароў на ўвесь аграгарадок. Заробкі ў працаўнікоў гаспадаркі ладныя. У магазінах багаты выбар свежых прадуктаў.

Інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка ААТ «Рапс» Віталь ЛАЗАРЧЫК.

Да нашай размовы далучыўся інжынер па эксплуатацыі машынна-трактарнага парка Віталь Лазарчык. Чацвёрты год пасля заканчэння сталічнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта ён працуе ў ААТ «Рапс». Не зманьвае яго сталіца. Сваё будучае бачыць у гаспадарцы. З Віталем Леанідавічам зазірнулі ў высокі ангар, дзе нібыта на выставе красаваліся больш 10 збожжа- і кормаўборачных камбайнаў. За рамонтам магутнага «Амкадора-342» засталі механізатара Сяргея Песняка. Дапамагаў яму слесар Валерый Рабека. У жніво магутная машына працавала на збожжатаку. Зараз самы час правесці яе тэхагляд. Сяргей Пясняк працуе на пагрузчыку не першы год. Перад заканчэннем Крупіцкай сярэдняй школы атрымаў пасведчанне трактарыста-машыніста і адразу папоўніў атрад механізатараў. Пасля жаніцьбы засяліліся ў дом ад гаспадаркі. У яго трое дзяцей. З дапамогай дзяржавы будуе ўласны дом. Маладыя сем’і працаўнікоў сельгаспрадпрыемства атрымліваюць жыллё. Пасля заканчэння сярэдняй школы працуюць механізатарамі Міхаіл Гранік і Дзмітрый Навуменка. Праблема замены механізатараў і жывёлаводаў хвалюе кіраўніцтва гас­падаркі. Даводзіцца што­раніцы прывозіць на працу механізатараў з навакольных вёсак Мінскага і суседняга Уздзенскага раёнаў. 

Механізатар Сяргей ПЯСНЯК і слесар Валерый РАБЕКА. 

НЕ здрадзіла родным мясцінам Ларыса Шабуня. Жыве ў бацькоўскім доме ў Анопалі і загадвае комплексна-прыёмным пунктам у Крупіцы. Пасля атрымання педагагічнай адукацыі вярнулася дамоў Марына Астроўка. Займела сям’ю. Муж Генадзь Іванавіч загадваў жывёлагадоўчай фермай. Марына Мікалаеўна настаўнічала. Цяпер кіруе Крупіцкім сельвыканкамам. Радуе яе, што аграгарадок прырос вуліцамі Васільковай, Заходняй, Жамчужнай, Пастэрнацкага. Попыт на сядзібы з кожным годам павялічваецца. Праз аўкцыён за год звычайна прадаецца дзясятак участкаў. Добраўпарадкоўваюцца населеныя пункты сельсавета. 

Старшыня сельвыканкама Марына АСТРОЎКА.

Сёлета ў аграгарадку ладзілася раённае свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Да яго старанна рыхтаваліся жыхары Крупіцы. Прымала гасцей у сваім доме і ветэран працы Лілія Вайцяхоўская. Да выхаду на пенсію яна даіла кароў на жывёлагадоўчай ферме ў вёсцы Чэрнікі. Муж Іван Іванавіч працаваў шафёрам. Аўдавелая Лілія Іосіфаўна жыве адна. Дзеці, унукі, праўнукі падтрымліваюць яе.

Загадчыца комплексна-прыёмнага пункта Ларыса ШАБУНЯ.

Завяршаючы вандроўку на вуліцы побач з будынкам сельвыканкама, убачыў, як двое мужчын ладзяць агароджу. Падышоў да іх. Павіталіся, і старэйшы, перад тым як назвацца, папярэдзіў, каб толькі я не ўпаў. Назваўся:

— Аляксандр Лукашэнка. 

А сын у яго Дзмітрый. Карані іх роду са Старога Шклова. І дадаў, што там у кожнага другога жыхара такое прозвішча. 

Ладзяць агароджу Аляксандр ЛУКАШЭНКА з сынам Дзмітрыем.

Разынкай аздобіла вандроўку гэтая сустрэча з руплівымі гаспадарамі Лукашэнкамі.

Што і казаць, як працавітымі людзьмі, так і цудоўнымі музыкамі славіцца прысталічны аграгарадок Крупіца.

Мінскі раён.

Фота аўтара.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter