Кросны з бацькоўскай хаты

ДНЯМІ яна разам з дачкой Насцяй стала ўдзельніцай рэгіянальнага свята-конкурсу «Матчыны кросны-2011», які адбыўся на Старадарожчыне. Дадому вярнуліся з узнагародамі: Настасся — з дыпломам другой ступені, а Тамара Ігнатаўна стала ўладальніцай Гран-пры.

Тамара Крыварот з аграгарадка Любушаны, што на Бярэзіншчыне, адна з захавальніц старажытнага народнага промыслу.

ДНЯМІ яна разам з дачкой Насцяй стала ўдзельніцай рэгіянальнага свята-конкурсу «Матчыны кросны-2011», які адбыўся на Старадарожчыне. Дадому вярнуліся з узнагародамі: Настасся — з дыпломам другой ступені, а Тамара Ігнатаўна стала ўладальніцай Гран-пры.

Мае карані

Яна нарадзілася ў мнагадзетнай сям’і, у вёсцы Карбаўское. Мясціны  маляўнічыя: нездарма жыццё многіх, хто бегаў з дзяцінства карбаўскімі сцяжынкамі, у той ці іншай ступені прасякнута мастацтвам.

— Я была ў сям’і чацвёртым дзіцем, як кажуць, познім, — прыпамінае Тамара Ігнатаўна. — Матулі на той час споўнілася 44 гады, бацьку было за пяцьдзесят. У школу хадзілі ў суседнюю вёску Любушаны. Пасля заканчэння вучобы ўсе разляцеліся з бацькоўскай хаты. Але тут, на зямлі нашых родзічаў, засталіся нашы карані. Я таксама падалася ў сталіцу, уладкавалася прадаўцом у краму...

Час бяжыць нястрымна, а законы жыцця няўмольныя: дзеці сталеюць, бацькі старэюць... Пасля размовы з братамі-сёстрамі вырашылі: Тамара, як самая малодшая, вернецца ў бацькоўскі дом даглядаць састарэлых маці і тату.

— На той час у саўгасе дырэктарам быў Яўген Іванавіч Цішкевіч, — успамінае жанчына. — Ён і прапанаваў пайсці працаваць у паштовае аддзяленне, якое тады толькі адчынілася.

Матчына навука

На пошце Тамара Ігнатаўна прарабіла 34 гады, да выхаду на пенсію. Але і пасля не абмежавалася хатнімі справамі. Ізноў знайшла занятак па душы — узначаліла Цэнтр традыцыйнай культуры. У Любушанскім СДК ён існуе ўжо 6 гадоў і прыцягвае ўвагу не толькі старажытнымі рэчамі нашых продкаў і сучаснымі работамі вясковых майстроў, а і сапраўдным ткацкім станком.

— Мая матуля ўсё ўмела рабіць сваімі рукамі, — кажа Тамара Ігнатаўна. — У адным з пакояў бацькоўскай хаты стаялі кросны. Як пры лучыне на іх рабілі, таго не памятаю, але як правялі свет у нашу вёску, запомнілася добра. Гэта было ў 1961 годзе. Самі ткалі і ручнікі, і посцілкі... Матуля ўсяму навучыла.

Вясковыя дзеці часта наведваюцца ў Цэнтр традыцыйнай культуры да Тамары Ігнатаўны. Ім цікава назіраць, як на саматканых сурвэтках «пішуцца» каляровымі ніткамі іх імёны, або «зацвіце» кветка ці «ўпадзе» дзіўная сняжынка...

— Але асаблівае жаданне навучыцца гэтаму рамяству рэдка ў каго заўважыш, — з сумам дадае майстрыха.

«Надвор’е ў хаце»

Не кожнаму ў жыцці ўдаецца стварыць дружную шчаслівую сям’ю. У Тамары Ігнатаўны і яе мужа Пятра Нікадзімавіча гэта атрымалася: у іх трое дзяцей, столькі ж унукаў. Старэйшы сын Уладзімір — у Мінску, служыць у радах МУС, дачка Наталля працуе дырэктарам Любушанскага СДК, а малодшы сын Аляксей — супрацоўнік МНС.

Але надвор’е не бывае заўсёды добрым: гадоў 10 таму пайшоў з жыцця старэйшы брат Тамары Ігнатаўны, і ў сям’і Крыварот з’явілася яшчэ адна дачушка — Насця. Дзяўчынцы было сем гадоў, калі аформілі над ёй апеку... Зараз яна займаецца ў выпускным класе, а дом Тамары Ігнатаўны і Пятра Нікадзімавіча ўжо стаў для яе родным.

Жанчына перадае сваё майстэрства, сваю мудрасць, набытую з гадамі. І радуецца, што яе дзеці выраслі прыгожымі, гадуюць унукаў, але не забывае нагадваць, што найважнейшая ў свеце прыгажосць — душэўная. Бо знешняя — як рэклама, толькі заклікае зазірнуць глыбей. А калі там цемра, злосць, зайздрасць, знявага да іншых, то і прыгажосць пустая.

 Алена ГРОМАВА

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter