КРОПКА НА КАРЦЕ.

Вам цікава, адкуль пайшла назва вашай вёскі, ракі ці возера, дзе вы бавілі час у дзяцінстве, а можа, шляху, які праходзіць праз ваш населены пункт? Вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ адкажа на ваша любое тапанамічнае пытанне. Дасылайце свае лісты!

Вам цікава, адкуль пайшла назва вашай вёскі, ракі ці возера, дзе вы бавілі час у дзяцінстве, а можа, шляху, які праходзіць праз ваш населены пункт? Вучоны сакратар Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар КАПЫЛОЎ адкажа на ваша любое тапанамічнае пытанне. Дасылайце свае лісты!

Колькі гадоў ужо жыву ў вёсцы Кавярдзякі Брэсцкага раёна. У каго ні пыталася, не магу даведацца, адкуль дакладна пайшло яе найменне. Можа, спадар Капылоў дапаможа?
Алена, в.Кавярдзякі Брэсцкага раёна
Паважаная Алена, вы можаце па праву ганарыцца сваёй вёскай: яна мае багатую гісторыю. Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых помніках XVII стагоддзя (а ўзнікла, верагодна, нашмат раней) як маёнтак у Берасцейскім павеце і ваяводстве Вялікага Княства Літоўскага. У пачатку XVIII стагоддзя належала канцлеру ВКЛ князю Чартарыйскаму, а з 1740 года адносілася да цыстэрцыянскага манастыра. Вёска мае не толькі адметную гісторыю, але і вызначаецца ў першую чаргу незвычайным, эксклюзіўным характарам сваёй назвы. Такая назва паселішча адзінкавая на карце Беларусі.
Найменне вёскі адносіцца да ліку родавых назваў і ў мінулым абазначала зямельны надзел і месца, на якім сяліліся прадстаўнікі роду Кавярдзякоў. У аснове назвы паселішча ляжыць калектыўнае родавае прозвішча або старажытнае дахрысціянскае імя-мянушка Кавярдзяк, якое ў сваю чаргу паходзіць ад імя-мянушкі Кавярда. Форма мянушкі Кавярдзяк указвае на тое, што так назвалі нашчадка чалавека па імені Кавярда — сына Кавярды. У гісторыі іменаслоўнай сістэмы Беларусі такія выпадкі адзначаліся неаднаразова: напрыклад, сына Сяргея называлі Сергяяк, сына Юркі — Юрчак. Часам нават здаралася, што падобныя імёны-мянушкі ўтвараліся і ад жаночых імёнаў: так, сына Настасі назвалі Настасяк.
Прозвішчы Кавярда, Каверда, Кавярдзяк неаднаразова сустракаюцца на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі, але паходжанне іх да канца не раскрыта. Можна дапусціць, што  прозвішча Кавярда мае непасрэдную сувязь са словам каверыць, якое ў некаторых славянскіх мовах мае значэнне “скажаць гучанне слова, няясна вымаўляць, хлусіць”. Верагодна, такая мянушка ў далёкім мінулым замацавалася за чалавекам, які невыразна вымаўляў гукі або не заўсёды гаварыў праўду. Пазней яна была перанесена на ўвесь яго род, а затым і на паселішча.

Едучы да сяброўкі ў Мазырскі раён, заўважыла на паказальніку назву — рака Ненач. Такое цікавае найменне, быццам спалучэнне часціцы з назоўнікам — не ноч. А адкуль насамрэч паходзіць гэта назва?
Таццяна, Мінск
Рака Ненач мае павольнае цячэнне, паколькі працякае ў асноўным па нізінах Прыдняпроўскага і Мазырскага Палесся. Менавіта павольны характар цячэння ў далёкім мінулым і знайшоў адлюстраванне ў назве ракі. Назва, верагодна, узнікла яшчэ ў той час, калі на тэрыторыі Беларусі да прыходу славян жылі балты. У аснову рачнога наймення было пакладзена латышскае слова nakt у значэнні ісці. З адмоўем не гэта слова абазначала адсутнасць руху, а дакладней, павольнасць цячэння. У літоўскай мове існуе слова nokti ў значэнні бачыць. З адмоўем не ўзнікае супрацьлеглае значэнне. У сувязі з гэтым можна дапусціць і іншую матывацыю назвы: берагі ракі былі парослыя расліннасцю і рака не была бачная. Або месцамі рака працякала па балотах, і з гэтай прычыны яе берагі не былі выразна акрэслены. На тэрыторыі Беларусі ў басейне Дняпра сустракаюцца рэкі з назвай Нача (прыток ракі Лань, прыток ракі Бобр), якія маюць такое ж паходжанне.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter