Крона і карані

Праект закона “Аб беларусах замежжа” адлюстраваў пошукі таго, што яднае ўсіх суайчыннікаў свету
Праект закона “Аб беларусах замежжа” адлюстраваў пошукі таго, што яднае ўсіх суайчыннікаў свету

Грыгорый Лаўтэрштэйн (злева), Барыс Іваноў і Валерый Казакоў – лідары замежных суполак суайчыннікаўВы чуеце ў сэрцы сваім покліч Бацькаўшчыны? Чуць ці не чуць – вось у чым пытанне... Многія пытаюць: чаму так доўга, амаль дзесяць гадоў ужо, выспявае закон? Гэта спроба згарманізаваць тонкія, далікатныя душэўныя парывы мільёнаў суайчыннікаў з палітычнай воляй беларускай дзяржавы. І зрабіць гэта выключна складана! Майструецца нібы звон-камертон на доўгі час. А ў любой грамадзе ёсць, вобразна кажучы, і людзі з выдатным музычным слыхам, і тыя, што трохі недачуваюць. Ці ўвогуле глухія: не на вушы, дык на душу… Прыняцце ж новага закона можна параўнаць з гучаннем звона, вечавага альбо царкоўнага, па ўсіх кантынентах, дзе ёсць беларусы. Хто пачуе “беларускі матыў”? Хто адгукнецца? Хто захоча весці суладна і сваю мелодыю ў вечным беларускім хоры ці аркестры?
Ведаю землякоў з замежжа, якія згадваюць пра Бацькаўшчыну з вільготнымі вачыма. Жывуць за межамі Беларусі тысячы ветэранаў, якія тут партызанілі, вызвалялі гарады і вёскі нашы ад гітлераўцаў у 1944-м, праліваючы кроў і губляючы баявых сяброў. А колькі па свеце тых, хто па розных прычынах мае сімпатыю да нашай краіны і яе людзей! Калі вучыўся я ў Ленінградзе на мяжы 70-80-х і яшчэ пакурваў, аднакашнік Пеця Яршоў, помню, спецыяльна заходзіў у мой інтэрнацкі пакой на Нова-Ізмайлаўскім, каб стрэльнуць “Гродно” ці “Орбиту”: водар тых цыгарэт, казаў, нагадвае пра гады вайсковай службы ў Беларусі. Вусатая, амаль мулявінская ўсмешка ў Пятра: ой, ці не часцінку сэрца гарачага ў чараўніцы беларускай ты, сябра, пакінуў... І там жа, у студгарадку, проста “фанацеў” ад беларускіх песень у выкананні “Песняроў” мой сябар Валодзя Чаранко-Алякпераў з казахстанскага Усць-Каменагорска. А нядаўна ў горадзе Ваўчанску, на Харкаўшчыне, пачуў ад лётчыка: “Я ж нарадзіўся, вырас у Гомелі – таму і лічу сябе беларусам”. І ўсе трое – рускія па крыві, а “зачапіла” іх нешта нашае. Хай сабе і “дым”…
Мы розныя: светапогляд, склад характару… Ніхто без поклічу сэрца не ідзе ў беларускія суполкі: мацаваць родавую і духоўную повязь з Бацькаўшчынай.
Для аднаго беларускі радок у біяграфіі – лейтматыў жыццёвай мелодыі, для некаторых – пусты гук. Безумоўна, кожны іграе сімфонію жыцця па ім жа выбраных нотах. Але – наколькі мы адчуваем сваё – зямляцкае – адзінства? Ці ўмеем суладна граць разам? На вялікі жаль, нават невялікія суполкі ў замежжы часам не могуць знайсці згоды. Трацяць сілы і час не на карысць беларушчыны – на разборкі… “Мы сканфліктаваныя!” – з болем і горыччу казаў на нядаўнім круглым стале ў Міністэрстве замежных спраў і Ян Сычэўскі, лідар самай уплывовай і аўтарэтытнай беларускай суполкі Польшчы – Беларускага грамадска-культурнага таварыства.
Гісторык Аксана Солапава – удзельніца круглага стала з МасквыШто ж, свет сёння такі. І дзіўна было б спадзявацца, што закон “Аб беларусах замежжа” сам па сабе злагодзіць ды прымірыць мільёны людзей з розным жыццёвым досведам і палітычнымі поглядамі. Аднак, як гаварыў на круглым стале начальнік галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗСа Юрый Амбразевіч, мэта новага закона – шукаць тое, што яднае беларусаў замежжа. Дарэчы, майце на ўвазе, землякі: гэтае ж упраўленне і курыруе ў міністэрстве пытанні супрацоўніцтва з дыяспарай.
Перад пачаткам сустрэчы мой калега задаў спадару Юрыю пытанне, што “пераціраецца” цяпер на розных форумах у інтэрнэце, абмяркоўваецца і ў СМІ: ці не можа і ў нас для беларусаў замежжа з’явіцца нешта падобнае да “карты паляка”? “Цяпер няма сэнсу гэта рабіць ці яшчэ нейкім чынам падзяляць суайчыннікаў замежжа”, – адказаў дыпламат, спаслаўшыся на меркаванні спецыялістаў розных дзяржорганаў. – Наш падыход такі: беларусы замежжа – гэта ўсе, хто меў дачыненне калісьці да Беларусі і да таго ж ідэнтыфікуе сябе як беларус, а тым больш вядзе зацікаўленую дзейнасць, умацоўвае добрыя стасункі з нашай краінай”. Асаблівай увагі і павагі, акцэнтуе ўвагу спадар Юрый, пры тым заслугоўваюць беларускія суполкі, якія створаны і дзейнічаюць у замежжы – усе, хто ў іх працуе, разглядаюцца дзяржавай як суайчыннікі за мяжой. Цяпер складана, аднак, гаварыць, якім чынам іх зможа падтрымліваць дзяржава, ці будуць ім ад яе нейкія льготы. Ды і не ставіцца пакуль такая задача, лічыць Юрый Амбразевіч, гэта ўжо будзе наступны этап узаемадзеяння дзяржавы з дыяспарай. А цяпер “фарміруюцца нейкія палітычныя межы, пэўная палітычная атмасфера ў гэтых пытаннях”. Будзе ісці яшчэ работа над законам і ў Савеце Міністраў, і ў парламенце, і не выключана, што “законапраект можа быць кардынальна зменены”.
Пад час зацікаўленай размовы за круглым сталом яшчэ на адным важным моманце акцэнтавалася ўвага: што гаворка ў праекце закона не ідзе толькі пра беларусаў па этнічных каранях. І тут, на мой погляд, ёсць свая моцная праўда. Згадваюцца жартаўлівыя словы старэйшага сябра на пачатку 90-х, калі бурліла нацыянальнае адраджэнне: маўляў, самыя шчырыя беларусы – то татары ды яўрэі. Між тым, ведаючы слаўную, больш чым 600-гадовую гісторыю супольнага з этнічнымі беларусамі існавання прадстаўнікоў гэтых народаў на Беларусі, іх велізарны ўклад у развіццё культуры менавіта беларускай, тут і спрачацца не выпадае. Дарэчы, яшчэ ў 2000 годзе ў Мінску выйшаў энцыклапедычны даведнік “Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах”. “Так, этнічны прынцып у праекце закона выключаны, – удакладніў Юрый Амбразевіч. – Мы гаворым пра беларусаў замежжа ў шырокім кантэксце – пра ўсіх людзей, якія лічаць сябе беларусамі. Усім вядома: беларусі народ – шматнацыянальны. І калі ты, скажам, татарын па крыві, жывеш у замежжы, але сам нарадзіўся тут, ці твае сваякі калісьці ў Беларусі жылі, лічаць яе сваёй Радзімай, і ты разумееш, што твае карані тут – то мы кажам: так, ты беларус замежжа. А тым больш калі ты імкнешся і да нейкага ўзаемадзеяння з беларускай дзяржавай ці нават тутэйшай татарскай дыяспарай, якая моцная, напрыклад, у Іўі, на Гродзеншчыне. Твае этнічныя карані ніяк не адмяняюць тваю самаідэнтыфікацыю як беларуса”.
За такі падыход выказваліся і ўдзельнікі круглага стала ў МЗСе: беларусаў законатворцы разглядаюць як шматэтнічную нацыю, а не па этнапрыналежнасці. І раздзяляльных ліній па этнічным прынцыпе ў законе не прадбачыцца. Наадварот: гэта так званы інклюзіўны падыход. Такое пажаданне, дарэчы, як гаварылі спецыялісты, выказана было і ў цэлым шэрагу беларускіх суполак замежжа. Бо і там ёсць як чыста этнічныя беларусы, так і прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў, у прыватнасці, дзеці нашых суайчыннікаў ад змешаных шлюбаў. Карані іх родавыя – з Беларусі, ці сваякі іх калісьці тут жылі. І не важна, ці было тое пасля развалу Савецкага Саюза, ці ў папярэднія гады і нават стагоддзі.
Зрэшты, зусім не ў дэфініцыях, як кажуць мовазнаўцы, тут справа. Чуць ці не чуць свой “беларускі матыў” – вось у чым галоўнае пытанне…

Іван Ждановіч

На здымках:
Грыгорый Лаўтэрштэйн (злева), Барыс Іваноў і Валерый Казакоў – лідары замежных суполак суайчыннікаў
Гісторык Аксана Солапава – удзельніца круглага стала з Масквы
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter