Крэпасць веры — Мураванка. Жамчужына беларускай зямлі пакрысе раскрывае свае таямніцы.

Храмы — як людзі,
у кожнага свой лёс. Царкве-крэпасці Свята-Ражства — Багародзіцы ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна наканавана быць абярэгам зямлі беларускай. Настаў час, каб і людзі стварылі свой абярэг для храма, які мае падставу прэтэндаваць на ўключэнне ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

Подых часу

Царква будавалася ў першай палове ХVI стагоддзя не толькі як месца для богаслужэння, але і як крэпасць, што абараняла мясцовых жыхароў ад набегаў ворагаў. Гісторыкі сведчаць: у ХVII cтагоддзі настаў час росквіту Мураванкі — гэта была тады адна з самых багатых і знакамітых цэркваў Беларусі. Падчас руска-польскай вайны ў 1656 годзе яна была моцна пашкоджана. Не паспелі вернікі аднавіць святыню, як у 1706 годзе войскі Карла ХII, што ішлі праз гэтыя мясціны на Палтаву, па яго загаду жорстка абстралялі Мураванку. Паўстаў адноўленым з руінаў храм, праўда, ужо ў значна змененым выглядзе, толькі ў 1822 годзе. А ў недалёкім ХХ стагоддзі над Мураванкай зноў пранесліся знішчальныя вятры — бязвер’я. У велічным храме, як здзек, размяшчаўся склад.
Мясцовыя жыхары i сёння ўспамiнаюць тую доўгачаканую падзею, калi бацюшка Анатоль Няробаў, першы настаяцель Свята-Ражства—Багародзічнай царквы пасля багаборчых часоў, сам падняўся на дах і вежы храма, каб разам з вернікамі ўстанавіць крыжы. Царква  зноў ажыла.
Сёння знакамітая Мураванка — звычайны сельскі прыход, дзе налічваецца каля трох соцень прыхаджан. На богаслужэнне і ўвогуле збіраецца звычайна некалькі дзясяткаў вернікаў — сельскага насельніцтва становіцца менш. Не часта ўбачыш ля сцен унікальнай царквы ХVI стагоддзя, пабудаванай у гатычным стылі, і экскурсійныя аўтобусы. Турысты тут, вядома, бываюць, але зрэдку — маршруты пакуль што не распрацаваны. Дарэчы, бацюшка і служыцелі храма самі праводзяць экскурсіі. А ахвяраваныя сродкі ідуць на падтрыманне царквы. Безумоўна, людзі, зацікаўленыя ў далейшым лёсе Мураванкі, якая знаходзіцца пад аховай дзяржавы, спадзяюцца на фінансавую падтрымку як з боку мясцовай улады, так і рэспублікі.
Пакуль жа Мураванка, якая вельмі кантрастна выглядае на фоне невялікай вёсачкі, трымаецца клопатамі і ахвярамі вернікаў.
— Неабходна прыкласці ўсе намаганні, каб на гэты помнік культурнай і  духоўнай спадчыны Беларусі была належным чынам звернута ўвага. Гэта агульная справа і царквы, і дзяржавы, і людзей, — гаворыць настаяцель Міхаіл Лойка і расказвае, што надзвычай важны клопат па збору неабходнага дасье на ўключэнне Мураванкі ў Спіс сусветнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА распачаў яго папярэднік настаяцель Мураванкі Святаслаў Яўтушык, які служыць зараз у жалудоцкім храме. Менавіта пры ім распачаліся навуковыя даследаванні, кіруе якімі вядомы мастацтвазнаўца, архітэктар-рэстаўратар, старшыня архітэктурна-мастацкага савета Беларускага Экзархата, дацэнт БНТУ Генадзь Лаўрэцкі.

Мураванка адкрывае таямніцы

Як паведаміў навуковы кіраўнік праекта, зараз у царкве вядуцца комплексныя навуковыя даследаванні. Сёлета плануецца расчысціць прылягаючыя да храма-крэпасці тэрыторыі, пасля чаго — аднавіць уязную браму і агароджу вакол царквы. Акрамя таго, у Мураванцы праводзіцца зандаж — здымаюцца слаі штукатуркі, каб выявіць характар кладкі і захаваныя сляды перабудоў.
Пад тынкоўкай апошняга рамонту адкрываюцца слаі больш ранніх абмазак, прафарбовак і нават роспісу. Адна з пакуль што нераскрытых таямніц Мураванкі — падземныя хады. Пра іх расказваюць не толькі мясцовыя легенды, але і гістарычныя факты.
— Пры зандажы ў адной са сцен быў знойдзены праход з сярэдняй часткі храма ў алтарную. I такіх таямніц храм хавае шмат, — расказвае бацюшка.
Пашчасціла валанцёрам, якія працавалі тут улетку ў складзе лагера праваслаўнай моладзі. На тэрыторыі царквы была знойдзена манета ХVI стагоддзя. Зараз яе сапраўдную гістарычную каштоўнасць ацэньваюць вучоныя.
— Мы маем намер з цягам часу стварыць пры храме музей, — дзеліцца планамі настаяцель.
Але пакуль справа дойдзе да музея, уся ўвага засяроджана, як ужо гаварылася, на падрыхтоўцы дасье па ўключэнні Маламажэйкаўскай Свята-Ражства — Багародзічнай царквы (Мураванкі) у Спіс помнікаў культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Храм, які вякамі быў крэпасцю веры, заслугоўвае такой пашаны.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter