Крэдыты са скідкай. З 9 жніўня ў Беларусбанку крэдыты на жыллё і спажывецкія патрэбы патаннелі.

Цяпер, напрыклад, для вяскоўцаў, якія стаяць на ўліку як маючыя патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, няльготны жыллёвы крэдыт тэрмінам да 20 гадоў абыдзецца ў 13,5 працэнта гадавых, іншым чаргавікам – 14,5 працэнта, а нечаргавікам на тэрмін да 15 гадоў – 21 працэнт. За крэдыт на спажывецкія мэты тэрмінам да 1 года трэба будзе заплаціць 16,5 працэнта гадавых (вяскоўцам – 15,5 працэнта), да 3 гадоў – 17,5 працэнта, да 5 гадоў (выдаецца жыхарам пунктаў з насельніцтвам да 20 тысяч чалавек) – 16,5 працэнта гадавых. Стымулам для такога зніжэння стала памяншэнне ўзроўню стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка да 11,5 працэнта гадавых, якое адбылося ў сярэдзіне ліпеня.