Крэдытны пат. Што рабіць, калі банкаўскія плацяжы сталі не па кішэні?

Крэдытны бум мае і свой адваротны бок. Калі не разлічыць свае фінансавыя магчымасці, то пазыка можа прывесці да сапраўднага банкрутства. Як знайсці кампраміс у такіх складаных умовах паміж банкам і кліентам? І што рабіць, каб у далейшым крэдыт не стаў прычынай многіх праблем?

Крэдытны бум мае і свой адваротны бок. Калі не разлічыць свае фінансавыя магчымасці, то пазыка можа прывесці да сапраўднага банкрутства. Як знайсці кампраміс у такіх складаных умовах паміж банкам і кліентам? І што рабіць, каб у далейшым крэдыт не стаў прычынай многіх праблем?

Дарагая мара

Крэдыты могуць зрабіць людзей шчаслівымі. Вось і мінчанка Таццяна, калі ўбачыла чырвоную маленькую машыну, вочы ў яе загарэліся. Жаданне было такім нясцерпным, што яна пачала тэлефанаваць у банкі, каб узяць крэдыт. “Работа нармальная, шэф абяцаў павысіць зарплату”, — разважыла яна і падпісала крэдытны дагавор.
Але потым усё пайшло не так: прыйшлося звольніцца з працы і шмат часу праводзіць з хворай маці. У выніку 400 долараў, якія штомесяц прыходзілася плаціць па крэдыце, сталі непад’ёмнымі. У даўжніках Таццяна хадзіла адносна нядоўга. Банк забраў закладзенае аўто. “Шмат плакала”, — прызнаецца яна. Але для сябе вырашыла: калі бярэш крэдыт, то трэба дзейнічаць больш узважана.

Сталічныя спакусы?

Праблемная запазычанасць па крэдытах фізічных асоб у Беларусі з пачатку мінулага года да цяперашняга часу вырасла амаль што ў 4,5 раза. Агульны аб’ём такога пратэрмінаванага доўгу перавышае ўжо 100 мільярдаў рублёў. Калі параўнаць з тым, што ў цэлым запазычанасць грамадзян (не толькі па праблемных крэдытах, але і па тых, што выплачваюцца своечасова) складае звыш 15 трыльёнаў, то атрымліваецца, што 100 мільярдаў не так ужо і шмат. Тым не менш тэмпы прыросту павінны насцярожваць.
Амаль 75 працэнтаў праблемнай запазычанасці — па інвалютных крэдытах. Пазычыць у банка грошы ў доларах каштавала ўдвая танней, чым у рублях. Таму многія ахвотна і бралі. Але потым рост долара і еўра фактычна прывёў да таго, што атрымальнікам такіх крэдытаў прыйшлося ў пераліку на рублі плаціць штомесяц на 20 працэнтаў больш. Напрыклад, таму, хто раней з зарплаты аддаваў 600 тысяч рублёў, прый-
шлося плаціць 720 тысяч.

А працэнты — потым

“Мы імкнёмся ў рабоце з даўжнікамі дэталёва ва ўсім разабрацца, узяць у разлік тое, што хтосьці мог цяжка захварэць, сядзіць без працы”, — тлумачаць у Беларусбанку.
Нямала людзей, як сведчаць у Асацыяцыі беларускіх банкаў, звярталася ў банкі, каб іх інвалютныя ўклады перавялі ў рублёвыя. Але найчасцей праблему вырашаюць іначай. Напрыклад, могуць расцягнуць плацяжы на больш працяглы тэрмін, тады штомесячная сума памяншаецца. Яшчэ адзін варыянт — на пэўны час крэдытаатрымальніку дазваляюць выплачваць толькі асноўны доўг без працэнтаў.
“Праблемная запазычанасць нявыгадная ні крэдытаатрымальніку, ні банку”, — тлумачыць аналітык партала infabank.by Кацярына Смірнова. Для людзей — гэта стрэс і дадатковыя грашовыя страты, а таксама сапсаваная крэдытная гісторыя. Прачытаюць тваё дасье калі-небудзь у іншым банку — і могуць адмовіць у выдачы крэдыту. Банкі ж, тлумачыць яна, на кожны праблемны крэдыт мусяць фарміраваць рэзервы, гэта значыць “замарожваць” частку сродкаў і зніжаць прыбытковасць работы.

Калектарскі разлік

Раней банкі самастойна імкнуліся разабрацца з даўжнікамі. Але калі аб’ём такой работы павялічыўся, вырас попыт на калектараў — спецыялістаў па спагнанню даўгоў.
“Колькасць зваротаў да нас у апошні час значна павялічылася, — адзначае дырэктар юрыдычнай кампаніі “Прыстаў” Аляксей Усенка. — Цяпер мы вядзём перамовы адразу з некалькімі банкамі. Колькасць спраў у кожнага з іх ідзе на тысячы”.
Як паказвае практыка, з пераважнай большасцю праблемных крэдытаатрымальнікаў знайсці кампраміс атрымліваецца яшчэ да судовага разбіральніцтва.
У цэлым спагнаць доўг з чалавека прасцей, чым, напрыклад, з прадпрыемства. “Па заканадаўству да фізічнай асобы можна прад’явіць патрабаванне аб спагнанні да 20 працэнтаў даходаў (зарплаты, пенсіі і гэтак далей ) да поўнага вяртання доўгу. Таксама чалавек можа “расплаціцца” ўласнай маёмасцю”.
Пакуль што калектары ў Беларусі развіваюцца не ў поўную сілу. У Нацыянальным банку яшчэ летась выступалі з ініцыятывай прыняцця адпаведнага закона. Дакумента пакуль што няма, але гэта не значыць, што калектары могуць дзейнічаць сілай, як “вышыбалы”. Усё, як тлумачаць у Нацбанку, павінна быць цывілізавана.

Як спаць спакойна?

Нацыянальны банк са свайго боку прыняў ужо меры, каб мінімізаваць рост праблемнай запазычанасці па крэдытах, выдадзеных фізічным асобам. Яшчэ ўлетку ён прыпыніў выдачу грамадзянам новых крэдытаў у замежнай валюце.
Акрамя гэтага з’явілася патрабаванне, каб банкі перад кліентамі раскрывалі поўныя працэнтныя стаўкі.
Але самы галоўны “абаронца” ад крэдытных праблем — гэта, напэўна, узважаны разлік самога атрымальніка. Крэдыты нярэдка вельмі дапамагаюць нам у жыцці. Але грошы прыйдзецца рана або позна ўсё роўна вяртаць, прычым з працэнтамі. А гэта значыць, што за вялікі тэлевізар вам прыйдзецца заплаціць, напрыклад, працэнтаў на трыццаць больш.
Лепш сем разоў усё ўзважыць, чым потым шукаць вырашэнне дзесятка праблем.

У тэму

Анатоль ДРАЗДОЎ, начальнік упраўлення інфармацыі Нацыянальнага банка:
— Калі ў вас узніклі праблемы з плацяжамі па крэдыце, ні ў якім разе нельга хавацца ад банкаўскіх работнікаў. Па-першае, з-за штрафных санкцый потым прыйдзецца заплаціць больш. Па-другое, большасць крэдытаў насельніцтву ў нас выдаецца пры наяўнасці паручыцеляў. І калі вы будзеце хавацца, не адказваць на лісты і тэлефанаванні, то з банка пачнуць званіць паручыцелям. Не рызыкуйце нажыць сабе дадатковыя праблемы. Таму найлепш, не адкладаючы праблему на потым, ісці ў банк і разбірацца з крэдытам. Ёсць шмат варыянтаў, як вырашыць праблему.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter