Чалавечы фактар або схванае нежаданне банкіраў

Крэдытная гісторыя з сівізной

Нядаўна патэлефанаваў чытач з Бярозы. Засмучаны. Нагледзеў сабе нямецкі лобзік, вырашыў аформіць беспрацэнтную растэрміноўку на паўгода. Інструмент, хоць і не занадта дарагі, але марнаваць 150 рублёў адразу не хацелася. Атрымаўшы рахунак-фактуру з будаўнічага магазіна, адправіўся ў банк. А там пачуў: «Выбачайце, але вам ужо 60 гадоў, мы не можам вам аформіць такі крэдыт». Мужчына пасля гэтую мадэль купіў у іншай краме, дзе аформілі растэрміноўку і без банка, але асадак, як гаворыцца, застаўся. Вось так банк страціў кліента.

Прызнаюся, для мяне сітуацыя здалася смешнай. Гаворка, нагадаю, ідзе не пра крэдыт на жыллё або спажывецкі на дзесяць тысяч рублёў, а пра адносна невялікую суму — 150 рублёў. Па праграме «Лёгкія куплі» ў Белаграпрамбанку штомесячныя выплаты на працягу шасці месяцаў складалі б 25 рублёў. Аднак супрацоўніца банка, параіўшыся з калегай, вырашыла, што 60 гадоў — не той узрост, калі можна аформіць крэдытны дагавор.

Пры выдачы крэдыта банкі ацэньваюць, колькі гадоў будзе кліенту на момант апошняй выплаты. Гэты паказчык па розных прадуктах не перавышае ў нас 62—70 гадоў
фота jhenrystuhr.com

Не сакрэт, што крэдытаванне пажылых грамадзян, асабліва на працяглы тэрмін, спалучана з павышанымі рызыкамі. І для таго, каб іх знізіць, банкіры выкарыстоўваюць розныя прылады: напрыклад, даручальніцтва або заклад. У залежнасці ад праграм, абмежаванні па ўзросту могуць быць і ў 55 гадоў. Напрыклад, узяць буйны крэдыт на будаўніцтва або куплю жылля ў такім узросце дакладна не атрымаецца. Традыцыйна супрацоўнікі глядзяць на іншую лічбу: колькі гадоў будзе крэдытаатрымальніку на момант апошняй выплаты па пазыцы. Гэты паказчык па розных прадуктах складае 62—70 гадоў. Так, напрыклад, пад 16,4 адсотка крэдыт «Лёгкі» ў «Ідэя Банку» можна атрымаць і ў 68 гадоў. Галоўнае, каб на момант выплаты было не больш за 70 гадоў.

Аднак усе гэтыя абмежаванні дзейнічаюць для іншых праграм або строга пенсійных прадуктаў. Спецыялісты кол-цэнтра Белаграпрамбанка запэўнілі: аформіць куплю ў крэдыт у мясцовым аддзяленні былі павінны без праблем і абмежаванняў. Якімі ж інструкцыямі кіруюцца людзі на месцы, адмаўляючы ў гэтым? Каб разабрацца ў сітуацыі з нашым чытачом, патэлефанавала ў аддзяленне ў Бярозу. Начальнік аддзела рознічных продажаў запэўніла: гэта быў чалавечы фактар, «дзяўчынка пару месяцаў працуе», не ўнікла яшчэ ва ўсе нюансы. Прабачэнні начальніца прынесла праз журналіста, абяцала правесці тлумачальную працу з супрацоўнікамі. Увогуле, здавалася, пытанне знята, з кім не бывае. Распавёўшы чытачу, чым завяршылася размова, пачула ад яго, што гэтая «дзяўчынка» працуе не адзін год. Больш за тое, супрацоўніца пры ім параілася з калегай, з якой і вынесла сумесны вердыкт. Цяпер ужо стала непрыемна мне. Яшчэ мінус адзін патэнцыйны кліент для Белаграпрамбанка.

Калегі ў рэдакцыі жартуюць: здарылася б такое дзе-небудзь за мяжой, клiент у той жа самы дзень хадзіў бы з самым наварочаным лобзікам — у якасці маральнай кампенсацыі ад банка. А ў нас жа як — і чалавека з сівізной пакрыўдзілі, і імідж сабе сапсавалі. Многія яшчэ памятаюць выпадак у Брэсце, калі інвалід па слыху не змог купіць тэлевізар у крэдыт у адной з лізінгавых кампаній       з-за таго, што ў яго не было мабільнага тэлефона. А вось у іншай фінустанове ўвайшлі ў становішча і аформілі пазыку. На жаль, прызнаваць памылкі могуць далёка не ўсе. Вядома, банкаўская сфера — не рытэйл, дзе многія ўспамінаюць залатое правіла «кліент заўсёды мае рацыю». У банкіраў — усё дакладна і па інструкцыі. Аднак інструкцыі павінны дзейнічаць для ўсіх. Сказаць проста «не», зірнуўшы толькі на сівыя скроні і не ўглыбіўшыся ў сутнасць, па меншай меры, неяк непрафесійна.

konoga@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter