Крэатыў з бабулінага куфра

Пры стварэнні беларускіх аўтэнтычных строяў Ірына Капчынская выкарыстоўвае старыя фотаздымкі і ўзоры з этнаграфічных музеяўКіраўніку фальклорнага ансамбля беларускай песні “Кірмаш” Ірыне Капчынскай, якая цяпер жыве ў Маскве, заўсёды хацелася быць падобнай на прабабулю. “Памятаю, у дзяцінстве любіла гартаць старонкі сямейнага альбома, — узгадвае Ірына Германаўна. — З аднаго са здымкаў з усмешкай паглядала на мяне маладая, вельмі прыгожая жанчына ў нацыянальным строі. Не верылася, што гэта мая прабабуля, а фатаграфія — ажно з 1887 года”.
Артысты гурта “Кірмаш” з Масквы заўсёды выступаюць у старадаўніх беларускіх строяхПры стварэнні беларускіх аўтэнтычных строяў Ірына Капчынская выкарыстоўвае старыя фотаздымкі і ўзоры з этнаграфічных музеяў
Кіраўніку фальклорнага ансамбля беларускай песні “Кірмаш” Ірыне Капчынскай, якая цяпер жыве ў Маскве, заўсёды хацелася быць падобнай на прабабулю. “Памятаю, у дзяцінстве любіла гартаць старонкі сямейнага альбома, — узгадвае Ірына Германаўна. — З аднаго са здымкаў з усмешкай паглядала на мяне маладая, вельмі прыгожая жанчына ў нацыянальным строі. Не верылася, што гэта мая прабабуля, а фатаграфія — ажно з 1887 года”.
Менавіта з той фотакарткі і пачалося захапленне нашай зямлячкі народным касцюмам. Сёння ў яе шмат беларускіх строяў: штодзённых і святочных, сялянскіх і шляхецкіх, прычым з розных рэгіёнаў краіны.
Ірына Германаўна сама стварае ўборы: у асноўным па старых выкрайках, якія знаходзіць у этнаграфічных музеях Беларусі і Расіі. А памочнікі і кансультанты яе — супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН Беларусі Марыя Віннікава і заслужаны работнік культуры Расіі Наталля Гаеўская.
Пошук адпаведнай фактуры, колераў, прызнаецца Ірына, часам займае не адзін год. Часта яна бывае на рынках, дзе прадаюць старадаўнія рэчы, наведвае аўкцыёны, знаёміцца з калекцыянерамі. Шмат год сябруе з Сяргеем Глебушкіным, у зборы якога — больш за 600 рускіх нацыянальных касцюмаў! Вельмі б хацела Ірына Германаўна сустрэцца і ў Беларусі з энтузіястамі, якія сур’ёзна займаюцца гістарычнай рэканструкцыяй.
Зрэшты, і ў багатай калекцыі Капчынскай сабрана аўтэнтычнае адзенне беларусаў мінулых гадоў. Асабліва прывабны для Ірыны Германаўны перыяд канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Дарэчы, раней не адчувалася і моцнага ўплыву на беларускую народную культуру суседніх Украіны і Расіі. “Сёння многія фальклорныя калектывы выступаюць у нацыянальных строях, якія толькі выдаюць за беларускія, — з жалем адзначае Ірына Капчынская. — А на самой справе яны больш падобныя да касцюмаў, што насілі ў паўднёвых рэгіёнах Расіі ці на поўначы Украіны. Але ж падману быць не павінна: для многіх, асабліва гара-джан, канцэрты фальклорных калектываў становяцца ці не адзінай крыніцай інфармацыі пра культуру і традыцыі продкаў”.
Вельмі адказна падыходзіць Ірына Капчынская і да складання рэпертуару для гурта. Ужо шмат год разам з аднадумцамі яна збірае аўтэнтычныя мелодыі па рэгіёнах Беларусі. Любімыя, канешне ж, з Гродзеншчыны, адкуль Ірына родам. Безумоўна, карыстаецца і друкаванымі матэрыяламі спецыялістаў-этнографаў. Часам, прызнаецца, даводзіцца “шукаць карані” песень. “Здараецца, за фальклорныя выдаюць аўтарскія песні ці тыя, якіх у рэгіёнах і не спявалі ніколі, — тлумачыць Ірына Капчынская. — Мы ж выдумляць нічога не хочам, для нас важна — зберагчы аўтэнтычную спадчыну”.

Кацярына Мядзведская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter