Крэатыў і ноу-хау

Трэці этап рэканструкцыі Гродзенскага чыгуначнага вакзала завершыцца ў пачатку 2014 года
Трэці этап рэканструкцыі Гродзенскага чыгуначнага вакзала завершыцца ў пачатку 2014 года

Пасля яе заканчэння тут з’явяцца рэстаран, інтэрнэт-кафэ і іншыя сучасныя сэрвісныя выгоды. Нагадаем, што сёння Баранавіцкае аддзяленне Беларускай чыгункі займае другое месца ў галіне па аб’ёме пасажыра- і грузаперавозак, а таксама па колькасці спецыялістаў, якія працуюць на сталёвых магістралях краіны. У яго складзе — пяць чыгуначных вузлоў: Баранавіцкі, Гродзенскі, Лунінецкі, Лідскі і Ваўкавыскі. Аддзяленне чыгункі мяжуе з суседнімі Украінай, Літвой і Польшчай. За дзесяць месяцаў бягучага года аб’яднаная станцыя Гродна, якая ўключае ў сябе станцыі Аўльс, Брузгі, Ласосна і Парэчча, паспяхова выканала асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. За гэты час у Гродна прыбыло больш за 10 тысяч цягнікоў. Пагружана каля 41 тысячы вагонаў, выгружана каля 32 тысяч. Зараз на аднайменнай аб’яднанай станцыі працуюць 393 спецыялісты, а з Гро-дзенскага чыгуначнага вакзала штогод адпраўляюцца больш за 1 млн. пасажыраў. Пра гэта прадстаўнікам СМІ паведамілі ў час прэс-тура, арганізаванага УП «Барана¬віцкае аддзяленне Беларускай чыгункі», па пытаннях развіцця Гродзенскага чыгуначнага вузла.




Плацкарт з камфортам

У гэтым месяцы тэхнапарк вагоннага дэпо аб’яднанай станцыі Гродна Баранавіцкага ад-дзялення Беларускай чыгункі папоўніўся новымі вагонамі. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка Баранавіцкага вагоннага ўчастка, начальнік рэзерву праваднікоў станцыі Мікалай Дудагло. Чатыры новыя пасажырскія вагоны хутка пачнуць курсіраваць у складзе цягніка міжнародных зносін Гродна—Масква.

— Кошт аднаго вагона — каля 1 млрд. рублёў, дарэчы, ён абсталяваны біяпрыбіральнямі — гэта значыць, што яны не будуць закрывацца ў час знаходжання ў санітарнай зоне, — адзначыў Мікалай Дудагло. — Таксама паліцы абсталяваны адмысловымі мацаваннямі і дадатковымі ўпорамі, каб пасажыр камфортна ехаў на «другім паверсе».

У новых плацкартных вагонах павялічана колькасць месцаў — з 54 да 58. Акрамя таго, яны абсталяваныя сістэмамі відэаназірання, кандыцыянерамі, сігналізацыяй выкліку правадніка, сістэмай камбінаванага электрападагравання (вугальнае паліва выкарыстоўваецца толькі ў час стаянкі). Зроблены вагоны на Гомельскім вагонабудаўнічым заводзе. У планах чыгункі — поў¬нае абнаўленне плацкартнай часткі рухомага саставу Маскоўскага напрамку, для чаго неабходна набыць яшчэ 6 падобных вагонаў. Пасля гэтага плануецца абнавіць вагоны ў напрамку Санкт-Пецярбурга.

Вакзал для чэмпіёнаў

— Літаральна праз пару месяцаў плануецца здаць у эксплуатацыю трэці пускавы комплекс і тым самым завяршыць усе работы па рэканструкцыі чыгуначнага вакзальнага комплексу ў Гродне, — паведаміў начальнік чыгуначнага вакзала станцыі Гродна Аляксандр Сакалоўскі. — Ён уключае адміністрацыйна-гаспадарчую частку, дзе будуць размешчаны рэстаран, інтэрнэт-кафэ, два гасцінічныя нумары для адпачынку асоб з абмежаванымі магчымасцямі (у тым ліку калясачнікаў), камера для захавання багажу. Плануецца таксама завяршыць мантаж геліевых установак для гарачага водазабеспячэння на даху будынка. У між¬ацяпляльны перыяд яны дазволяць цалкам адключаць будынак ад гарадскіх крыніц цеплавой энергіі. Праводзіцца канчатковае абсталяванне і раней адкрытых памяшканняў вакзала.

Сёння спецыялісты інстытута «Гроднаграмадзянпраект» працуюць над дызайнам інтэр’ера залы чакання. Неўзабаве на вакзале можна будзе карыстацца Wi-Fi, паслугамі абменных пунктаў, ужо цяпер можна заказваць электронныя праязныя квіткі. Вакзал павінен запрацаваць у поўную сілу да пачатку чэмпіянату свету па хакеі ў маі 2014 года. Да таго часу яго ўзровень будзе на адной ступені з лепшымі еўрапейскімі чыгуначнымі вакзаламі.

Таццяна КАНДРАЦЬЕВА, «Р»

На здымку: правадніцы аднаго з новых вагонаў па маршруце руху Масква—Мінск.

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter