Край партызанскай славы, курганоў і творчасці. Тут нарадзіліся Васіль Быкаў, Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін, Еўдакія Лось.

Першы ўспамін пра сяло Ушача знойдзены ў Полацкай рэвізіі 1552 года. Кажуць, што назва цяперашняга гарадскога пасёлка ўтварылася ад слова “шача”, што значыць бярозавы гай ля ракі, бо Ушачы сапраўды знаходзяцца на рацэ Ушача, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Назва самой ракі мае складаны склад (фіна-угорскую аснову і балцкі суфікс “ча”) і агульнае значэнне “хуткая вада”. Іншыя даследаванні сцвярджаюць, што ў назве ракі схавана беларускае слова “шаты”, якое абазначае прыгожае адзенне. А берагі Ушачы сапраўды прывабныя, прыгожыя.

Першы ўспамін пра сяло Ушача знойдзены ў Полацкай рэвізіі 1552 года. Кажуць, што назва цяперашняга гарадскога пасёлка ўтварылася ад слова “шача”, што значыць бярозавы гай ля ракі, бо Ушачы сапраўды знаходзяцца на рацэ Ушача, якая ўпадае ў Заходнюю Дзвіну. Назва самой ракі мае складаны склад (фіна-угорскую аснову і балцкі суфікс “ча”) і агульнае значэнне “хуткая вада”. Іншыя даследаванні сцвярджаюць, што ў назве ракі схавана беларускае слова “шаты”, якое абазначае прыгожае адзенне. А берагі Ушачы сапраўды прывабныя, прыгожыя.

Самае празрыстае

У гэтым краі знаходзіцца 186 азёраў. Наогул па агульнай плошчы тэрыторыі, якая пакрыта вадой, Ушаччына займае ў Беларусі другое месца пасля Браслаўскага раёна. Усе яны вылучаюцца сваёй чысцінёй, бо знаходзяцца адносна далёка ад прамысловых цэнтраў.
Жамчужынай сярод ушацкіх вадаёмаў лічыцца Крывое возера. Адметнае яно не толькі сваёй асаблівай маляўнічасцю, але і тым, што займае першае месца ў краіне па празрыстасці вады. Назву Крывое вадаём атрымаў з-за сваёй канфігурацыі. Гэта возера невялікае па плошчы, але глыбокае і выцягнутае. Так, пры плошчы 4,5 квадратнага кіламетра даўжыня берагавой лініі складае больш за 20 кіламетраў. Дарэчы, Крывое аб’яўлена дзяржаўным гідралагічным заказнікам, каб захаваць прыроднае багацце возера. На званне водных цудаў таксама могуць прэтэндаваць радовішча мінеральнай вады “Вечалле”, унікальная крыніца “Баркоўшчына” з жалезістымі, сернымі, радонавымі водамі.

Як пейзажыст стаў іканапісцам

Самадзейны мастак Міхаіл Казіцкі нарадзіўся ў Архангельску. Аднак мясцовыя жыхары лічаць жывапісца сваім чалавекам, бо ва Ушачы яго сям’я пераехала ў раннім дзяцінстве, ды і рэалізаваўся ён як мастак менавіта тут.  Міхаіл Казіцкі працаваў у жанрах пейзажу, нацюрморта, партрэта. Сярод яго выдатных работ — “Сланечнікі”, “Бацькаўшчына”. Акрамя жывапісу Міхаіл Анатольевіч пісаў вершы і музыку, захапляўся бардаўскай песняй, займаўся разьбой па дрэве. Пераломным момантам у творчай дзейнасці ўшачаніна стаў 1989 год, калі ва ўзросце 40 гадоў Казіцкі  прыняў хрышчэнне ў Спаса-Еўфрасіннеўскай царкве. З гэтай пары ён пачаў займацца іканапісам. Найбольш значны яго твор — “Другое прышэсце Ісуса Хрыста на зямлю”. Казіцкі стварыў іканастас і напісаў іконы для Арэхаўскай Свята-Параскевіцкай царквы, храма Святога Мікалая ва Ушачах і г.д.

Сядзіба Быкава

У вёсцы Бычкі Кубліцкага сельсавета знаходзіцца сядзіба-музей народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Стварылі музей пісьменніка ў 2004 годзе. А знаходзіцца ён у адноўленай сядзібе сям’і Быкавых, дзе прайшло дзяцінства пісьменніка. У доме створана цікавая этнаграфічна-побытавая экспазіцыя.
Дарэчы, у вёсцы Пуцілкавічы Велікадолецкага сельсавета дзейнічае дом-музей яшчэ аднаго славутага земляка — народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі.

У гонар трох сясцёр

Пасля Вялікай Айчыннай вайны на Ушаччыне не было ніводнага дзеючага храма ні адной з канфесій. У прыватнасці, царква ва Ушачах была поўнасцю знішчана фашысцкай авіяцыяй. Часткова былі разбураны касцёлы ў Селішчы і ў самім гарадскім пасёлку. Аднак у пачатку 1990-х пачалося адраджэнне культавай дзейнасці ў краі. З 2006 года ва Ушачах вядзецца будаўніцтва новага храма — святых мучаніц Мінадоры, Мітрадоры, Німфадоры. Унікальны ён тым, што ні ў адным населеным пункце Беларусі пакуль што няма царквы ў гонар гэтых сясцёр. А будуецца ён за кошт ахвяраванняў і спонсарскай дапамогі. Узвядзенне царквы пад купалы запланавана на 2010—2011 гады.

Касцёл Святой Веранікі

Касцёл Святой Веранікі — помнік мураванай архітэктуры позняга барока. На жаль, касцёл знаходзіцца ў паўразбураным стане. Асабліва высокімі мастацкімі якасцямі вылучаўся алтар святога Антонія. У галоўным алтары быў змешчаны прывезены з Кублішчынскага касцёла абраз Божай Маці ў сярэбранай рызе, перад якім меліся ўкленчаныя выявы фундатараў храма.

Крывіцкія пахаванні

На Ушаччыне 44 курганныя могільнікі. З даследаванняў вядома, што яны з’яўляюцца крывіцкімі пахаваннямі. Курганы ў асноўным налічваюць ад 10 да 100 насыпаў. Праўда, ля вёсак Касары, Матырына, Кублічы, Рыбакі іх больш за 100.
Па абраду трупапалажэння, насыпаючы зверху курган, нябожчыкаў хавалі з X—XI стагоддзяў. Сустракаюцца курганы і без насыпаў — кенатафы, зробленыя ў гонар памерлых на чужыне. У народзе іх называюць Валатоўкі, Капцы, Шведскія, Французскія ці Напалеонаўскія магілы. Назвы “валатоўкі” звязаны са словам “волат”, бо пад гэтымі насыпамі ў старажытныя часы хавалі асілкаў-волатаў. Назвы, звязаныя са шведамі ці французамі, узніклі ў XVIII—XIX стагоддзях.

Помнік партызанскай славы

Ушацкі музей народай славы імя Героя Савецкага Саюза У. Лабанка быў заснаваны ў гарадскім пасёлку 7 студзеня 1969 года. Праўда, у 1982-м для яго  пабудавалі новы будынак. Такім чынам, музей адкрыўся 9 мая 1985 года — якраз да 40-годдзя Перамогі СССР над фашысцкай Германіяй. На статус цуда прэтэндуе яшчэ адзін помнік партызанскай славы — мемарыяльны комплекс “Прарыў”, што знаходзіцца за 9 кіламетраў ад Ушачаў. На гэтым месцы 16 партызанскіх брыгад на чале з Героем Савецкага Саюза Лабанком змагаліся з карнымі атрадамі да прыходу Савецкай арміі. Разам з партызанамі змаглі вызваліцца больш за 15 тысяч мірных жыхароў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter