Край паэтаў — Беларусь.

Ёсць проста паэзія ці непаэзія! Усё залежыць ад магутнасці таленту, наколькі ён вялікі і адметны.

Ёсць проста паэзія ці непаэзія! Усё залежыць ад магутнасці таленту, наколькі ён вялікі і адметны.

Год кнігі ўсё больш упэўнена заяўляе пра сябе, і што б ні адбывалася: ці то сустрэча з пісьменнікамі, ці то круглы стол, прысвечаны праблемам кнігавыдання, на першым плане, безумоўна, яе вялікасць Кніга! Апошнім часам існуе меркаванне, што паэзія пачала саступаць прозе, маўляў, вершы зараз чытаюць усё менш і менш.

Мне асабіста гэтак не здаецца, як не згодна і з тым, што ў паэзіі ўсё больш “жаночы твар”. Паэзію адны называюць “госцяй нябеснаю”, іншыя — “споведдзю ўражлівай тонкай душы”. З душой паэзію звязвалі і самі творцы, згадаю Пушкіна: “...И долго буду тем любезен я народу, что чувства добрые я лирой пробуждал”. А вось другі рускі класік сказаў па-іншаму: “Поэтом можешь ты не быть, но гражданином быть обязан”. Блізкія гэтым радкам і радкі нашага сучасніка расійскага паэта Яўгена Яўтушэнкі: “Поэт в России — больше чем поэт”. А што думаюць пра паэзію нашы паэты? Як яны асэнсоўваюць яе і якога меркавання прытрымліваюцца? На гэтыя пытанні я папрасіла адказаць вядомага беларускага паэта, галоўнага рэдактара часопіса “Нёман” Алеся БАДАКА.

— На пачатку выкажу сваё меркаванне наконт той самай “жаночай паэзіі”, — гаворыць Алесь Мікалаевіч. — Тут можна правесці маленькі эксперымент. Узяць з дзясятак вершаў якога-небудзь паэта і столькі ж — паэтэсы і, не называючы іх імёнаў, папрасіць кагосьці з чытачоў вызначыць, якія вершы напісала паэтка, а якія мужчына-паэт? Думаю, што чытач абавязкова памыліцца, і тая самая “жаночая паэзія”, хай сабе і некалькімі вершамі, але, даруйце, стане “мужчынскай” паэзіяй. Таму не можа быць і ніякага падзелу. Ёсць проста паэзія ці непаэзія! Усё залежыць ад магутнасці таленту, наколькі ён вялікі і адметны.

Што ж да Пушкіна, Някрасава і Яўтушэнкі, дык усе яны па-свойму маюць рацыю. Паэзія ў сваім праяўленні — вельмі разнастайны від мастацкага слова, але ўсё-ткі заўжды і, думаю, кожнаму чалавеку найбольш блізкае тое, што вечнае. І ў гэтым, бясспрэчна, бліжэй Аляксандр Пушкін. Мяняюцца часы, эпохі, адзін лад жыцця змяняецца другім, як і розныя прыярытэты, у тым ліку і палітыка, а вечным застаецца адно: чалавечыя пачуцці, душа чалавека, якая раскрываецца праз тую ж самую лірыку.

Помню, у свой час я пераконваў вядомага крытыка Рыгора Шкрабу, што не трэба ўключаць у школьныя праграмы верш “Камуністы” нашага класіка Аркадзя Куляшова. Эпоха змянілася, і сучасная моладзь ужо вельмі далёкая ад гэтага. У Куляшова шмат глыбока філасофскай лірыкі. І гэтыя філасофскі роздум, філасофія быцця — заўжды цікавыя і кожнаму блізкія. Альбо возьмем наш фальклор... У ім спрадвеку апяваецца каханне, сям’я, любоў да бацькоў. Гэта галоўнае, тое, што адбірае сам народ. Ды і ў лірыцы вялікія таленты, геніі гавораць пра многае, без чаго грамадства не можа гарманічна існаваць ва ўсе часы.

Тут хочацца ўзгадаць Максіма Багдановіча, якога нярэдка называюць паэтам “чыстай красы”, і яго славутыя радкі: “... Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор”. У лірычным вершы надзвычай глыбінны сэнс быцця і вельмі моцнае ўздзеянне на чытачоў.

А наконт цікавасці да паэзіі ў наш час... Так, напэўна, яна зменшылася ў параўнанні з мінулым стагоддзем, але не знікла. У народнага паэта Пімена Панчанкі ёсць верш “Край паэтаў”. Гэтак ён назваў Беларусь. І ў нашых рэдакцыях, мы можам меркаваць па паэтычнай пошце, выказаць свае думкі, свае самыя лепшыя пачуцці праз паэтычны радок спрабуе шмат і шмат хто з людзей. Такая ўжо душа беларуская! У нас асаблівыя адносіны да мастацкага слова. Спеўная, схільная да замілавання натура ў нашага народа.

Таму і Міжнародны дзень паэзіі, які прыпадае на 22 сакавіка, для многіх з нас — свята прыўкраснага пісьменства і прыгожых пачуццяў.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter