Край Коласавага натхнення

Самі Ганцавічы ўжо прыкметна змяніліся, памаладзелі і папрыгажэлі. Поступ свята заўважаецца і ў навакольных населеных пунктах. Тут скрозь — літаратурныя мясціны, якія далі дарогу ў творчасць такім майстрам пяра, як Міхась Рудкоўскі, Васіль Праскураў, Віктар Гардзей. Але ж найперш прыгадваецца ўтульная вёска Люсіна, дзе пачынаў сваю працоўную дзейнасць выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, будучы класік беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч, вядомы масаваму чытачу як Якуб Колас.

Вёска Люсіна на Ганцавіччыне старанна рыхтуецца да Дня беларускага пісьменства.

Самі Ганцавічы ўжо прыкметна змяніліся, памаладзелі і папрыгажэлі. Поступ свята заўважаецца і ў навакольных населеных пунктах. Тут скрозь — літаратурныя мясціны, якія далі дарогу ў творчасць такім майстрам пяра, як Міхась Рудкоўскі, Васіль Праскураў, Віктар Гардзей. Але ж найперш прыгадваецца ўтульная вёска Люсіна, дзе пачынаў сваю працоўную дзейнасць выпускнік Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі, будучы класік беларускай літаратуры Канстанцін Міцкевіч, вядомы масаваму чытачу як Якуб Колас.

Тут нараджаліся  першыя старонкі знакамітай трылогіі “На ростанях”, задумваўся сюжэт і занатоўваліся жыццёвыя рэаліі. У першай частцы твора Колас апісвае перыяд свайго настаўнічання. Многія жыхары Люсіна перачытвалі трылогію шмат разоў. Яны могуць цытаваць урыўкі з яе і, канечне, ведаюць біяграфію пісьменніка. Дарэчы, пра Якуба Коласа і яго творчасць у вёсцы нагадвае шмат што: крамы з яскравымі шыльдамі “На ростанях”, “Ядвіся”, літаратурна-этнаграфічны музей у сярэдняй школе і нават мясцовы сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў, які называецца “Цельшына”.

Сёння на месцы былой вёсачкі ў адну вуліцу, дзе працаваў настаўнікам адзін з галоўных герояў коласаўскай трылогіі Лабановіч, пабудаваны сучасны аграгарадок. Ёсць шыкоўная школа, з прасторнымі, светлымі класамі, новым абсталяваннем, утульны дзіцячы садок, сельскі клуб, амбулаторыя, комплексны прыёмны пункт, лазня і іншыя запатрабаваныя аб’екты. СВК “Цельшына” дапамагае іх падтрымліваць у належным стане і развіваць.

— Сучаснае Цельшына мала падобнае на тое, што апісваў Якуб Колас, — расказвае старшыня СВК Аляксандр Амельяновіч. — Няма гразкіх вуліц, на дарогах пакладзены асфальт, ды ў самой вёсцы пражывае каля паўтары тысячы  чалавек.  У  нас  45 шмат-

дзетных сем’яў. Плануем у бліжэйшы час рабіць прыбудову ў дзіцячым садку, каб вырашыць праблему недахопу месцаў. Гэта прыемны клопат, які сведчыць аб перспектыўнай будучыні ўнікальнага палескага куточка.

На тым, што гэтыя мясціны сапраўды непаўторныя, засяроджвае ўвагу сваіх чытачоў і Якуб Колас. Многа мясцовых паданняў занатаваў пісьменнік, каб потым узгадаць іх на старонках сваіх кніг. Напрыклад, у аповесці “У палескай глушы” ўпамінаецца легенда пра пана Яшука, звязаная менавіта з вёскай Люсіна. “Быў тут калісь маёнтак, і гэты лес, і балоты гэтыя належалі да яго, — піша аўтар. — А ў маёнтку жылі паны… Апошні з іх роду і быў пан Яшук, ды такі ўжо вырадак і гвалтаўнік, што і свет не бачыў такога… Людзі цярпелі… Але часам і дрэва не сцерпіць і скіне галіну, каб прыбіць чалавека… Так і прапаў на адным паляванні. Скончылася паляванне, збор трубіць пачалі, пазбіраліся паны, а пана Яшука няма і няма… І толькі на трэці дзень знайшлі яго. Вісеў пан Яшук паміж дзвюх тоўстых асін… Тут і пахавалі яго і курган над ім насыпалі”.

Старажылы Люсіна памятаюць гэтую легенду. І расказваюць, што за некалькі кіламетраў ад вёскі сапраўды ёсць гара, якая называецца Яшуковай. У адным   з   паданняў   пра   пахо-

джанне назвы вёскі таксама прыгадваецца імя лютага пана. Кажуць, што пачаў ён заляцацца да найпрыгажэйшай у наваколлі дзяўчыны, якую звалі Люсяй, і запатрабаваў, каб тая стала яго жонкай. Толькі Люся адмовілася, кінулася ў раку. З таго часу ў памяць пра дзяўчыну і сталі вёску называць Люсіна.

Пра ўсе гэтыя паданні вам цікава раскажуць у мясцовым літаратурна-этнаграфічным музеі. Выдатна ведае іх і старшыня Люсінскага сельскага Савета Марыя Занька.

— Мы старанна рыхтуемся да Дня беларускага пісьменства, — гаворыць Марыя Аляксееўна. — Для ганцавіцкай зямлі, мясцін, дзе жыў і працаваў Якуб Колас, — вялікі гонар прымаць яго. І нам ёсць што паказаць наведвальнікам, ёсць чым здзівіць. Нашы рукадзельніцы і спявачкі Ніна Жалезная, Зося Сенюковіч, Вольга Валуевіч, Ганна Амельяновіч каго хочаш прымусяць захапіцца іх творчасцю.

Музей у сучаснай школе носіць імя вялікага песняра. У ролі экскурсаводаў у ім выступаюць самі дзеці, якія з захапленнем распавядаюць шматлікім гасцям пра дзядзьку Якуба, прыгажуню Ядвісю, настаўніка Лабановіча… У музеі сабрана каля 300 экспанатаў, большая частка з якіх — арыгінальныя. Старыя кросны, жорны, дзіцячыя калыскі расказваюць пра побыт палешукоў. Асобная экспазіцыя распавядае аб жыцці і творчасці Якуба Коласа. Тут прадстаўлены фотаздымкі пасталелых вучняў будучага пісьменніка Міхаіла і Івана Занькаў, Сямёна Цялушкі, Фёдара Рылкі, Сямёна Сенюковіча. Ёсць ліст Коласа, адрасаваны былым вучням. Іх справамі і лёсам майстар беларускага слова заўсёды цікавіўся.

Яшчэ адна адметнасць Люсіна — Дубаўскае возера. Яго часта наведваў малады настаўнік Канстанцін Міцкевіч. Тут ён чэрпаў натхненне для вершаў, любуючыся раскідзістымі кронамі векавых дубоў. Больш чым стагоддзе мінула з таго часу, але мала што змянілася на Дубаўскім возеры. Яно такое ж чароўнае, казачнае, як і сто гадоў назад. Здаецца, вось зараз настаўнік Андрэй Лабановіч падыдзе да Целяшовага дуба і сустрэне пад ім сваю каханую Ядвісю.

Аляксандр КУРЭЦ, “БН”

НА ЗДЫМКУ: фальклорны гурт «Дубравушка».

Фота Тамары ЗАНЬКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter