Край гаючых крыніц. Войны не злітаваліся над Чавускім раёнам.

Толькі горад Чавусы як мінімум тройчы быў разбураны ўшчэнт. Менавіта таму тут практычна не засталося гістарычных будынкаў. Але пабываць на гэтай зямлі варта хаця б таму, што Чавускі раён — гэта цудоўныя мясціны, прыгожая рака Проня і шмат цікавых людзей, сустрэча з якімі застанецца ў вашай памяці на ўсё жыццё.

Толькі горад Чавусы як мінімум тройчы быў разбураны ўшчэнт. Менавіта таму тут практычна не засталося гістарычных будынкаў. Але пабываць на гэтай зямлі варта хаця б таму, што Чавускі раён — гэта цудоўныя мясціны, прыгожая рака Проня і шмат цікавых людзей, сустрэча з якімі застанецца ў вашай памяці на ўсё жыццё.

Дуб-волат
Палюбавацца гіганцкім дубам у Рымінцы, якому налічваецца больш як 300 гадоў, цяпер змогуць госці і жыхары Чавускага раёна. Знаёмства з магутным дрэвам уключана ў турыстычны маршрут “Прудок — чароўны куток”.
Дрэва, схаванае ад людскіх вачэй, спакойна і мірна расце тут ужо больш за тры стагоддзі. Раённы аддзел па ахове прыроды зарэгістраваў дуб-волат як прыродны помнік, які ахоўваецца дзяржавай.
Старажыл вёскі Алена Бойка расказала, што раней у Рымінках раслі тры дубы. Пасадзіў іх рэкрут, які вярнуўся дамоў з арміі. Так ён адзначыў сваю сустрэчу з роднай зямлёй. Але куды зніклі браты-дубы? Адны кажуць, што дрэвы спалілі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, другія — што два дубы спілавалі сяляне, што жылі непадалёк. Экскурсаводы, якія прыводзяць да яго турыстаў, прапануюць кожнаму жадаючаму прывязаць на галінках прыгажуна дуба стужачку, загадаўшы запаветнае жаданне.

Байкаўскія крыніцы
Крыніцы Байкава шырока вядомы ў Чавускім раёне, з’яўляюцца помнікам прыроды і знаходзяцца ля вёскі Петухоўка. Гэта каскад з сямі крыніц, якія прымыкаюць да ракі Проня. Крыніцам пакланяюцца на Тройцу (Духа), каля іх нават служаць малебны святары. У некаторых гістарычных крыніцах сцвярджаецца, што калісьці аднавокі конь, што пасвіўся ля крыніцы, упаў у ваду, а калі яго выцягнулі, жывёліна пачала бачыць на абодва вокі. Гэта ўразіла людзей. На ахвяраванні тут пабудавалі капліцу, але тутэйшы поп зачыніў яе. Пазней крынічка з’явілася ў іншым месцы, а ў капліцы перасохла. Калі ж капліца пачала дзейнічаць, крынічка вярнулася на сваё месца. Лічыцца, што і сёння многія пазбаўляюцца тут ад сваіх хвароб.

Аўтограф пісьменніка
Нямала старонак у трылогіі “Жывыя і мёртвыя” прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны, якія адбываліся на тэрыторыі Чавускага раёна. Аўтар гэтага твора — Канстанцін Міхайлавіч Сіманаў у 1968 годзе вярнуўся на месцы баявой славы, дзе яму давялося ваяваць з фашыстамі ў 1941 годзе. Як прызнаецца Сіманаў, яму хацелася асвяжыць у памяці назвы рачулак і вёсак. За час свайго візіту пісьменнік наведаў школу-інтэрнат і падарыў свой рабочы фотаапарат “Зеніт” з аўтографам “На добры ўспамін. Канстанцін Сіманаў. Чавусы 12 кастрычніка 1968 года”. Сёння гэтая рэліквія захоўваецца ў Чавускім гісторыка-краязнаўчым музеі.

Адкуль вы, доктар?
Мала каму вядома, але менавіта з Чавусаў родам Варвара Аляксандраўна Кашаварава-Руднева — першая жанчына, якая атрымала дыплом Ваенна-медыцынскай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, хоць традыцыйна там вучыліся толькі мужчыны.
Дзяўчынка з беднай яўрэйскай сям’і пешшу пайшла ў Піцер, каб стаць доктарам. І хоць у той час лічылася, што жанчына не можа атрымаць медыцынскую адукацыю, а тым больш быць студэнткай такой прэстыжнай навучальнай установы, жыхарка Чавусаў даказала адваротнае. Калі Варвара Руднева насуперак усяму абараніла дыплом у Ваеннай медыцынскай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, ёй стоячы апладзіравалі мужчыны, якія раней усур’ёз яе не ўспрымалі. У гонар Варвары Рудневай у Піцеры пастаўлены помнік, а ў Чавусах яе імем названа адна з вуліц.

Свята-Мікольскі храм
У Чавусах знаходзіцца выдатны архітэктурны помнік XIX стагоддзя — Свята-Мікольская царква. Сваю назву яна атрымала невыпадкова. Сяляне з вёскі Благавічы напісалі пісьмо імператару Мікалаю II аб тым, што драўляная царква знаходзіцца ў аварыйным стане і мае патрэбу ў рамонце. Была адбудавана мураваная царква, а назву сваю атрымала ў гонар Мікалая II. У сярэдзіне 60-х гадоў мінулага стагоддзя будынак быў перабудаваны і прыстасаваны пад клуб. Сёння царква знаходзіцца на рэканструкцыі.

Вось дык “Незабудкі”!
Сапраўднае адкрыццё для многіх — знаёмства з дзіўнымі жанчынамі, якія спяваюць разам больш як 50 гадоў. Іх аб’яднаў калектыў “Незабудкі” Галавенчыцкага клуба народнай творчасці. Бабулі-пяюхі вядомы не толькі ў Чавускім раёне. Калектыў з’яўляецца пастаянным удзельнікам раённых фестываляў і конкурсаў фальклорнага мастацтва “Грай, гармонік!”, “Свята прыпевак”, адкуль вядомыя выканаўцы прывезлі граматы і дыпломы.
Вучоныя Беларускага дзяржаўнага інстытута праблем культуры назвалі “Незабудкі” адным з лепшых аўтэнтычных калектываў у Беларусі. Самадзейным артыстам удалося захаваць мясцовы стыль, манеру выканання, традыцыйны ўнікальны рэпертуар каляндарна-абрадавых і сямейна-абрадавых песень.

Хацкавіцкія яблыкі
У вёсцы Хацкавічы Чавускага раёна размясціўся самы вялікі ў рэспубліцы гадавальнік пладовых дрэў.
Сад вярнулі на сваё месца і адрадзілі. Дзесяткі гадоў менавіта Хацкавічы славіліся на Магілёўшчыне выдатнымі яблыкамі.
Сёння гадавальнік — гэта 250 гектараў зямлі. З іх 62 — сад, 15 — матачнік клонавай прышчэпы, 4,5 —  аздароўлены пасадачны матэрыял. Тры гектары клубніц, столькі ж маліны. Тут вырочшваюць таксама чарэшні, вішні, грушы, трыццаць гатункаў яблынь.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter