Край брусніц. Шаркоўшчынскі раён — невялікі, але вельмі ўтульны край.

Ён раскінуўся ў Дзісненскай нізіне, для якой характэрна асаблівая балоцістасць. А на балотах гэтых — вялікая колькасць дзікарослых ягад, у тым ліку брусніц. Таму нядзіўна, што тры галінкі брусніц намаляваны нават на гербе Шаркоўшчыны як яе сімвал.

Ён раскінуўся ў Дзісненскай нізіне, для якой характэрна асаблівая балоцістасць. А на балотах гэтых — вялікая колькасць дзікарослых ягад, у тым ліку брусніц. Таму нядзіўна, што тры галінкі брусніц намаляваны нават на гербе Шаркоўшчыны як яе сімвал.

Жыццё за веру
Блакітная драўляная Свята-Успенская царква была ўзведзена ў Шаркоўшчыне ў 1912 годзе. А ў 1918-м з яе настаяцелем Кастусём Жданавым жорстка расправіліся бальшавікі. Ён быў вельмі паважаным сярод прыхаджан чалавекам. Строгі ў пытаннях веры, быў вельмі добрым і міласэрным. Святар рана згубіў жонку і застаўся з двухгадовым сынам на руках. Калі арыштавалі айца Канстанціна, прыхаджане спрабавалі яго выратаваць, нават прапанавалі за яго выкуп. Але святара адвезлі ў мястэчка Дзісну, дзе прымусілі капаць сабе магілу. Сведкі расказвалі, што нават калі той стаяў у ёй па пояс, то да апошняга спрабаваў угаварыць сваіх канваіраў не браць на душу грэх. У адказ тыя пачалі яго жорстка збіваць, пакуль святар не страціў прытомнасць і не ўпаў на дно ямы. І яшчэ жывога яго закідалі зямлёй.

Яблыкі на снезе
У вёсцы Вялікія Алашкі жыў і працаваў вядомы беларускі селекцыянер-аматар Іван Сікора. Шмат гадоў свайго жыцця ён прысвяціў вывядзенню гатунку яблыкаў павышанай зімастойкасці. На жаль, такі гатунак быў выведзены толькі пасля яго смерці. Але названы ён у гонар селекцыянера — “Памяць Сікоры”. Зараз у яго доме размясціўся музей, а ў вёсцы Малыя Алашкі праводзіцца штогадовы фестываль “Яблычны Спас — усяму час”. Ладзіцца ён менавіта ў жніўні, калі нарадзіўся Сікора.

Касцёл, які не бяруць бомбы
250-гадовы касцёл Св. Міхаіла Архангела ў Лужках пабудаваны ў стылі віленскага барока. Кажуць, што ў часы Вялікай Айчыннай вайны ля сцен касцёла ўпала некалькі авіябомб, але ніводная з іх дзіўным чынам не выбухнула. Самі Лужкі на працягу двухсот гадоў належалі Сапегам, потым пераходзілі з рук у рукі, пакуль не сталі ўласнасцю кастэляна берасцейскага і полацкага Валяр’яна Жабы. Ён зрабіў іх цэнтрам рамёстваў усёй акругі і дамогся для вёскі статуса мястэчка.

Другое нараджэнне касцёла
Касцёл Дабравешчання Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Германавічы пабудаваны таксама ў канцы XVIII стагоддзя на сродкі гаспадара сядзібы Шырына, толькі праз раку ад яе. Інтэр’ер аздоблены роспісамі з расліннымі матывамі і лепкай. У 1940 годзе яго зачынілі і вярнулі вернікам толькі ў канцы 1980-х.

Шалёны камень
Ледавік, які рухаўся са Скандынавіі на поўдзень, раструшчваючы абломкі скал, прынёс на тэрыторыю Шаркоўшчынскага раёна шмат валуноў. Лічыцца, што яны з’явіліся тут не менш як 15—20 тысяч гадоў таму. Самы вялікі знаходзіцца за 29 кіламетраў ад Шаркоўшчыны, каля вёскі Дубоўка. Таму назвалі яго Дубоўскі валун.
Ёсць на Шаркоўшчыне і свой лячэбны камень. Яго знайшлі каля вёскі Грыдзюшкі Малыя. У народзе яго завуць шалёны. Існуе легенда, што жыла ў той вёсцы шмат гадоў таму адна звар’яцелая жанчына. Яна хадзіла ад вёскі да вёскі: нехта пакорміць яе, нехта адзенне дасць... І вось аднойчы вярталася яна ў вёску, стамілася, прысела адпачыць на камень, які ляжаў на ўскрайку дарогі. І прыснула на ім. А калі раніцай прачнулася, усе заўважылі, што да яе вярнуліся і розум, і памяць. Зараз да лячэбнага каменя людзі прыходзяць лячыць хворыя суставы і суцішыць боль. Цікава, што ад гэтага каменя ідзе цяпло. Ён нават у маразы не бывае халодны. Зараз гэты валун знаходзіцца каля музея мастацтва і этнаграфіі ў Германавічах.

Ход пад ракой
Сядзібу Германавічы ў 1782 годзе памешчык Ігнат Зарыні-Шырын набыў у графа Гільзэна. Напрыканцы XVIII стагоддзя на беразе Дзісны ў Германавічах пабудавалі дом ў стылі класіцызму і парк. Цяпер у гэтым будынку размясціўся музей мастацтва і этнаграфіі імя Язэпа Драздовіча. Ходзяць чуткі, што сядзібу і касцёл, якія стаяць па розныя бакі ракі, звязвае падземны ход. Але пакуль што нікому не пашчасціла яго знайсці.

Германскія карані
Гэтымі землямі валодалі магнацкія роды ВКЛ — Сапегі, Жабы, а апошнімі былі Плятэры. Іх сядзіба захавалася да нашых часоў у вёсцы Гарадзец. Паходжанне гэтага аднаго з самых магутных родаў у ВКЛ звязана з сярэдневяковай Германіяй. Сярод іх былі мецэнаты, ваяводы, паслы, палітыкі і вучоныя. Дарэчы, згодна з дадзенымі археалагічных раскопак, менавіта ў вёсцы Гарадзец былі знойдзены першыя паселішчы людзей у Шаркоўшчынскім краі ў X—XII стагоддзях.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter