Краiну зневажаць — значыць здраджваць ёй

Мазаць фарбай пабудовы амаль тое самае, што лаянка i брыдкаслоўе

На маiм прыпынку вiсiць акуратная шыльдачка, дзе пахвiлiнна распiсаны расклад аўтобусаў, якiя тут праходзяць. Зручная рэч: можна разлiчыць час, асаблiва калi iнтэрвалы руху транспарту ў сярэдзiне дня даволi значныя. Бабулькi, што выбiраюцца з дома пасля ранiшняга пiку, заўсёды стараюцца выйсцi на прыпынак у «сваю» хвiлiну.

I вось нядаўна шыльдачку ўшчэнт запэцкалi. Безумоўна, не абышлося гэта без тых, хто прызвычаiўся праяўляць свой «талент жывапiсца» менавiта ў грамадскiх месцах: на агароджы, сценах дамоў, гаражоў, прыпыначных павiльёнаў, у падземных пераходах... Што яны пiшуць – вядома толькi iм. Абракадабра, падобная на арабскую вязь. Ды, на жаль, цяга да падобнага «мастацтва» не знiкае. А мiж iншым, iм зневажаецца наша культура побыту, праца людзей, зневажаецца станоўчы iмiдж Беларусi як краiны еўрапейскай, цывiлiзаванай, дагледжанай, прыгожай.

А можа, iм, «рэтушорам сцен», здаецца, што яны робяць нешта значнае? Дарэмна. Перавага глупства, як некалi заўважыў рускi пiсьменнiк Мiкалай Гарын-Мiхайлоўскi, у тым, што яму нiколi не зайздросцяць. Мазаць фарбай пабудовы хiба тое самае, што лаянка, брыдкаслоўе, якое таксама не прыгожыць нас як нацыю.

Праўда, пра нейкую там «эстэтыку» наўрад цi думае хамаваты мужлан у добрым падпiтку, у якога з наяўнага слоўнага запасу большая частка слоў непрыстойных. Аднаго такога неяк спрабавалi гуртам прысаромiць у гарадскiм аўтобусе звычайныя жанчыны-спадарожнiцы. Ды дзе там! Гэта толькi падлiла масла ў агонь. Брудная лаянка хлынула ўжо нястрымным патокам. I нават мiлiцыянер, што зайшоў на прыпынку ў салон, не змог нешта супрацьпаставiць хаму.

Канешне, у падобных сiтуацыях патрабуюцца i сiла волi, i сiла ўлады. Iх жа, на жаль, не заўсёды хапае нашым ахоўнiкам грамадскага парадку.

Ваяваць з вiдавочным нахабнiкам больш небяспечна, чым, скажам, з бабулямi-гандляркамi, што выходзяць са сваiм таварам на прыпынак каля метро «Каменная Горка» ў Мiнску. Праўда, мiлiцэйскiя сяржанты, хутчэй за ўсё, тут нi пры чым. Яны разганяюць iмправiзаваны рынак па загадзе зверху. I ўжо, дарэчы, доўгi час. А ён жа ўсё роўна збiраецца.

Дык, можа, няварта праганяць гадляроў, а зрабiць тут так, як некалi вырашыў праблему Зянон Ломаць, калi быў старшынёй Слуцкага райвыканкама. Тады ў месцах па дарозе Слуцк—Мiнск, дзе збiралiся стыхiйныя мiнi-рынкi, па iнiцыятыве ўлады пабудавалi павецi, зрабiлi лаўкi. У вынiку месцы гандлю садавiнай, гароднiнай, дарамi лесу сталi цывiлiзаванымi, зручнымi. I цяпер многiя, хто праязджае тут, з задавальненнем спыняюцца каля гэтых прыдарожных прылаўкаў i робяць патрэбныя пакупкi. Як бачым, задаволены ўсе. Нiхто нiкога не абражае, не зневажае.

Кажуць, каб дзейнiчаць разумна, аднаго розуму мала, патрэбны кемлiвасць, разумны сэнс. Галоўнае, не выстаўляць сябе на пасмешышча, не дапускаць знявагi суайчыннiкаў i, калi хочаце, краiны. Бо зневажаць сваю айчыну, гаварыў Вiктар Гюго, — значыць здраджваць ёй.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter