Краіна Багародзіцы

У  Беларусі напэўна няма такой мясцовасці, у якой або побач з якой не знаходзіўся б абраз Дзевы Марыі. Нібы покрыва Багародзіцы абараняе ўсю тэрыторыю нашай Бацькаў­шчыны.

Хрысціяне пакланяюцца толькі Богу і ўшаноўваюць святых. Сярод святых асаблівай пашанай католікі і праваслаўныя ахінаюць Дзеву Марыю — Маці Хрыста. Хрысціянская вера падказвае нам, што існаванне чалавека працягваецца і пасля смерці, таму святыя — гэта тыя, чый шлях на зямлі скончыўся, але яны не зніклі і працягваюць быць сябрамі кожнага чалавека.

Для Касцёла (Царквы) святыя, а ў першую чаргу Дзева Марыя, настолькі ж жывыя, як і нашы суседзі, члены сям’і, калегі. Святыя з’яўляюцца для нас узорам жыцця, з імі мы размаўляем, ім давяраем свае патрэбы, іх просім аб заступніцтве перад Богам. Іконы і іншыя выявы святых неабходны псіхалогіі чалавека, каб нагадваць пра іх, настроіць на малітоўны лад, стварыць узнёслую атмасферу і г.д.

Чалавек — істота сацыяльная. Таму людзі збіраюцца разам для пакланення Богу і ўшанавання святых. Такім чынам яны адчуваюць сябе адной сям’ёй, заяўляюць іншым пра свае перакананні, дзеляцца духоўным вопытам. Сапраўдныя хрысціяне — гэта не маркотныя і прыгнечаныя людзі. Таму яны шукаюць магчымасці правесці час разам добра і радасна ў імя Божае.

Нашы продкі збіраліся каля касцёлаў і цэркваў на фэсты ў літургічныя дні ўспаміну святых. Слова «фэст» сугучнае па паходжанні і значэнні са словам «фестываль». У ліпені католікі Беларусі збіраюцца на фэсты ў гонар Маці Божай у Будславе, Тракелях і Гудагаі. Будслаўская базіліка была нядаўна пашкоджаная пажарам, але многія людзі розных веравызнанняў і перакананняў адгукнуліся на просьбу ў дапамозе ў яе аднаўленні.

З-за пандэміі каронавіруса наша святкаванне не будзе такім, як у мінулыя гады. Малітва аб захаванні здароўя — як ніколі актуальная просьба, з якой мы разам звернемся да Бога.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter