Лето дети часто погибают и получают травмы в ДТП

Кожны нясе сваю дарогу з сабой

Праблема гiбелi i траўмiравання дзяцей на дарогах робiцца асаблiва актуальнай менавiта ў летнi сезон
Вось i надышло доўгачаканае лета — час адпачынку для дарослых, канiкулаў — для дзяцей. Але цудоўныя днi, напоўненыя цiкавымi прыгодамi, часцяком прыносяць сумныя навiны пра ДТЗ. І гэта паўтараецца з года ў год.

Праблема гiбелi i траўмiравання дзяцей на дарогах робiцца асаблiва актуальнай менавiта ў летнi сезон. Пасля напружанага навучальнага года дзецi робяцца бесклапотнымi, расслабляюцца. Вольны час яны iмкнуцца праводзiць на вулiцы, а бацькi тым часам занятыя на рабоце. І тады здараецца бяда. Нярэдка нават знаёмы пераход, па якiм дзецi столькi разоў хадзiлi ў школу, становiцца для iх небяспечным выпрабаваннем.

Некалькi летнiх дзён ужо адкрылi лiк сумнай статыстыцы. Так, у Мастах 57-гадовы вадзiцель наехаў на сваiм аўто на двух хлопчыкаў, 10 i 11 гадоў, калi яны перасякалi вулiцу па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. У вынiку старэйшы хлопчык быў шпiталiзаваны. А ў Гомелi «вызначыўся» вадзiцель маршрутнага таксi, таксама сталага веку. Ён сутыкнуўся з пасажырскiм аўтобусам, якi спынiўся перад нерэгуляваным пераходам, каб прапусцiць пешаходаў. У вынiку 15-гадовая пасажырка гэтага лiхача атрымала траўмы.

Яшчэ адзiн момант, якi падлеткi iгнаруюць, — святлоадбiвальныя элементы. Менавiта iх адсутнасць прывяла да трагедыi ў Столiнскiм раёне. Чатыры начныя падарожнiкi iшлi па ўскрайку дарогi. Двое з iх трапiлi пад колы аўтамабiля. Вадзiцель, якому толькi споўнiлася 18, не меў правоў, але ўзяў у знаёмага легкавушку. А праз пэўны час насмерць збiў сваю равеснiцу, а непаўналетнi хлопец атрымаў сур`ёзныя траўмы. Гора-вадзiцель кiнуўся наўцёкi, але дарэмна…

Таксама не ўдалося ўцячы ад iнспектараў ДАІ i 16-гадовым мiнчанам, якiя пасля застолля вырашылi пакалясiць па начных вулiцах. Вадзiцель пад мухай i двое яго сяброў выскачылi з машыны i разбеглiся, нiбыта тараканы. А кiнутая iмi машына тым часам пашкодзiла дзве легкавушкi. Цяпер вадзiцелю давядзецца адказаць i за ваджэнне без правоў, i за ўчыненае ДТЗ, i за непадпарадкаванне iнспектарам ДАІ, i за тое, што п`яны сеў за руль. Дорага абыдзецца яму гэты начны ваяж…

Яшчэ адзiн «герой» нападпiтку проста ўляцеў у аўтобусны прыпынак. Вынiк — пад коламi апынулася дзяўчына, якой, так бы мовiць, не спатрэбiлася медыцынская дапамога. Цяпер у яго будзе шмат часу, каб паразважаць над тым, што здарылася. Толькi дзяўчыну ўжо не вернеш…

У апошнiя днi школьнага года супрацоўнiкi Дзяржаўтаiнспекцыi яшчэ раз наведалi навучальныя ўстановы i звярнулi ўвагу дзяцей i дарослых на летнюю небяспеку на дарогах. У прыватнасцi, на тое, што катацца на ролiках i скейтбордах можна толькi ў двары, скверы цi парку на спецыяльна абсталяваных пляцоўках, сцяжынках, алеях, але не паблiзу транспартных сродкаў i вялiкага скаплення пешаходаў. Дзiцяцi да 14 гадоў забаронена выязджаць на веласiпедзе на дарогу агульнага карыстання — гэта таксама трэба няўхiльна выконваць.

Звярнулi спецыялiсты ўвагу i на такую акалiчнасць. Калi мы, дарослыя, станем на дарозе прыкладам для сваiх дзяцей, калi не будзем забываць паўтараць простыя правiлы бяспекi, то многiх няшчасных выпадкаў удасца пазбегнуць.

Ганна МАСЛАВА, Вiцебск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter