«Кожны чалавек у сваё жыццё дзверы адчыняе і зачыняе»

– А ЦІ ведаеце вы, што аднойчы ў Аздамічах жонка прадала свайго мужыка за тры капейкі? — пачынае мастак гаворку з журналістам. — Маўляў, больш не каштуе. А адна кемлівая кабета вазьмі ды і купі яго: тры капейкі аддала гаспадыні і забрала чалавека. Тая пасля адумалася, прыйшла назад патрабаваць. Але пакупніца не аддае, кажа, я за яго грошы заплаціла. Ды і мужык сам не захацеў вяртацца да жонкі, так усё жыццё і пражыў з той, якая яго купіла... І яшчэ адна гісторыя была. Мужык каханцы ўпотай з дому сала насіў. А жонка даведалася і вырашыла яго пакараць: падала на мужа ў суд. Яму шэсць месяцаў турмы прысудзілі. А тут вясна, трэба араць, дык потым жанчына казала: «Няхай бы ён і далей тое сала цягаў, толькі араў бы». Так сама сябе і пакарала...

Філасофія мастака Івана Супрунчыка са Столінскага раёна трымаецца на яго каранях

– А ЦІ ведаеце вы, што аднойчы ў Аздамічах жонка прадала свайго мужыка за тры капейкі? — пачынае мастак гаворку з журналістам. — Маўляў, больш не каштуе. А адна кемлівая кабета вазьмі ды і купі яго: тры капейкі аддала гаспадыні і забрала чалавека. Тая пасля адумалася, прыйшла назад патрабаваць. Але пакупніца не аддае, кажа, я за яго грошы заплаціла. Ды і мужык сам не захацеў вяртацца да жонкі, так усё жыццё і пражыў з той, якая яго купіла... І яшчэ адна гісторыя была. Мужык каханцы ўпотай з дому сала насіў. А жонка даведалася і вырашыла яго пакараць: падала на мужа ў суд. Яму шэсць месяцаў турмы прысудзілі. А тут вясна, трэба араць, дык потым жанчына казала: «Няхай бы ён і далей тое сала цягаў, толькі араў бы». Так сама сябе і пакарала...

ТАКІХ гісторый у Івана Супрунчыка з вёскі Цераблічы Столінскага раёна — цэлы музей этнаграфіі і быту, дзе ён і за кіраўніка, і за экскурсавода. Але гэта не проста гісторыі. Гэта — сапраўдны радавод яго роднай вёскі і ваколіцы. Да таго ж кожная легенда ці бываліца ілюструецца экспанатамі музея, карцінамі і скульптурамі самога Івана Філіпавіча. Дарэчы, свае скульптуры самабытны мастак стварае з дрэва пры дапамозе адной толькі сякеры. Гэта яго адметная тэхніка: сам яе вынайшаў, у ёй і працуе.

Амаль усё жыццё Іван Супрунчык працаваў у роднай вёсцы загадчыкам бібліятэкі — пасля вучобы ў бібліятэчным інстытуце. Але заўсёды па жыцці з ім ішлі два яго захапленні: любоў да гісторыі роднай вёскі і творчасць. Скончыў Народны ўніверсітэт мастацтваў у Маскве, факультэт малюнка і жывапісу. А калі ў «ліхія» дзевяностыя ў Цераблічах перастаў існаваць філіял Пінскай трыкатажнай фабрыкі, дзе шылі спартыўную вопратку, заняў пад бібліятэку яго былы будынак. Тут жа размясціў і музейныя экспанаты — старажытныя прадметы побыту палешукоў, якія збіраў усё жыццё, а таксама вынікі ўласнай творчасці.

Ужо ў 1996 годзе музей атрымаў званне «народнага», і з тых часоў штогод яго пацвярджае. Шматлікія экскурсіі і асобныя наведвальнікі музея абавязкова пакідаюць запісы ў кнізе гасцей. У ёй — словы ўдзячнасці на беларускай, рускай, украінскай, нямецкай, французскай мовах... Пару месяцаў таму да Івана Філіпавіча завітаў беларускі паэт Леанід Дранько-Майсюк. «Ваш музей, спадар Іван, дае душы сапраўдную паэзію», — напісаў ён мастаку пра свае ўражанні.  Тут і сапраўды можна не толькі паглядзець на экспанаты, паслухаць займальныя гісторыі, але і атрымаць майстар-клас.

— У дзяцінстве марыў пабачыць, як мастак стварае свае творы, з чаго пачынае, як працуе. Але дзе ж гэта пабачыш у вёсцы? Таму зараз даю такую магчымасць усім жадаючым, — кажа мастак.

А яшчэ ён вучыць дзяцей маляваць: вядзе два разы на тыдзень гурток. Згадзіцеся, не любая вёска можа такім пахваліцца. Усе экспанаты ў музеі Іван Супрунчык размясціў у адпаведнасці з асабістымі меркаваннямі.

—Мне казалі — трэба стварыць экспазіцыі. Але гэта ж не толькі народны музей, гэта вясковая хата. А мужык ніколі не класіфікаваў сваё дабро: нешта пад лавай ляжыць, нешта ў гумне... — працягвае Іван Філіпавіч.

ФІЛАСОФІЯ Супрунчыка трымаецца на яго каранях, на традыцыях і ўкладзе жыцця родных мясцін.

— Самыя старыя, першабытныя сімвалы, якім чалавек пакланяўся спрадвеку, — агонь, вада і хлеб. Абрады з гэтымі сімваламі працягваюць існаваць і сёння. Яны проста перайшлі з язычніцтва ў праваслаўе, — разважае ён. — Яшчэ адзін сімвал для нашых мясцін — гаршчок. Калі нараджалася дзіця, гаршчок разбівалі. На вяселлі, калі маршалкі ішлі з хаты, таксама білі гаршкі, якія на плоце віселі. Калі чалавек паміраў, у гаршчок змяшчалі прах і закопвалі ў зямлю. Кожны па-свойму тлумачыць значэнне гэтага сімвала. А я лічу, што гаршчок першабытны чалавек зляпіў у выглядзе зямлі. А яшчэ яго можна параўнаць з ластаўкіным гняздом. А ў ім — птушаняты. Гэта значыць, што адтуль выходзіць жыццё.

І ўсе творы Івана Супрунчыка так ці інакш звязаны з тымі сімваламі, пра якія ён кажа. А яшчэ, вядома ж, з легендамі, паданнямі, казкамі пра родную вёску і яе жыхароў.

...Некалькі стагоддзяў таму стаяла ў вёсцы Цераблічы шаснаццаць хат, і жылі ў іх шаснаццаць радоў. І жыў там Ліхван Ліхваняня, які забіў шчыкалаткай цяля і падзяліў яго па радах: кожнаму ў вёсцы дасталося па кавалачку. І кожнаму роду ён даў характарыстыку: «Клубом — прысы, бо там Яўмен лысы. Кашэўскім — рогі, бо не ўступаюцца дарогі, Маўсеём — морда, бо ў іх натура цвёрда. Макатом каленца — ні дроў, ні паленца. Казаком — вушы, бо ў іх няма ні хлеба, ні калатушы. Каўбасом — пячонкі, што яны ходзяць на вячоркі. Мельніком дзяліў кішкі, каб завязваць мяшкі. Стральцом даў пляхі, бо да іх заязджаюць ляхі. А сабе пакінуў тулавец, бо ён хлопец-маладзец...»

— Дзіўна, але і сёння, праз столькі стагоддзяў людзі з гэтых радоў пазнаюць сябе ў гэтай гісторыі. Вось яна — мудрасць народа... У адным родзе ўсе мужчыны рана лысеюць, да трыццаці гадоў, — тлумачыць Іван Філіпавіч. — Другія як былі беднымі, так і не пабагацелі. Іншыя, наадварот, раней добра жылі, ды і зараз не горш. А ў Кармільцаў і сёння нараджаюцца самыя прывабныя дзяўчаты ў акрузе. І пра мяне там ёсць таксама. Я ж са Стральцоў. Як у старадаўнія часы да нашага роду ў госці паны завітвалі, так і зараз гэтая завядзёнка ідзе. Вось і вы да мяне прыехалі...

ТВОРЫ Івана Супрунчыка распавядаюць пра ўсё жыццё палешукоў — ад нараджэння да самой смерці. Шмат з іх прысвечана традыцыі сватаўства. Напрыклад, карціна «Лапці». Хлопцы кідалі звязаныя лапці ў хату да любай дзяўчыны і казалі: «Шуры-буры, лапці ў хату». Калі даспадобы жаніх — яго запрашалі ў хату. Калі не — бацька выходзіў і казаў: «Не шурай, не бурай, свае лапці забірай». І ўсё было адразу зразумела. Маглі яшчэ чобаты ў сені ставіць. У адзін насыпалі зерне, у другі — зямлю. Калі дзяўчына пакідала ў сенях чобат з хлебам — можна ісці ў сваты. Калі з пяском — адмова.

– ЛЮДЗІ цяжка працавалі. Глядзіце, вось у мяне сярод экспанатаў некалькі сох. Я заўсёды дзіўлюся: што можна было наараць гэтымі прыладамі? Але ж аралі і выжывалі. Вельмі цяжка працавалі. А мы сёння шкадуем сябе, на долю сваю скардзімся. Зараз не жыццё, а адна радасць, асабліва калі не лянуешся і ў гарэлку з галавой не лезеш, — разважае Іван Супрунчык.

А вось яшчэ адна карціна, а разам з ёй і павучальная гісторыя. Хаця і трохі жудасная. Непадалёк ад Цераблічоў працякае рака Сцвіга. На ёй ёсць Галоўчын востраў. Людзі кажуць, што шмат гадоў таму, калі яшчэ мужчыны па 25 гадоў у салдатах служылі, двое рэкрутаў уцяклі з арміі. І сталі жыць на гэтым востраве. А паколькі на Палессі кожны кавалачак зямлі і да гэтага часу выкарыстоўваецца, на востраве тым была гаспадарка аднаго мужыка: хлеў, каровы. І вось аднойчы чалавек з жонкаю паехалі даіць карову, а на востраве — уцекачы. Схапілі яны мужыка — забіць хацелі. А жонка яго ў лодцы сядзела. І чалавек просіць: «Дапамажы мне, жонка!», а тая адказвае: «Хто мацнейшы — той і мой». Мабыць, думала ад мужа такім чынам пазбавіцца. Але таго сабака выратаваў. Мужык уцекачоў звязаў, а жонцы галаву адсёк — у настаўленне ўсім жонкам, каб мужам не здраджвалі…

СМЕШНАЯ КАРЦІНА пра бабку Шмудалу. За польскім часам нельга было проста так збіраць ягады ў лесе, трэба было за гэта заплаціць. Але бабка падбіла дзяўчат пайсці ў лес без квіточка. А ў лесніках у той час быў Марыніч, таксама з мясцовых. Дарэчы, зараз у лясгасе яго нашчадак працуе з такім жа прозвішчам.

І ляснік злавіў гэтую бабку. Дзяўчаты ў лесе пахаваліся, а ляснік бабку трымае і пытаецца яе: «Як тваё імя?» А на мясцовым дыялекце імя — гэта вымя каровы. А Шмудала, якая надта ж любіла пасмяяцца, і адказвае яму: «Не, пан, імя ў мяне няма, у мяне толькі грудзі ёсць!» Што лесніку рабіць? Што ўзяць з дурной бабы? Плюнуў ён, вылаяўся і адпусціў бабку. Так яна лесніка перахітрыла.

Шмат у музеі экспанатаў, якія расказваюць пра побыт і жыццё палешукоў са старадаўніх часоў. Вось дзіўнае прыстасаванне — станок, пры дапамозе якога можна віць вяроўкі з каноплі. Прыдумаў і сканструяваў яго мясцовы каваль Адам. Вось якар вышэй за чалавечы рост — хлопцы знайшлі ў возеры ў Альшанах. Важыць ажно 130 кілаграмаў! І надпіс на ім ёсць — 1500 з нечым год. А гэткі драўляны чайнік называлі барыла, яго бралі, калі ішлі ў сваты, і з яго разлівалі медавуху. Човен, выдзеўблены ў магутным дубе. І рэдкі экспанат, які, дарэчы, ёсць толькі ў Эрмітажы, — жаночы галаўны ўбор з берасты, прыкладна XVI—XVII стагоддзя. Галоўка называецца.

— Мне маці хросная, калі жывая была, расказвала, што ў дзяцінстве вечарамі яны палохалі людзей гэтай «галоўкай». Толькі называлі яе інакш — дзюбай, бо да птушынай дзюбы сваёй формай падобна, — кажа Іван Супрунчык. Ёсць тут і карціна, якая прысвечана памяці маці мастака, называецца «Дзверы».

Ёсць сярод твораў і прысвечаныя падзеям нядаўняй гісторыі. Гэта скульптуры, якія ў алегарычнай форме распавядаюць пра разбурэнне Савецкага Саюза, і скульптуры ў памяць чарнобыльскай трагедыі. Але ёсць і прыемныя моманты ў нашай сучаснасці. Напрыклад, Іван Філіпавіч вырабіў скульптуру да чэмпіянату свету па хакею. Зрабіў яе ў выглядзе кубка з караваем пасярэдзіне — адразу бачна, што сапраўдны, беларускі.

— Калі любіш сваю справу ды не можаш жыць без яе, сама душа падказвае табе, як і што рабіць, — кажа Іван Супрунчык. — Вось я зараз узяўся за радавод маёй сям’і. Маці ў гэтай скульптуры будзе матаць ніткі ў клубок, які сімвалізуе пупавіну. Колісь яна казала, што Кароцічы, што недалёка ад Цераблічоў, — гэта канец свету. Так мы ў сваім куточку і жывём. У чароўным куточку Палесся, дзе захавалася літаральна ўсё: і звычаі, і ўклад жыцця, і традыцыі, і, спадзяюся, будуць захоўвацца...

– Кожны чалавек у сваё жыццё дзверы адчыняе і зачыняе. Мая маці ўжо свае дзверы зачыніла, — тлумачыць Іван Філіпавіч. — Кожны з нас павінен прайсці праз дзверы — сэрца Хрыста. І выконваць запаведзі: любіць бліжняга і нікому не рабіць кепска. А яшчэ мы павінны памятаць і шанаваць сваіх продкаў, свой радавод, і тады нашы нашчадкі пра нас будуць ведаць і памятаць.

Юлія БАЛЬШАКОВА, «БН»

Фота аўтара

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter