Кожнаму сваё месца

Чырвоны кут у хаце — гэта самае ўтульнае і прыгожа аздобленае месца, у якім пад столлю гуртаваліся прадстаўнікі нябеснага царства, на бэльцы былі занатаваны імёны сканаўшых сваякоў, а на скрыжаванні абрадавага часу стаялі дзве лавы, паміж якімі ўзвышаўся жытнёвы сноп, імя якога таксама мела прамое дачынне да дамачадцаў — “Дзед”.

* Гаспадар хаты  сядзеў на самым ганаровым месцы — у чырвоным куце, пад абразамі. Калі ў сям’і не было бацькі, яго месца займаў старэйшы жанаты сын. Калі ён быў яшчэ нежанаты, то  лідэрства ў сям’і належала маці.
* Строга сачылі за тым, каб за сталом адначасова не сядзела трынаццаць чалавек.
* Самае пачэснае месца — у чырвоным куце — падчас вясельнага абраду заўсёды належала жаніху і нявесце. Побач з імі садзіліся самыя блізкія сябры: шафер і шаферка, баяркі, маршалак, хросныя бацькі. Кожнае крыло вясельнага стала запаўнялі моладзь і блізкія сваякі ў адпаведнасці з іх узростам: чым маладзейшыя госці, тым яны былі бліжэй да маладых, а чым старэйшыя — тым далей ад чырвонага кута, бліжэй да парога, да зоны будучай сустрэчы з продкамі.
* У некаторых мясцінах існавала строгае правіла: нежанатых і незамужніх за вясельны стол не запрашалі. Для іх накрывалі стол у асобным месцы: улетку пад яблыняй у садзе, зімой — у суседняй хаце.
* Падчас пахавальнага абраду ў чырвоным куце ставілі чарку і прыбор для нябожчыка, ля яго садзіліся самыя старэйшыя, далей — маладзейшыя. Дзеці і моладзь, якая не стварыла сваёй сям’і , за жалобны стол наогул не дапускаліся.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter