Конкурс – добрая справа!

Што і казаць: выдатная справа, бо людзі маюць магчымасць не толькі ўбачыць свае дасягненні, падзяліцца вопытам гаспадарання, але і пры жаданні купіць ці абмяняцца насеннем.

Людміла Яўгенаўна і Леанід Іванавіч ШАРЛАН — мае суседзі. Таму мы часта сустракаемся і добра ведаем адзін аднаго. Гэта дружная, працавітая сям’я. Іх невялікая сядзіба — уся ў кветках, ёсць тут ягаднікі, пладовыя дрэвы і нават вінаград. Паблізу і суседскі агарод, на якім яны вырошчваюць пераважна капусту, моркву, сталовыя буракі, бульбу і гарбузы з кабачкамі. І што прыемна: на градках  шчыруюць не толькі бацька і маці, але і іх два сыны, якія пасля заканчэння школы сталі працаваць і завочна вучыцца ў сталіцы. Цікава, што хлопцы працуюць на агародзе і разам з маці, і адны, калі яна знаходзіцца на працы ў школе. Не падзяляюць заняткі на «мужчынскія» і «жаночыя», як гэта робіцца ў некаторых сем’ях. І таму штогод мае суседзі атрымліваюць добрыя ўраджаі. Асабліва ўрадзілі ў іх летась гарбузы. Такіх веліканаў (вага асобных звыш 50 кг) мне не даводзілася бачыць! Яны варты Кнігі рэкордаў Гінэса. Гэта выдатная плата сям’і за іх шчырую працу!

Калісьці ў друку чытаў, што ў некаторых раёнах нашай краіны праводзяцца выставы-конкурсы гароднінных культур, якія дасягаюць незвычайнай вагі і велічыні. Што і казаць: выдатная справа, бо людзі маюць магчымасць не толькі ўбачыць свае дасягненні, падзяліцца вопытам гаспадарання, але і пры жаданні купіць ці абмяняцца насеннем. Мне думаецца, што арганізатарамі такіх конкурсаў павінны быць работнікі раённых сельгасхарчаў ці старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў. Наперадзе ўжо час новага ўраджаю. І добра было б, калі б такія выставы сёлета сталі праводзіцца абавязкова і паўсюль.

Іван ГОВАР

г. Іўе

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter