Конкурс ідэй

Для форумаў, якія праводзяцца ў Беларусі, з наступнага года плануецца арганізаваць сапраўдны конкурс. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка на прэс-канферэнцыі ў Мінску
Усебеларускі фестываль нацыянальных культур у Гродне — гэта заўсёды сапраўднае святаДля форумаў, якія праводзяцца ў Беларусі, з наступнага года плануецца арганізаваць сапраўдны конкурс. Аб гэтым паведаміў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Рылатка на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Па выніках года будзе вызначацца, у які з форумаў прыўнесена больш арыгінальных ідэй. Будзе ацэньвацца змест, узровень прадстаўніцтва, каштоўнасць фестывалю для беларускай культуры. А вынікам стане грант на правядзенне наступнага свята.

Сёлета ў рэгіёнах Беларусі прайшло каля 50 фестываляў. Кожны з іх быў па-свойму цікавы. Але для поспеху трэба некалькі складнікаў. Фестываль павінен мець добрую друкарскую прадукцыю, прэсу, ён павінен надаць штуршок развіццю турызму ў рэгіёне.

Сярод цікавых фестываляў у рэгіёнах — “Берагіня”, “Залаты шлягер”, “Сожскі карагод”. Адраджаецца фестываль нацыянальнай драматургіі імя В. Дуніна-Марцінкевіча. Ён прайшоў сёлета ўжо ў новым статусе — міжнародным.

Некалькі буйных фестываляў у Беларусі з’яўляюцца візітнай карткай краіны. У іх ліку “Славянскі базар у Віцебску”, Усебеларускі фестываль нацыянальных культур у Гродне, “Дажынкі”, Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне.

Жанна Катляроўская
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter