Комплекс Герастрата

Лакальныя канфлікты, міжнародны тэрарызм, вострыя эканамічныя катаклізмы справакавалі цяперашні сусветны міграцыйны крызіс
Лакальныя канфлікты, міжнародны тэрарызм, вострыя эканамічныя катаклізмы справакавалі цяперашні сусветны міграцыйны крызіс — самы буйны з часоў Другой сусветнай вайны. Паводле ацэнак еўрапейскіх палітыкаў, больш за 400 тысяч мігрантаў з 630, якія прыбылі ў Еўрасаюз, не атрымаюць статус бежанцаў і будуць дэпартаваныя. Прагнозы Сусветнага банка сведчаць: частка насельніцтва планеты, якая жыве за рысай беднасці, склала сёлета 9,6 працэнта, альбо 702 мільёны чалавек. Чарговы рэсурс для ўцекачоў з нялюбай жабрачкірадзімы.

Пакуль глабальныя ігракі вызначаюць ролю ў барацьбе з “Ісламскай дзяржавай” расійскі лідар Уладзімір Пуцін заяўляе, што ракетамі ваенных караблёў Каспійскай флатыліі знішчаны чарговыя 11 аб’ектаў тэрарыстаў у Сірыі (на адлегласці 

1,5 тысячы км). А ў выніку бамбардзіроўкі бальніцы ў афганскім Кундузе авіяцыяй ЗША загінулі пацыенты і медыкі з “Урачы без межаў”. Амерыканскія чыноўнікі ў пагонах шкадуюць аб памылцы ваенных. 

Тым часам з вуснаў Барака Абамы пераможна гучыць навіна аб заключэнні пагаднення аб Трансціхаакіянскім гандлёвым партнёрстве: цяпер, на яго думку, правілы сусветнага гандлю будуць пісацца выключна ў Вашынгтоне. Аднак рэальныя лічбы пакуль не на карысць ЗША — летась аб’ём знешняга гандлю Кітая быў 

4,30 трыльёна долараў, Злучаных Штатаў толькі 4,03.

У 356 годзе да нашай эры жыхар грэчаскага Эфеса Герастрат, вырашыўшы замацаваць у гісторыі сваё імя, падпаліў адно з сямі цудаў свету — храм Артэміды Эфескай. У нашы дні чарговы стралок-вар’ят з амерыканскага коледжа горада Роўзбург (штат Арэгон) вельмі хацеў праславіцца ў прэсе... На яго крывавым рахунку забойства 13 чалавек і больш 20 параненых.

Аб падзеях ва Украіне. Трохбаковая кантактная група возьме ўдзел у падрыхтоўцы закона аб мясцовых выбарах, які дазволіць правесці выбарчую кампанію ў суседняй краіне згодна з рашэннямі “нармандскай чацвёркі”. Улады ДНР і ЛНР заявілі аб пераносе мясцовых выбараў на 2016 год, патрабуючы ад Кіева выканання Мінскіх дамоўленасцей: прадастаўлення Данбасу асобага статусу і амністыі апалчэнцаў. Прэзідэнт Пётр Парашэнка лічыць гэта шляхам для вяртання Украіны ў Данбас. Ці доўгі будзе мір на паўднёвым усходзе? 

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе далей? 

Два дні засталося да 11 кастрычніка — асноўнага дня галасавання на выбарах Прэзідэнта нашай краіны. Галасуем разам за Беларусь!

Сустрэнемся...

sav@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter