Колас пад сярпом вайны

Куды прапаў сын Канстанціна Міцкевіча і хто ўратаваў Купалавы падарункіУ руках Таццяны Макаранкі, старшага навуковага супрацоўніка Дома-музея Якуба Коласа, кніга, якая існуе ў адзінкавым экземпляры. Гэта “Новая зямля” 1941 года выдання. Пясняр паспеў забраць сігнальны экземпляр, а гранкі, з якіх павінен быў друкавацца наклад, трапілі ў рукі акупантаў. Немцы рассыпалі набор паэмы. У гэты ж час народны паэт уцякаў ад полымя вайны на ўсход, у эвакуацыю... Яго трывожыла толькі адно: дзе сын Юрка?

Канстанцін Міцкевіч не ведаў, што Юрку яму ўжо ніколі не ўбачыць. Як не вярнуцца ў родную хату. Яна згарэла, як і многія іншыя дамы Мінска, у полымі, што распалілі снарады, шчодра высыпаныя з нямецкіх самалётаў на беларускую сталіцу.
Толькі сейф з Коласавай сядзібы ўратаваў яго сусед і сябар Адам Брыш (Брыж), які перацягнуў скарб з папялішча ў свой двор. Дарэчы, Адамаў сын пасля вайны праславіўся — стаў адным з распрацоўшчыкаў савецкай ядзернай зброі. І дагэтуль ён, дарэчы, равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі, жыве ў Маскве.
У Брышовым двары сейф праляжаў да вызвалення Мінска. Але калі Колас адкрыў яго сваім ключом, то знайшоў толькі сатлелыя шматкі паперы, якія ў руках адразу ж рыссыпаліся — так загінулі каштоўныя рукапісы. А захаваліся толькі дзве чарачкі. Іх падарылі Канстанціну Міхайлавічу і ягонай жонцы Марыі Дзмітрыеўне ў гонар 25-годдзя шлюбу. Прэзент у 1938 годзе зрабіў Янка Купала са сваёй Уладзіславай Францаўнай. Дарэчы, самі па сабе гэтыя рэчы вельмі каштоўныя: з выгляду заходнееўрапейская работа, набыты ж рарытэты ў антыкварнай краме.
Чаму Колас эвакуіраваўся ў Ташкент? Не, не дзеля сонца. Там знаходзілася наша Акадэмія навук, а пясняр з 1929 года быў яе віцэ-прэзідэнтам. Хаця некаторыя яго лісты, напрыклад 1942 года, напісаны на бланках з надрукаваным уверсе тытулам “Прэзыдэнт”, без “паніжальнай” прыстаўкі і яшчэ паводле правапісу 20-х гадоў.
Дэталі прыватнага жыцця публічнай асобы... Пра іх расказваюць дакументы з фондаў дома-музея, якія цяпер экспануюцца там жа — у доме пісьменніка, што схаваўся за высокімі мурамі галоўнага корпуса Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Зінаіда Камароўская, дырэктар дома музея, кажа, што тут штомесяц ладзяцца новыя выставы выключна з арыгі-нальных рэчаў, якія належалі Коласу і яго сям’і.
Вось і цяпер у вітрынах былога кабінета Данілы Канстанцінавіча, сына паэта, стаяць тыя чарачкі, ляжаць той самы том “Новай зямлі” і многа-многа пісем... Лісты з болем і клопатам. Доўга звяртаўся ў розныя інстанцыі наш класік, каб адшукаць свайго Юрку. А Юрка ў 1940 годзе быў прызваны ў Чырвоную Армію пад Беласток, напярэдадні вайны прыехаў у Мінск на спаборніцтвы па стральбе, але размінуўся з бацькам...
Прыгожы юнак глядзіць на нас з даваеннай фатаграфіі. Што з ім сталася пасля? На жаль, ніякіх сведчанняў пра яго лёс пасля 1941 года не знайшлі ні сям’я, ні архівісты...

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter