Кола клопату камiсiй

На Гомельшчыне завяршыўся надзвычай важны этап кампанii па выбарах

На Гомельшчыне завяршыўся чарговы i надзвычай важны этап кампанii па выбарах прэзiдэнта краiны – фармiраванне складу выбарчых камiсiй

Аб гэтым “Р” паведамiў намеснiк старшынi абласной выбарчай камiсii Аляксандр Усаў. Паводле яго iнфармацыi, адказную мiсiю па рэгiстрацыi волевыяўлення выбаршчыкаў у рэгiёне будуць выконваць 10 759 гараджан i вяскоўцаў (69 працэнтаў ад колькасцi вылучаных), што ўвайшлi ў склад 1114 участковых камiсiй. Пераважная большасць сярод iх (амаль 70 працэнтаў) – жанчыны.

Склад пярвiчных “выбарчых штабоў”, па сцвярджэннi суразмоўцы, у кожным населеным пункце вызначаўся зыходзячы з прынцыпу разумнай дастатковасцi i цалкам залежаў ад колькасцi выбаршчыкаў у акрузе: у сярэднiм у камiсiю ўваходзяць ад 7 да 13 членаў. Важная дэталь: няма падстаў папракнуць органы мясцовай улады ў павышаным уплыве на работу камiсiй з боку работнiкаў дзяржапарату: пры заканадаўчай норме не менш трэцi — рэальная прысутнасць прадстаўнiкоў дзяржструктур у камiсiях вобласцi складае крыху больш за 5 працэнтаў ад агульнай колькасцi iх членаў. У той жа час тут 40 працэнтаў вылучэнцаў грамадскiх фармiраванняў (Федэрацыi прафсаюзаў Беларусi, Беларускага саюза жанчын, БРСМ, ветэранскiх арганiзацый i iншых), 38,4 працэнта прадстаўнiкоў у камiсii грамадзяне вылучылi шляхам збору подпiсаў, 21 працэнт у складзе камiсiй прадстаўнiкi працоўных калектываў рэгiёна. Арганiзатарамi працы выбарчых участкаў i галасавання выбаршчыкаў стануць i 98 прадстаўнiкоў палiтычных партый, зарэгiстраваныя структуры якiх ёсць на Гомельшчыне. У цэлым жа, па словах Аляксандра Усава, намеснiка кiраўнiка абласной камiсii па выбарах кiраўнiка дзяржавы, фармiраванне ўчастковых выбарчых камiсiй у вобласцi прайшло ў дзелавой i спакойнай атмасферы. У блiжэйшыя днi створаныя камiсii правядуць свае арганiзацыйныя пасяджэннi, каб затым прыступiць да зверкi спiсаў выбаршчыкаў на замацаваных тэрыторыях.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter