Кола дабра

Кожны чалавек любіць падарункі і чакае ў сваім жыцці як мага больш цікавых падзей
Кожны чалавек любіць падарункі і чакае ў сваім жыцці як мага больш цікавых падзей. І яны незвычайным і цудоўным чынам адбываюцца падчас самых жаданых святаў — Калядаў і Новага года. Вяртаюцца да нас праменьчыкамі чалавечай духоўнасці, цяпла і  міласэрнасці, запамінаюцца нашымі шчырымі дарамі блізкім і незнаёмым людзям.

У маленстве ролю казачных Дзеда Мароза і Снягурачкі выконваюць дарослыя. Затым знакамітымі навагоднімі чараўнікамі становімся мы самі: каб несці адно аднаму душэўнае святло і радасць. І гэта каляднае кола дабра ніколі не спыніцца...

Для стварэння навагодняга настрою многа не трэба. Звычайная ўвага да тых, хто знаходзіцца поруч, каму вельмі патрэбная наша  дапамога. Найперш, у гэтыя вясёлыя святочныя дні трэба засяродзіць сваю ўвагу на дабрачыннасці — бескарыслівых справах і ўчынках.  Падрыхтаваць самыя розныя падарункі, наведаць храм і запрасіць за шчодры калядны стол родных і сяброў.

У беларускім грамадстве напярэдадні Калядаў і Новага года традыцыйна праводзіцца дабрачынная акцыя “Нашы дзеці”. Па выніках аналагічных мінулагодніх мерапрыемстваў, дзіцячыя ўстановы краіны атрымалі грашовыя сродкі і неабходнае абсталяванне ў памеры амаль шасці мільярдаў рублёў.

Сёлета кіраўнікі рэспубліканскіх і мясцовых органаў улады, парламентарыі, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый і бізнесу наведаюць 130 сацыяльна значных аб’ектаў краіны, дзе выхоўваецца каля

12 тысяч дзяцей. Хлопчыкаў і дзяўчынак з дзіцячых дамоў і інтэрнатаў, бальніц, сацыяльных прытулкаў, апякунскіх і прыёмных сем’яў чакаюць падарункі, навагоднія канцэрты і прадстаўленні.

Цэнтральная падзея нацыянальнай акцыі — незабыўнае свята ў мінскім Палацы Рэспублікі. Узельнікамі галоўнай ёлкі краіны разам з Прэзідэнтам стануць больш за дзве тысячы дзяцей з усіх рэгіёнаў. На дабрачынны калядны карнавал запрошаны дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без бацькоўскага нагляду, дзеці з сем’яў бежанцаў, навучэнцы-пераможцы міжнародных, рэспубліканскіх і рэгіянальных алімпіяд, творчых конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў, вучні, якія вызначыліся ў грамадскай працы.

З Калядамі і Новым годам вас, сябры!

Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter