Кодэкс аб культуры пачне працаваць у краіне праз тры гады.

Пра гэта паведаміў на выніковай калегіі Міністэрства культуры міністр Павел Латушка.

Пра гэта паведаміў на выніковай калегіі Міністэрства культуры міністр Павел Латушка. Канцэпцыя Кодэкса ўжо вынесена на грамадскае абмеркаванне. Мяркуецца, гэты дакумент дазволіць скараціць колькасць існуючых нарматыўных норм і ўкараніць інавацыйныя механізмы арганізацыі дзейнасці ў сферу культуры. А гэта, у сваю чаргу, дапаможа пазбавіцца ад тых недахопаў, якія існуюць у галіне сёння і пра якія так шмат гаварылі на калегіі.

Як аказалася, нягледзячы на досыць аптымістычныя вынікі працы арганізацый культуры ў мінулым го-дзе (адкрыццё новых аб’ектаў, заснаванне музычнай і тэатральнай прэмій, удзел  у міжнародных праектах, прыняцце новых нарматыўных актаў і многае іншае), засталося яшчэ вельмі шмат нявырашаных праблем.
Вось, напрыклад, заснавалі летась Нацыянальную тэатральную прэмію. Добрую справу зрабілі. Гэтай падзеі чакалі не адзін год. Але што мы ўбачылі? З 12 спектакляў-намінантаў толькі два спектаклі былі пастаўлены па творах беларускіх аўтараў, што сведчыць аб неадпаведнай рабоце нашых тэатраў з беларускім матэрыялам. Шмат надзей у гэтым кірунку ўскладваецца на Цэнтр беларускай драматургіі. Але яго дзейнасць, як і работа тэатраў з беларускім рэпертуарам, патрабуе значнага ўдасканалення.
 Па-ранейшаму актуальнай для тэатральнага мастацтва з’яўляецца падрыхтоўка рэжысёрскіх кадраў. Няма галоўных рэжысёраў у Нацыянальным тэатры імя Якуба Коласа, Мінскім абласным драматычным тэатры. Сёння з’явілася магчымасць ажыццяўляць стажыроўкі спецыялістаў за кошт бюджэтных сродкаў. Летась у вядучых установах адукацыі і тэатрах Расіі і Германіі пабывалі 16 чалавек — прадстаўнікі таленавітай моладзі. Аднак тэатры краіны пасіўна адносяцца да магчымасці скарыстаць вопыт лепшых труп розных краін. І не толькі яны. Напрыклад, ні адной заяўкі на атрыманне гранту на арганізацыю замежнай стажыроўкі на працягу года не паступіла ад устаноў культуры рэгіянальнага падпарадкавання, у той час калі менавіта ў рэгіёнах так не хапае кваліфікаваных кадраў.
— Абвастрылася таксама праблема адтоку кадраў: артыстаў балета, артыстаў-салістаў-інструменталістаў, — паведаміў на калегіі Павел Латушка. — Так, за 2011 год у Вялікім тэатры звольнілася 15 артыстаў балета, з Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі — 14 артыстаў, з Дзяржаўнага ансамбля “Харошкі” — 6 чалавек. Кіраўніцтву нашых падведамных арганізацый неабходна прыняць тэрміновыя меры для змянення гэтай негатыўнай тэндэнцыі.
Разам з тым існуе праблема тэхнічнага аснашчэння культурных устаноў, што перашкаджае рэалізацыі многіх праектаў. Вядома, што ў краіне распрацоўваецца Нацыянальная электронная бібліятэка. Аднак якім чынам будуць фарміравацца і выкарыстоўвацца яе інфармацыйныя рэсурсы, калі ў краіне камп’ютарызаваны ўсяго толькі 48 працэнтаў бібліятэчных устаноў, а падключаны да сеткі інтэрнэт наогул толькі 31 працэнт?
Важным застаецца пытанне ўдасканалення сістэмы аховы гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Каб неяк актывізаваць мясцовыя ўлады і людзей, адказных за захаванне помнікаў культуры ў рэгіёнах, у 2012 годзе міністэрства плануе правесці конкурс на лепшы прыклад аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Ёсць і яшчэ некалькі прыемных навін, якія чакаюць сферу культуры ў бліжэйшай будучыні. Напрыклад, у Мінску пачалося стварэнне Музейнага квартала. Ёсць думкі заснаваць фестываль фальклору, які б “вандраваў” па абласных цэнтрах, а завяршыўся ў сталіцы. У Гомелі сёлета правядуць Беларускі фестываль аматарскага цыркавога мастацтва, а ў Мінску — першую ўсебеларускую выстаўку сучаснага мастацтва. Культурны патэнцыял нашага народа невычэрпны, толькі варта хацець і ўмець яго выкарыстоўваць. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter