Кніга як брэнд

Кніга з’яўляецца сапраўдным брэндам і тварам нашай краіны.

?Чуў, што Мінск можа стаць кніжнай сталіцай свету. Няўжо ў нас так шмат чытаюць ці выдаюць кніг, што мы можам атрымаць такое высокае званне?
Уладзімір Іванавіч, Полацк

Сапраўды, такое можа стацца. Але чакаць гэтага шчасця прыйдзецца яшчэ тры гады. Падстаў для надання беларускаму гораду такога статусу нямала. У краіне адводзіцца важная роля і кнізе, і чытанню. Успомніць хоць мінулы год, аб’яўлены Годам кнігі, традыцыю правядзення Дзён беларускага пісьменства і Калядных дабрачынных баляў кнігі, рост увагі да Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. А тут яшчэ на носе святкаванне 950-годдзя адной з найстаражытнейшых усходнеславянскіх бібліятэк — бібліятэкі Сафійскага сабора ў 2016 годзе і адзначэнне 500-годдзя нацыянальнага кнігадрукавання ў 2017-м, якраз тады, калі Мінск і плануе стаць кніжнай сталіцай свету.

— Кніга з’яўляецца сапраўдным брэндам і тварам нашай краіны. Пра ролю кнігі ў Беларусі не раз гаварыў кіраўнік нашай дзяржавы, — распавяла галоўны рэдактар газеты “ЛіМ” Таццяна Сівец. — Таму прызнанне Мінска кніжнай сталіцай свету вельмі вялікая падзея. І каб так сталася, мы зараз усе павінны аб’яднаць свае намаганні.

Ідэя прыняць удзел у “розыгрышы” статусу кніжнай сталіцы свету ў Міністэрства культуры Беларусі ўзнікла ў маі мінулага года. Ініцыятыву падтрымалі шэраг міністэрстваў і Савет Міністраў. Пры Мінкульце была створана рабочая група па падрыхтоўцы заяўкі-праекта, якая павінна быць накіравана ў штаб ЮНЕСКА да красавіка 2015 года. Асноўныя крытэрыі адбору — удзел у праекце рэгіёнаў, а таксама актыўнасць не толькі дзяржавы, але і грамадскіх арганізацый і проста зацікаўленых людзей. Прапановы аб правядзенні мерапрыемстваў, якія паспрыяюць наданню Мінску статусу кніжнай сталіцы, могуць накіроўваць у Мінкульт альбо Міністэрства інфармацыі ўсе жадаючыя. Прычым чым больш арыгінальнымі яны будуць, тым лепш — наш праект павінен прынцыпова адрознівацца ад заявак іншых краін. Да прыкладу, ужо сёння ёсць прапановы разам з кніжнай сталіцай у Мінску адкрыць яе філіялы ў такіх культурных цэнтрах, як, скажам, Полацк ці Тураў. А таксама падключыць да ўдзелу ў кніжных мерапрыемствах беларускую дыяспару за мяжой.

— Час ідзе хутка. А праект вельмі аб’ёмны, складаны, — падзяліўся намеснік старшыні Беларускага фонду культуры Тадэвуш Стружэцкі. — Рэалізаваць яго будзе няпроста. Па-першае, таму, што прэтэндэнтаў на гэты статус вельмі многа. А па-другое, адбіраюцца гэтыя праекты вельмі скрупулёзна, вельмі дакладна некалькімі міжнароднымі арганізацыямі на чале з ЮНЕСКА. Таму гэты праект можа быць арганізаваны толькі пры цесным супрацоўніцтве дзяржаўных органаў, грамадскіх устаноў і шырокага кола грамадскасці.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter