Хто сказаў, што беларусы не чытаюць кніг? Гэта няпраўда

Кніга нам жыць дапамагае

Хто сказаў, што беларусы не чытаюць кніг? Гэта няпраўда. Знайдзіце час і завітайце ў гэтыя дні ў выставачны павільён на сталічным праспекце Пераможцаў, 14 і на свае вочы пабачце, колькі тут сабралася аматараў кнігі. XXII Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш нездарма змяніла прапіску і пераехала ў большы па плошчы будынак: ужо які год адзначаецца ўздым цікавасці да яе не толькі ўдзельнікаў, але і гасцей. Першы дзень выставы змясціў у сабе шмат падзей і сустрэч.


Падчас адкрыцця выставы. Фота БелТА

Адкрываючы выставу, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Бузоўскі выказаў спадзяванне, што слова літаратараў і надалей будзе служыць умацаванню прынцыпаў маральнасці, пачуцця адказнасці чалавека за лёс сваёй краіны. Міністр інфармацыі Лілія Ананіч у сваю чаргу падкрэсліла, што мы можам ганарыцца Бела­руссю, яе духоўна-маральным багаццем і чысцінёй, у тым ліку і дзякуючы таму, што ў нас чытаючая, адукаваная нацыя.

Сярод першых наведвальнікаў было шмат вядомых людзей. Яны зацікаўлена разглядалі стэнды розных кнігавыдаўцоў, а мы, карыстаючыся зручным момантам, пацікавіліся іх літаратурнымі перавагамі. Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына, напрыклад, прыйшла на выставу па мемуары. Звычайна яна карыстаецца паслугамі Прэзідэнцкай бібліятэкі, але за навінкамі заўсёды накіроўваеццы на кірмашы. Тэлевядучая Святлана Бароўская таксама любіць чытаць біяграфіі вядомых людзей, але ў апошні час захапілася жыццём святых: праз такія кнігі яна вучыцца цярпенню і мудрасці. Актрыса Вера Палякова наогул лічыць, што сапраўдным домам можа называцца толькі тое жыллё, дзе пахне ежай і ёсць кнігі. У яе кватэры іх вельмі шмат, нават паліц не хапае. Для сваіх дзяцей яна абавязкова прыдбае тут казкі сусветна вядомых аўтараў і літаратуру па хіміі і біялогіі (старэйшы сын збіраецца паступаць у медыцынскі ўніверсітэт).


Лілія Ананіч запэўніла, што ўсе госці знойдуць тут сабе літаратуру па гусце, прычым не толькі на рускай і беларускай мовах. Сёлета ў гасцях кнігавыдаўцы з 28 краін. У кожнага з іх свая адметная экспазіцыя.

Адна з самых цікавых — кітайская. Гэтая краіна — ганаровы госць, яе ў Беларусі вітаюць як найлепшага сябра. Сваю плошчу госці ператварылі ў сапраўдную бібліятэку з тэматычнымі пакоямі. Усяго тут прадстаўлена пяць тысяч кніг, ёсць выданні і беларускіх аўтараў. Але гэта толькі пачатак супрацоўніцтва кнігавыдаўцоў сяброўскіх дзяржаў. Учора быў падпісаны мемарандум аб праекце перакладу класічнай літаратуры Беларусі і Кітая на мовы дзвюх краін. Дакумент будзе сапраўдным на працягу пяці гадоў, а гэта значыць, што ў будучыні нацыянальныя бібліятэкі папоўняцца незвычайнымі выданнямі.


Дарэчы, кітайская дэлегацыя адна з самых масавых сярод удзельнікаў сімпозіума «Пісьменнік і час». Гэтае мерапрыемства праходзіць упершыню, яно сабрала літаратараў з 16 краін. Яны вядуць зацікаўлены дыялог аб ролі пісьменніка ў гра­мадстве, трапнасці яго слова і ўздзеян­ні на моладзь. 

Яшчэ адна падзея кніжнай выставы са словам «упершыню» — конкурс патрыятычнага плаката. Нічога падобнага ў апошнія гады ў нашай краіне не было, удзел у мерапрыемстве ўзялі больш за 350 мастакоў з розных краін. Лепшыя работы хутка з’явяцца на білбордах краіны, будуць ілюстраваць розныя выданні.


Нельга не ўзгадаць і нацыянальны стэнд. Вядома ж, на выставе толькі частка з адзінаццаці ты­сяч найменняў кніг, якія былі выдадзены ў Беларусі ў мінулым годзе. Як гавораць дзяржаўныя выдаўцы, яны ніколі не гоняцца за колькасцю, нашмат важней якасць. Дык вось, на Пераможцаў, 14 толькі лепшае. Ідзіце і выбірайце тое, што вам даспадобы.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter