Кніга Кніг на роднай мове

Калі нават два чалавекі будуць патрабаваць, каб у храме служылі па-беларуску, святары павінны пайсці ім насустрач — такая пазіцыя ў Беларускай праваслаўнай царквы Каб быць пачутым вернікамі, Слова Божае павінна быць данесена да іх на зразумелай кожнаму мове. Радкі аб гэтым ёсць у Бібліі, якая перакладзена амаль на ўсе мовы свету. І паколькі любая мова — гэта жывы арганізм, які ўвесь час развіваецца, новыя пераклады галоўнай Кнігі ў гісторыі чалавецтва робяцца зноў і зноў. У нашай краіне задачу перакласці Свяшчэннае Пісанне на сучасную беларускую мову праваслаўная царква ўсклала на Біблійную камісію, у састаў якой уваходзяць святары і лінгвісты, перакладчыкі і багасловы. Аб складанасцях і асаблівасцях перакладу рэлігійных тэкстаў на сучасную мову нам расказаў у Велікодны тыдзень сакратар Біблійнай камісіі Беларускай праваслаўнай царквы, доктар філалагічных навук, загадчык кафедры славянскіх літаратур філалагічнага факультэта БДУ Іван ЧАРОТА.

— Іван Аляксеевіч, вы-нікам работы камісіі за амаль 14 гадоў стаў пераклад чатырох Евангелляў. Ці не вельмі марудныя гэта тэмпы? Улічваючы аб’ём Свяшчэннага Пісання, поўнага яго перакладу можна чакаць у лепшым выпадку яшчэ гадоў праз дзесяць...
— Біблійная камісія Беларускай праваслаўнай царквы працуе нават больш за 14 гадоў. Яна была створана ў 1989 годзе, і тады ў яе склад уваходзіла больш за 30 чалавек — прадстаўнікі філалагічных, творчых, літаратурных, перакладчыцкіх спецыяльнасцяў, багасловы і свяшчэннаслужыцелі. Але, на жаль, гэтая камісія, па сутнасці, ператварылася ў дыскусійны клуб, бо на той час яшчэ не было выпрацавана агульных прынцыпаў перакладу сакральнага тэксту Кнігі Кніг, і ўдзельнікі камісіі не маглі прыйсці да згоды па многіх спрэчных пытаннях. Невыпадкова пазней два яе ўдзельнікі — Васіль Сёмуха і Анатоль Клышка — зрабілі ўласныя пераклады  (Анатоль Клышка пераклаў на беларускую мову “Новы Запавет”, а Васіль Сёмуха зрабіў поўны пераклад Бібліі). Камісія праіснавала год, і вынікам яе працы стаў пераклад Евангелля ад Матфея. Адноўлена яна была ў 1993 годзе, і сёння ў ёй працуе шэсць чалавек. Дарэчы, ад самага пачатку старшынёй Біблійнай камісіі быў Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх усея Беларусі Філарэт. Сапраўды, больш як за 13 гадоў працы на беларускай мове выдадзены Евангеллі ад Марка, Лукі, Іаана і дапрацаваны варыянт Евангелля ад Матфея, перакладзенага папярэднім складам камісіі. Сёння камісія працуе над перакладам “Дзеянняў апосталаў”, на чарзе — “Пасланні апосталаў” і “Апакаліпсіс”. Таксама мы займаемся перакладам на беларускую мову богаслужбовых тэкстаў — перакладзены Літургічныя тэксты, выдадзены “Беларускі малітваслоў”.
Людзі недасведчаныя, здараецца, папракаюць нас у маруднасці работы. Але пагоня за высокімі тэмпамі працы ў нашай справе недапушчальная, бо ў першую чаргу мы павінны дамагчыся якасці. Працуючы над перакладам Свяшчэннага Пі-сання, камісія скарыстоўвае ўжо створаныя пераклады на многія мовы — англійскую, французскую, украінскую, сербскую, балгарскую, усе беларускія пераклады, каб абагульніць напрацаваны ў гэтай галіне вопыт. А перакладаем мы непасрэдна са старагрэчаскай мовы арыгінала, чаго, дарэчы, не рабіў да гэтага ні адзін беларускі перакладчык. Звычайна нашы папярэднікі перакладалі з сінадальнага рускага ці з царкоўнаславянскага.
— Якія мэты ставіць перад сабой Біблійная камісія, перакладаючы Свяшчэннае Пісанне на сучасную мову, і на якую аўдыторыю разлічаны вынікі яе працы?
— Пераклад Бібліі на сучасную беларускую мову патрэбны грамадству па некалькіх прычынах. Перш за ўсё мова не можа лічыцца паўнавартаснай, калі яна не мае паўнавартаснага перакладу Свяшчэннага Пісання. Так што наша праца неабходна хаця б дзеля таго, каб сцвер-дзіць сам статус мовы, замацаваць яго. Сакральная мова — той своеасаблівы моўны пласт, без якога ні адна мова не можа развівацца. Калі яна не здольна перадаць глыбінныя сакральныя сэнсы, значыць, яна не дасягнула высокага ўзроўню развіцця. Такім чынам, дзякуючы гэтаму перакладу павышаецца ўзровень мовы. Да таго ж Біблія — не толькі богаслужбовы тэкст, гэта яшчэ і кніга для чытання. І калі сёння людзі разумеюць сучасную беларускую мову, а не царкоўнаславянскую, трэба, каб яны мелі тэкст Бібліі на сучаснай мове. Такім чынам, наш пераклад выконвае і чыста асветную, а таксама агульнакультурную функцыю. Пераклады камісіі задзейнічаны ў міжканфесійных адносінах. Нашы выданні падтрымлівае Беларускае Біблійнае таварыства, а гэта арганізацыя, дзе пераважаюць пратэстанты. Звяртаецца да нашых перакладаў і каталіцкая царква. Так што праца Біблійнай камісіі скіравана яшчэ і на місійную функцыю.
— Але сёння ўжо існуюць 13 перакладаў на сучасную беларускую мову Новага Запавета і тры — Старога. Нашто яшчэ адзін?
— Так, перакладаў хапае, але ўсе яны не могуць выкарыстоўвацца ў богаслужбовым ужытку. Не было выпрацавана адзінай тэрміналогіі, напрыклад, папярэднія пераклады маюць 7—8 варыянтаў імёнаў Госпада: Гасподзь, Госпад, Госпадзь, Пан, Спадар, Усеспадар, Уладар і гэтак далей. Рабіліся яны прадстаўнікамі розных канфесій — гэта і католікі, і пратэстанты, і большая частка іх выконвалася ў замежжы, а гэта значыць, што ад жывой моўнай традыцыі перакладчыкі былі адарваныя. Некаторыя перакладчыкі імкнуліся, так бы мовіць, фалькларызаваць Свяшчэнныя тэксты, зрабіць іх лубачны варыянт, звесці да побытавага ўзроўню. Гэта вядзе да страты тых сакральных сэнсаў, якія нясе Свяшчэннае Пісанне. Мы лічым, што ў многіх выпадках ёсць неабходнасць захаваць царкоўнаславянскія варыянты ўласнабагаслоўскіх тэрмінаў і выразаў, што даўно ўжо сталі фраземамі. Яне не чужыя для самой мовы  і не адмаўляюцца свядомасцю вернікаў. Замены ж вядуць да страты і збяднення сэнсу. Напрыклад, у адным з перакладаў замест “свята Кушчы” (пастаўленне шатроў) ужыты варыянт “Кучкі”. Сапраўды, у народзе так гавораць: “яўрэйскія кучкі”, але ў афіцыйным перакладзе гэта недапушчальна.
— А ці праводзяцца ў беларускіх праваслаўных храмах службы па-беларуску?
— У грамадстве, на жаль, існуе стэрэатып, што богаслужэнняў у нас на беларускай мове няма. Гэта няпраўда. У Петрапаўлаўскім саборы, напрыклад, штотыднёва праводзяцца літургіі на беларускай мове. На ўсе святы Евангелле там чытаецца па-беларуску. Іншая справа, што гэта не так запатрабавана ў іншых рэгіёнах Беларусі, як на Міншчыне, бо там існуюць істотныя асаблівасці мовы — дыялекты, і калі раптам будзе афіцыйная устаноўка служыць толькі па-беларуску, людзі перастануць хадзіць у царкву. Таму што літаратурную мову яны будуць успрымаць як не вельмі зразумелую. Яны прывыклі да таго, што служба ідзе на царкоўнаславянскай мове...
Даводзілася чуць, што Беларуская праваслаўная царква, як “філіял” Расійскай, не прымае беларускай мовы. Гэтыя сцвярджэнні неправамерныя ўжо таму, што Біблійную камісію ўзначаліў Мітрапаліт. Здараецца, беларускіх праваслаўных святароў абвінавачваюць, што яны русі-фікатары. Хачу падкрэсліць, што ні ў адной царкве на тэрыторыі Беларусі па-руску богаслужэнні не вядуцца, як часам гэта гавораць і пішуць. Мова богаслужэнняў — царкоўнаславянская. І нават у самой Расіі ёсць толькі тры прыходы, дзе ў якасці эксперымента богаслужэнне вядзецца па-руску. І эксперымент гэты поспеху не мае.
— Чаму? На сучаснай мове рэлігійныя тэксты робяцца больш зразумелымі, чым на царкоўнаславянскай...
— Гэта стэрэатып, што па-руску ці па-беларуску будзе больш зразумела, чым на царкоўнаславянскай мове. Адзін з аўтарытэтных перакладчыкаў не так даўно, выступаючы ў прэсе, прыгадаў, што яго цётка казала “хлеб насушаны” замест “хлеб насущный”. А гэта, маўляў, вельмі проста — “хлеб надзённы”. Але тут грубейшая памылка — у малітве гэта не надзённы, не фізічны хлеб, вось у чым справа! Тут і адбываюцца тыя недапушчальныя страты сакральнага сэнсу, бо размова ідзе аб тым, што Іісус сам з’яўляецца хлебам жыцця, “насущный” тут значыць “надсущный”. Калі гэтыя дэталі не ўлічваць, можна спрасціць тэкст дарэшты, але пры гэтым спрашчэнні згубіцца ўсё тое, што павінна існаваць у Пісанні. Царкоўнаславянскую мову немагчыма выцесніць з царкоўнага ўжытку: у яе вельмі выразная і замацаваная тысячагоддзямі функцыя. На ролю заменніцы для царкоўнаславянскай мовы ў праваслаўных славянскіх краінах не можа прэтэндаваць ніводная сучасная мова. І людзям уцаркоўленым, якія ішлі па жыцці з праваслаўнай верай з пакалення ў пакаленне, ніякія змены не патрэбны. Іншая справа, што ўзнікаюць праблемы разумення гэтай старажытнай мовы нашымі сучаснікамі, носьбітамі сучаснай беларускай і рускай моў. Спецыялісты падлічылі, што для таго, каб цалкам зразумець усё богаслужэнне, дастаткова цвёрда засвоіць 63 найменш зразумелыя словы. Але гады атэізацыі адарвалі нашых суайчыннікаў ад гэтай моўнай сферы. Богаслужбовай тэрміналогіі і тых паняццяў, якія яны нясуць, не разумее не толькі цяперашні прадстаўнік маладога пакалення, але і ўжо 3—4 пакаленні — і для яго бацькоў, і для дзядоў паняцці гэтай сферы чужыя, незразумелыя. Але паступова ідзе вяртанне да царквы, а гэта значыць — і вяртанне ў моўную сферу, у тыя паняцці, якія нясе царква на працягу двух тысячагоддзяў. І, спадзяюся, наша праца дапаможа паскорыць гэты працэс.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter